Сцяжынкамі роднага краю

Знаёмымі і незнаёмымі сцяжынкамі роднага краю падарожнічалі 35 удзельнікаў дзіцячага летніка “Дружба” Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна. 18 летніх дзён краязнаўчай змены сталі для выхаванцаў нагодай дакрануцца да каштоўнасцей роднай зямлі.

Дзеці наведалі сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Прагрэс-Верцялішкі”, дзе працуюць бацькі многіх школьнікаў: ганчарны і хлебабулачны цэхі, мехстан і дыспетчарскую. Найбольшую цікавасць выклікала наведванне конна-спартыўнага комплексу “Табольская будка”, дзе можна было па-маладзецку пракаціцца на конях. Экскурсія ў царкву, помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя, і духоўная размова з настаяцелем айцом Янам, наадварот, спрыялі сур’ёзным развагам.

На сцяжынках бяспекі школьнікі сустрэліся з прадстаўнікамі МНС, ДАІ, якія ў гульнявой форме нагадалі дзецям аб правілах бяспечных паводзін, паказалі навучальныя фільмы, раздалі маляўнічыя памяткі і сувеніры, а на развітанне арганізавалі незабыўнае воднае шоу.

У Цэнтры вольнага часу пажылых людзей удзельнікаў летніка чакала займальная праграма з экскурсіяй, гульнямі, пачастункам, прадстаўленнем лялечнага тэатра “Званочак” і, вядома ж, мудрымі парадамі і пажаданнямі ад старэйшага пакалення.

Сцяжынка баявой славы Вялікай Айчыннай вайны павяла па вуліцах аграгарадка, якія носяць імёны воінаў-вызваліцеляў, да помніка загінуўшым у гады вайны, затым — да Кургана Славы Гродна. Школьнікі пазнаёміліся з тэхнікай ваенных гадоў, ушанавалі памяць герояў.

Падчас экамарафону “Край мой родны” і віртуальнага тапанімічнага экскурсу па бліжэйшых вёсках Гродзеншчыны дзеці ўсвядомілі прыгажосць сваёй зямлі. Найбольш смелыя падняліся на самую высокую кропку Верцялішак.

Не абышлося і без традыцыйных выездаў у Гродзенскі заапарк, агратурыстычны комплекс “Гарадзенскі маёнтак”, спартыўных гульняў і конкурсных праграм, танцавальных флэш-мобаў і пазнавальна-прыгодніцкіх квестаў.

На памяць пра летнік застануцца не толькі добрыя ўспаміны, але і скрыначкі з пажаданнямі, якія атрымаў кожны ў дзень закрыцця змены разам з “букетам” паветраных шароў. Змена скончылася, а падарожжа па родным краі працягваецца… Значыць, наперадзе — новыя веды, нечаканыя адкрыцці і яркія ўражанні.

Іна ЛАСЕВІЧ,
дырэктар летніка “Дружба” Верцялішкаўскай сярэдняй школы.