Сцежкамі юравіцкіх мамантаў

Памятаеце фотаздымкі вашых сваякоў у адной вялікай раме, якая вісела ці вісіць дагэтуль у хаце вашай бабулі? А тое, з якой цікавасцю вы, яшчэ калі былі дзіцем (ды і ўсе, хто пераступаў парог той хаты), углядваліся ў твары на здымках, намагаючыся ўявіць, якой была гісторыя вашай сям’і? У пэўным сэнсе такой рамкай, якая дазваляе ўбачыць мінулае — толькі не асобнай сям’і, а ўсёй вёскі — сталі краязнаўчыя школьныя музеі. А ў Юравіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Калінкавіцкага раёна гістарычна-краязнаўчы музей адлюстраваў гісторыю не толькі вёскі, а, бадай, усёй Беларусі ад самай старажытнасці да нашых дзён.

У канцы мінулага года музей адзначыў сваё 60-годдзе, а сёлета будзе 40 гадоў, як ён атрымаў званне “народны”. Натхняльнікам і першым яго стваральнікам быў настаўнік гэтай школы Аляксандр Паўлавіч Гарчанка, які разам з вучнямі збіраў экспанаты і ўдзельнічаў у раскопках стаянак першабытнага чалавека. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў школы, студэнтаў і выкладчыкаў гістарычных факультэтаў беларускіх універсітэтаў вывучалася і працягвае вывучацца мінулае і сучаснасць гэтага краю.

Пагрузіцца ў гісторыю можна на 365 квадратных метрах. Тут размясцілася некалькі экспазіцый: археалагічная, этнаграфічная, ваенна-патрыятычная, прысвечаная прыродзе роднага краю з птушкамі, ляснымі жывёламі і нават магутным зубрам і інш.

У старажытнасць нас з ходу пагрузіў 7-класнік Мікіта Мішчук, сустрэўшы каля экспазіцыі з астанкамі юравіцкіх мамантаў: “Мала які музей нашай краіны можа пахваліцца такой вялікай экспазіцыяй астанкаў першабытнага слана — маманта. Упершыню яго косці былі знойдзены ў 1928 годзе юравіцкім гісторыкам, настаўнікам і дырэктарам нашай школы Юліянам Попелем. Разам са сваімі вучнямі ён знайшоў мноства костак, біўняў, прылад працы першабытнага чалавека. З таго часу архео­лагі пачалі раскопкі ў Юравічах і не пераставалі здзіўляцца таму, што 26 тысяч гадоў назад якраз на гэтым месцы знаходзілася стаянка крамань­ёнцаў. Да нашага часу гэта самая старажытная стаянка на тэрыторыі Беларусі”.

Сапраўды, перад намі нібы ажыў падручнік гісторыі з яго першымі раздзеламі пра палеаліт, мезаліт і неаліт, а таксама пра бронзавы і жалезны век. Стаянкі гэтых перыядаў былі знойдзены падчас раскопак у аграгарадку Юравічы, у раёне возера Літвін і азёр, размешчаных каля вёсак Шарэйкі і Града. Адтуль у гэты музей трапілі разцы, наканечнікі стрэл, скрабкі, нажы-пласцінкі, шыла з косткі, праколкі, рэстаўрыраваныя нож і серп, зерняцёрка, охра, рэшткі керамічнага посуду… Шмат тут розных упрыгажэнняў як для чалавека, так і для каня.

Алена Суханос падчас сваёй экскурсіі адзначыла: “Нашым продкам было няпроста: даводзілася шмат працаваць, змагацца, знаходзіць і не здавацца. Але ўсё ж знаходзілі час і даглядаць сябе, пра што гаворыць касцяны грэбень і скроневыя кольцы. Бачыце, больш за ўсё тут заручальных пярсцёнкаў. Мабыць, жаніліся ў нас часта, таму і колькасць насельніцтва імкліва расла: у XVI стагоддзі ў Юравічах было ўсяго 20 чалавек, а ў 1939 — ужо 2,5 тысячы”.

Анастасія Пятачэнка, навучэнка 7 класа і дачка мясцовага святара, пад перазвон расказала пра 400-гадовую гісторыю галоўных мясцовых святынь — Юравіцкую цудатворную ікону Божай Маці і езуіцкі калегіум, які ў 1865 годзе стаў праваслаўным манастыром, пра вялікія подзвігі, трагедыі і, канечне, пра вялікіх людзей.

Таццяна Чухалёнак правяла экскурсію “вакол печы” па экспазіцыі “Беларуская хатка”. Расказала і пра тое, як палілі ў печы, гаватавалі ў ёй, і падзялілася звязанымі з печчу народнымі павер’ямі. Так, згодна з імі, у падпечку жыў дамавік, а ў новую хату яго перавозілі ў ношаным лапці, у які насыпалі жменю зямлі з-пад старой печы.

Шмат цікавага мы знайшлі для сябе, на некалькі хвілін акунуўшыся ў савецкі перыяд. Былая загадчыца музея Г.М.Бусел пагрузіла нас у атмасферу юравіцкіх кірмашоў, якія так дакладна апісаў у сваім рамане Іван Мележ і на якія прыязджалі людзі з усёй Беларусі, Расіі, Украіны.

Зачыніўшы дзверы ў музей, адчуваеш гордасць за нашу краіну. Столькі ўнікальных рэчаў хаваецца за звычайнымі школьнымі дзвярыма! Які канцэнтрат гісторыі! Некаторыя краіны будуюць цэлыя музеі для аднаго толькі экспаната, а тут, у адным музеі, зберагаецца цэлы скарб з соцень такіх рарытэтаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
У дадатку выкарыстаны фотаздымкі Алега ІГНАТОВІЧА.