Сцяжынкамі малой радзімы

Выхаванцам лагера “Патрыёт”, які працаваў на базе сярэдняй школы № 3 Капыля, будзе што ўзгадаць. Лагерная змена была прысвечана гісторыі роднага краю. Дзеці з задавальненнем падарожнічалі па Капыльскім раёне, вывучалі традыцыі продкаў, складалі маршруты экскурсій.

Надоўга запомніцца ўдзельнікам змены экскурсія ў аграгарадок Семежава Капыльскага раёна. Гэты накірунак быў абраны невыпадкова. Тут праходзіць зялёны маршрут “Міжрэчча Мажы і Марочы”. А мясцовы калядны абрад “Цары” з’яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, якая ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Выхаванцы наведалі Дом-музей Героя Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук, ганаровага грамадзяніна Капыльскага раёна, галоўнага канструктара МАЗа Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага, што нарадзіўся ў Семежава. З вялікай цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі экскурсавода, які расказаў пра жыццё і дзейнасць знакамітага земляка. У хаце ўсё нагадвае пра дзіцячыя і юнацкія гады акадэміка: руская печ, рэчы сялянскага побыту, драўляны чамадан, з якім будучы канструктар адправіўся пакараць беларускую сталіцу. У музеі таксама сабраны багаты матэрыял і велізарная колькасць экспанатаў, звязаных з аўтамабільнай тэхнікай. Працоўная дзейнасць Міхаіла Сцяпанавіча адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Распрацаваныя ім мадэлі велікагрузных аўтамабіляў станавіліся лаўрэатамі міжнародных аўтамабільных салонаў. На прыкладзе жыццёвага шляху Міхаіла Высоцкага выхаванцы лагера пераканаліся, што шмат чаго ў жыцці можна дамагчыся ўпартай працай.

У раённым цэнтры ткацтва школьнікі даведаліся пра гісторыю стварэння ткацкага рамяства, пазнаёміліся з таленавітымі ткачамі, паўдзельнічалі ў майстар-класе. Вельмі спадабалася дзецям і выстава работ таленавітых майстрых.

Такая вандроўка, бясспрэчна, пакіне ў душы кожнага часцінку любові да сваёй малой радзімы.

Таццяна НЯДЗЕЛЬКА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Капыля.