Пінкавіцкая сярэдняя школа Пінскага раёна вядома найперш тым, што ў ёй з верасня 1904 да студзеня 1906 года настаўнічаў будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас, чыё імя ўстанова носіць ужо 70 гадоў.
У 1962 годзе тут з’явіўся музей, унікальнасць якога ў тым, што ён знаходзіцца на падмурку былога народнага вучылішча, аднаго з найстарэйшых у краіне.
Найвялікшая музейная каштоўнасць — успаміны вучняў Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. Экспазіцыі прыцягваюць увагу гасцей і іншымі цікавымі экспанатамі. Сярод іх — буквар (1907), кніга Тараса Гушчы (Якуба Коласа) “У глыбі Палесся” (1931), “Руководство к воспитанию и обучению детей” (1875), “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1910), кніга царкоўных рэгістрацый 1799—1810 гадоў, пасведчанне аб заканчэнні Пінкавіцкага народнага вучылішча 1915 года, кнігі з дарчымі надпісамі сына Якуба Коласа Міхася і ўнучак паэта — Веры Данілаўны і Марыі Міхайлаўны Міцкевіч, фотаздымкі з уласнага альбома класіка і інш.
Далёка не кожны профільны музей можа пахваліцца такой колькасцю мерапрыемстваў і тым, з якім размахам яны праходзяць. Так, вялікай папулярнасцю карыстаюцца раённыя мерапрыемствы, арганізаваныя на базе народнага літаратурна-краязнаўчага музея: каласавіны “Жывуць успаміны над берагам Піны”, акцыя “Паляванне за экспанатамі” і хіт-парад “Суперэкспанат”, “Бенефіс беларускай мовы” (да Дня роднай мовы), “Музейныя лайфхакі” (да Міжнароднага дня музеяў), “Зімовыя вячоркі” ў “Сялянскай хатцы” музея…
Актыўна ўкараняюцца інтэрактыўныя формы работы з наведвальнікамі: “Рандэву ў дзядзькі Якуба”, “Пішам пяром”, квест-гульня і інш.
Двор музея ўпрыгожвае бярозка, пасаджаная 50 гадоў назад братам Якуба Коласа Іосіфам Міхайлавічам Міцкевічам, знакамітым Юзікам-шаляніцам, які вучыўся ў Пінкавічах, калі Канстанцін Міхайлавіч тут настаўнічаў. У двары ёсць калодзеж Якуба Коласа, альтанка і памятны знак у гонар амерыканскай падарожніцы Луізы Арнер Бойд.
Калодзеж — унікальны гістарычны і прыродны аб’ект, вядомы з 1863 года, калі ў Пінкавічах адкрылася народнае вучылішча. Паводле мясцовых паданняў, калодзеж стварылі на месцы крыніцы, дзякуючы чаму вада ў ім ніколі не знікае і мае прыемны смак.
Не абыходзяць увагай госці і памятны знак у гонар экспедыцыі амерыканкі Луізы Арнер Бойд на Палессе, у тым ліку і ў Пінкавічы. Гэтая жанчына ў 1930-я гады пазнаёміла ЗША з унікальным беларускім краем. Навуковая спадчына даследчыцы дазваляе скрозь таўшчыню падзей і часоў зірнуць на мінулую эпоху непрадузятым, напоўненым глыбокай сімпатыяй да палешукоў поглядам іншаземкі. Альбом яе фотаздымкаў — адзін з самых запатрабаваных музейных экспанатаў, які паказвае Палессе 1930-х гадоў.
Экскурсіі праводзяцца не толькі на беларускай мове, але і на мясцовым дыялекце. На святы і экскурсіі запрашаюцца мясцовыя старажылы.
Распрацаваны новы маршрут “Вам вандроўкі прапануе наш прывабны Пінскі край”, які ўключае наведванне царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы, новага крыжа на перасячэнні дарог і рэчкі Піны, дзе вудзіў рыбу народны паэт.
У пазамінулым годзе выйшла цікавая кніга пра гісторыю вёскі “Пінкавічы. Вішавічы. Мінулае і сучаснае”. Аўтар кнігі — стваральнік музея настаўнік беларускай мовы і літаратуры Іван Іосіфавіч Калоша, пад кіраўніцтвам якога вучні сабралі шмат матэрыялаў пра жыццё і творчасць Якуба Коласа, яго педагагічную і грамадскую дзейнасць на Палессі.
Музей адыгрывае важную ролю ў адукацыйным працэсе. З дапамогай экспанатаў пінкавіцкія педагогі змалку выхоўваюць у дзяцей павагу і цікавасць да роднай мовы, малой радзімы, мастацкай літаратуры.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.