Сцяжынкамі Якуба Коласа

Сцяжынкамі Якуба Коласа прапанавалі прайсці намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі Ганцавіччыны аўтары аднайменнага турыстычнага маршруту з Люсінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Якуба Коласа. У склад творчай групы па распрацоўцы маршруту ўвайшлі настаўнікі і вучні, аб’яднаныя ідэяй захавання праз турыстычна-экскурсійную дзейнасць памяці пра гады жыцця знакамітага пісьменніка на Палессі.

Вераснёвы пахмурны дзень, водар восеньскага лесу, сцяжына да Дубаўскога возера… Гучыць мілагучнае беларускае слова… Уяўленне малюе постаць беларускага песняра, які ў задуменні глядзіць у нерухомае люстэрка вады. Згадваюцца вядомыя радкі: “Цягнік бег на Палессе. Дарога была няблізкая, але спаць не хацелася. Малады настаўнік глядзеў у акно, бачыў то поле, то лес, то рачулку, а потым усё гэта злілося ў адну паласу, затуманеную роздумам. Думкі ляцелі паперадзе паравоза, не затрымліваліся на кароткіх прыпынках…”

У сучасным аграгарадку Люсіна Якуб Колас, напэўна, ужо не пазнаў бы невялічкую палескую вёску. А памяць пра народнага песняра жыве тут у кожным куточку. Цэнтральная вуліца і школа носяць яго імя, на магазінах лёгка ўгадваюцца назвы з вядомага твора. На месцы першай школы ўстаноўлены памятны знак. А вось і Яшукова гара, легенда пра паходжанне якой успамінаецца на старонках аповесці “У палескай глушы”.

Апошні прыпынак турыстычнага маршруту — школьны літаратурна-этнаграфічны музей, у якім сабраны звесткі пра жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Разам з юнымі экскурсаводамі перагортваем старонкі жыцця пісьменніка і разважаем пра значнасць яго асобы ў грамадскай і культурнай гісторыі краіны.

Маршрут завяршаецца, але памяць пра Якуба Коласа застаецца ў нашых сэрцах.

Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама.