“Сцяна Памяці” — ветэранам

Мемарыяльную экспазіцыю “Сцяна Памяці” ўрачыста адкрылі ў Вендарожскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Магілёўскага раёна.

Экспазіцыя стала вынікам маштабнай работы па пошуку і зборы інфармацыі аб ­удзельніках ваенных падзей у гады Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнцаў Вендарожскага сельскага Савета, праведзенай навучэнцамі ўстановы, актывістамі руху ГА “БРСМ” “Добрае Сэрца”. Усяго ўдалося знайсці звесткі аб 75 ветэранах.

— Нам вельмі патрэбна памяць аб героях, падзеях часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта памяць пакаленняў. Калі яна знікне з нашага сэрца, мы можам страціць роднасную сувязь з нашымі вытокамі. У кожнай сям’і ёсць чалавек, якому можна і трэба сказаць “Дзякую за Перамогу!”. Той, каго з удзячнасцю і павагай можна назваць героем, які падарыў нашай краіне мір. Менавіта таму я прапанаваў навучэнцам і педагогам пачаць патрыятычны праект “Сцяна Памяці”. Збор інфармацыі доўжыўся на працягу ўсяго навучальнага года. У будаўніцтве “Сцяны Памяці” быў задзейнічаны ўвесь вучэбна-педагагічны комплекс: навучэнцы, педагогі, іншыя супрацоўнікі. Актыўна далучыліся да агульнай справы бацькі, іншыя мясцовыя жыхары, нашы спонсары, — расказаў дырэктар установы В.В.Арлоўскі.

Паводле яго слоў, для ўдзельнікаў праекта стварэнне “Сцяны Памяці” і размяшчэнне на ёй фатаграфій роднага ім чалавека — гэта больш, чым проста магчымасць успомніць ­сямейную гісторыю. Многія з воінаў Вялікай Айчыннай прапалі без вестак, месцы іх гібелі і пахавання не вядомы блізкім, таму “Сцяна Памяці” — ­адзіная магчымасць для родных салдата прыйсці і аддаць даніну памяці прапаўшаму на вайне сваяку.

— Кожны дзень да “Сцяны Памяці” прыхо­дзяць мясцовыя жыхары і дзякуюць нам за яе ўзвядзенне. У планах нашага калектыву — стварэнне кнігі Памяці, дзе будзе размешчана больш падрабязная інфармацыя аб земляках — удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. А каля створанага мемарыяла цяпер пастаянна будуць праводзіцца Вахты Памяці, — адзначыў В.В.Арлоўскі.

Адкрыццё мемарыяльнай экспазіцыі прай­шло ва ўрачыстай атмасферы. Навучэнцы зноў успомнілі імёны воінаў, фатаграфіі і інфармацыя аб якіх размясціліся на “Сцяне Памяці”. А ганаровыя госці яшчэ раз нагадалі дзецям аб неабходнасці захавання памяці аб подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.