Сцяжынка добрых спраў

Жнівень — апошні месяц летняй красы. Гэта час плённай працы ў полі, актыўнае прыбіранне з палеткаў залатога калосся. Для дзяцей гэта час радасці і смутку. Яшчэ можна атрымліваць асалоду ад спякотных дзянькоў. Смутак заключаецца ў тым, што хутка мінуць сонечныя бестурботныя дні. Для некаторых устаноў адукацыі жнівень — пара летняга аздараўленчага лагера і творчай працы. Сёлета ў Варанчанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Карэліцкага раёна знаходзілася база летняга аздараўленчага лагера “Сонейка”, які працаваў з 1 па 24 жніўня.

Начальнік лагера В.Р.Стасевіч і дырэктар школы Т.Д.Грыбок склалі праграму дзейнасці “Сцяжынка добрых спраў”. Асноўная мэта праграмы летніка — стварэнне ўмоў для арганізацыі адпачынку вучняў падчас летніх канікул з дапамогай фарміравання сацыяльнай актыўнасці. Асноўным падмуркам праграмы з’яўляецца валанцёрскі рух. З першага дня функцыянавання лагера “Сонейка” праводзіліся акцыі “Рука дапамогі”, “Скажам адзіноце “НЕ”!”, “Падорым працу і дабрыню”, “Ні дня без добрай справы”. Усе акцыі скіраваны на наведванне пажылых і адзінокіх людзей, інвалідаў, дапамогу ім добрым словам або працай па гаспадарцы. Акцыі міласэрнасці дазволілі выхаванцам “Сонейка” наведаць пажылых людзей аграгарадка Варонча, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Сярод іх і В.І.Клімовіч, былая настаўніца пачатковых класаў. Дзеці з ахвотай дапамаглі па гаспадарцы і проста пагутарылі пра школу.

Праграма “Сцяжынка добрых спраў” уключае ў сябе і іншыя кірункі. Напрыклад, “Экалагічная сцяжынка” накіравана на правядзенне прыродазберагаючых акцый. Галоўная мэта — прапаганда беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя ва ўсіх жыхароў Варончы. Былі праведзены акцыі “Чысты бераг”, “Кветачка-красуня”, аперацыя “Зялёная вуліца”. Усе гэтыя мерапрыемствы накіраваны на захаванне чысціні і парадку ў аграгарадку. Кірунак праграмы “Сцяжынка здароўя” прадугледжвае прапаганду здаровага ладу жыцця. Гэта спартыўныя спаборніцтвы, гульні на свежым паветры. У летнім аздараўленчым лагеры “Сонейка” былі праведзены “Спартыўны КВЗ”, “Спорт + Я”, “Варанчанская ЛІГА”, “Тэнісны турнір”, акцыя “Бяспечны адпачынак на Свіцязі”. І як жа абысціся без творчасці летам. Апошні кірунак праграмы складае “Сцяжынка творчасці”. Асабліва спадабаўся вучням конкурс мадэльераў і дызайнераў “Варанчанскі млын моды”. Тут творчая фантазія дазваляе разгуляцца. Юныя дызайнеры прыдумваюць сваёй мадэлі пэўны вобраз і касцюм, потым вучні праводзяць тыдзень моды.

“Сцяжынка добрых спраў” дапаможа вучням не толькі быць сацыяльна актыўнымі, чулымі, міласэрнымі да іншых, але і актыўнымі спартсменамі, творчымі зоркамі.

Вольга ПІСАРЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Варанчанскага
дзіцячага сада — сярэдняй школы Карэліцкага раёна.