Сцяжынкай дабрыні, цеплыні і мудрасці

Выхаванцы аздараўленчага лагера “Сяброўства” Верцялішкаўскай сярэдняй школы штодзень вандруюць па родным краі. Пабывалі ўжо ў конна-спартыўным комплексе, ганчарным цэху і хлебапякарні, рамонтных майстэрнях, сельскай бібліятэцы і храме А. Неўскага.

А нядаўна яны наведалі Цэнтр вольнага часу сталых людзей, пра які многія ведалі ад бабуль і дзядуль. Гаспадыні цэнтра сустрэлі гасцей песняй, правялі экскурсію па трэнажорнай і більярднай залах, камп’ютарным і масажным кабінетах, пакоі для гульняў у шашкі, шахматы, нарды. Дзеці былі здзіўлены такім багаццем месцаў адпачынку, бо прывыклі бачыць сваіх клапатлівых бабуль за працай: выпяканнем бліноў, шыццём ці хаця б расказваннем казак. А казкі былі наперадзе…

Супрацоўнікі цэнтра прымалі школьнікаў з лагера як родных дзяцей і ўнукаў. Напаілі чаем, распавялі пра сваё жыццё і нават паказалі павучальныя лялечныя спектаклі “Казка пра рыбака і рыбку”, “Што ў імені табе маім, Серафім Сароўскі”. Тут дзейнічае тэатр лялек “Званочак”. Артысты яго ўжо неаднойчы выступалі перад юнымі гледачамі. І на гэты раз заслужылі працяглыя апладысменты і сувеніры, якія дзеці загадзя падрыхтавалі са сваімі выхавальнікамі. Кіраўніцтва цэнтра пачула самыя кранальныя словы падзякі ад выхаванцаў лагера.

А яшчэ дзеці прапанавалі бабулям сваю дапамогу і сабралі яблыкі ў садзе цэнтра. Канечне, іх таксама пачаставалі! Цяпер сцяжынка да Цэнтра вольнага часу сталых людзей добра вядомая дзецям як сцяжынка дабрыні, цеплыні і мудрасці.

Іна Іванаўна ЛАСЕВІЧ,
дырэктар дзіцячага аздараўленчага лагера “Сяброўства”
Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.