Сціпласць і працавітасць — галоўныя вартасці

- 16:44Нам пішуць

Падчас правядзення ўрачыстай лінейкі, прысвечанай Дню ведаў, у шасці школах Смаргоні і Смаргонскага раёна былі ўручаны грашовыя прэміі навучэнцам, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у творчай і спартыўна-масавай дзейнасці. У ліку ўзнагароджаных была і вучаніца 8 “Б” класа нашай школы Аляксандра Маляўская, прызёр і пераможца шматлікіх творчых конкурсаў у складзе ўзорнай вакальнай групы эстраднай песні “Радасць” Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Веранікі Францаўны Бурынскай.

Уладальніца цудоўнага яркага голасу, а па-за сцэнай вельмі спакойная і ціхая, Аляксандра расказала, што ў студыю “Радасць” да Веранікі Францаўны яна прыйшла ў чатыры з паловай гады. А ў шэсць пачалося яе гастрольнае жыццё. За 7 гадоў удзелу ў вакальных конкурсах у скарбонцы юнай спявачкі сабралася нямала ўзнагарод раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Адзін з апошніх конкурсаў, у якім Саша ўдзельнічала ў складзе сярэднеўзроставай групы студыі “Радасць”, — міжнародны конкурс “Вясёлка над Віцебскам”, які праходзіў з 15 па 17 ліпеня 2018 года. У гэтым конкурсе яны сталі лаўрэатамі II ступені.

Апроч пеўчага мастацтва, Саша сур’ёзна займаецца маляваннем. У мінулым навучальным годзе скончыла школу дадатковай мастацкай адукацыі, якая працуе на базе цэнтра творчасці. На гэтай ніве ў Сашы таксама не адна перамога.

Як у любога творчага чалавека, рэжым дня ў Аляксандры вельмі насычаны, кожная гадзіна распісана па хвілінах: пад’ём у 6.30, школа, заняткі па вакале, выкананне хатніх заданняў, часцей за ўсё да позняга вечара. Усё, што робіць дзяўчынка, заўсёды адрозніваецца высокай ступенню якасці.

Акрамя асноўных урокаў, Саша наведвае заняткі ў школе інтэлектуальнага развіцця, дзе рыхтуецца да алімпіяд па рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, англійскай мове. У гэтым кірунку ў яе таксама нядрэнныя вынікі: у мінулым навучальным годзе Саша заваявала дыплом I ступені ў раённай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, дыплом III ступені — па рускай мове і літаратуры.

У вольны ад школьных урокаў і заняткаў па вакале час (а такое часам усё ж такі здараецца!) Саша займаецца рукадзеллем. А яшчэ любіць прыроду, таму часам у выхадныя разам са сваёй вялікай сям’ёй выязджае ў лес. Тут Саша ідзе да свайго любімага месца — ляснога возера: седзячы на беразе, атрымлівае асалоду ад адзіноты, спеваў птушак, любуецца узыходам або захадам сонца і зараджаецца энергіяй для таго, каб укласціся ў шчыльны працоўны графік.

Наперадзе Аляксандру Маляўскую чакае нямала перамог. Але я ўпэўненая, што сціпласць і багацце душы застануцца яе самымі галоўнымі вартасцямі.

Марыя ГОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры cярэдняй школы № 7 Смаргоні.