Студатрадаўскі акорд. Пераможны

- 10:37Апошнія запісы

Урачыстая цырымонія закрыцця з ганараваннем пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр-2015” на лепшы студэнцкі атрад і на лепшую арганізацыю, якая прымала студатрад, прайшла ў Мінску ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача.

Цырымонія ўзнагароджання стала цэнтральнай часткай двухдзённага Рэспубліканскага злёту студэнцкіх атрадаў, што арганізаваў Цэнтральны штаб студатрадаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
У першы дзень злёту студатрадаўцы на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар” працавалі на тэматычных адукацыйных пляцоўках па развіцці і папулярызацыі студатрадаўскага руху, удзельнічалі ў вучэбных гульнях і трэнінгах. Камандзіры і камісары студатрадаў праходзілі профільнае тэсціраванне, а байцы студэнцкіх педагагічных атрадаў змагаліся ў спартыўна-творчым этапе Рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр”.
Другі дзень злёту яго ўдзельнікі сустрэлі на плошчы Перамогі ў Мінску, дзе прайшоў грамадзянска-патрыятычны мітынг “Мы памятаем і ганарымся”. Удзел у ім таксама прынялі прадстаўнікі агульнарасійскай маладзёжнай арганізацыі “Расійскія студэнцкія атрады”, ветэраны студатрадаўскага руху, кіраўнікі дзяржустаноў. Першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Эдуардавіч Белякоў нагадаў, што сёлета працоўны семестр супаў з 70-годдзем Вялікай Перамогі і Годам моладзі. А намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык ад імя міністэрства падзякаваў удзельнікам студатрадаўскага руху за актыўную жыццёвую пазіцыю і пажадаў далейшых поспехаў.
Дарэчы, у год 70-годдзя Перамогі беларускія студатрадаўцы накіравалі каля 200 млн рублёў на будаўніцтва маладзёжнага патрыятычнага цэнтра на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Прарыў” ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці, рэканструкцыю і ўзвядзенне іншых аб’ектаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне.
У 2015 годзе ў складзе 3836 студэнцкіх атрадаў працавалі больш за 70 800 чалавек. Гэта былі атрады розных профіляў, у тым ліку будаўнічага — 402 атрады ў складзе амаль 7,5 тысячы чалавек. Пераможцам конкурсу “Працоўны семестр-2015” у намінацыі “Лепшы студэнцкі атрад, што працуе на аб’екце будаўніцтва, якому прысвоены статус усебеларускай або абласной (мінскай гарадской) маладзёжнай будоўлі” стаў атрад “Эўрыка” імя Героя Савецкага Саюза Віктара Іванавіча Яронькі, сфарміраваны штабам працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрад, што працаваў на будаўніцтве аб’ектаў Беларускай АЭС, узнагароджаны пераходным сцягам, які студатрадаўцам уручыла намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Качанава. Віцэ-прэм’ер, дарэчы, заўважыла, што ў святочнай зале сабраліся сапраўдныя лідары, моладзь, якая не проста назірае за развіццём сваёй краіны, а актыўна працуе, каб Беларусь квітнела, стварае яе будучыню.
— Я ведаю, што многія сённяшнія кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў былі раней байцамі студэнцкіх атрадаў, — дадала Наталля Іванаўна. — Студатрады — гэта добрая школа.
Пераможцаў у намінацыях “Лепшы педагагічны атрад”, “Лепшы камандзір педагагічнага атрада” і “Лепшы камісар педагагічнага атрада” павіншаваў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. Між іншым сёлета ўпершыню Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў устанавіў знакі “Лепшаму камандзіру” і “Лепшаму камісару”.
— Я сам з вялікім задавальненнем успамінаю той працоўны вопыт, які набыў у будатрадах, — сказаў Міхаіл Анатольевіч. — Вялікая заслуга дзяржавы, нас усіх у тым, што мы захавалі і прымножылі студатрадаўскі рух.
Лепшым педатрадам прызнаны “Новы лідарскі атрад” імя М.Ф.Шмырова Віцебскага абласнога штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ. Лепшым камандзірам — Уладзімір Самуленкаў, камандзір педатрада “Ветразь” ШПС БДПУ імя Максіма Танка, лепшым камісарам — Настасся Яленская (“Новы лідарскі атрад”).
— Нашаму атраду сёлета споўнілася 15 гадоў, і ўвесь гэты час мы працуем на базе філіяла санаторыя “Спадарожнік” у Мінскім раёне, — расказаў Уладзімір Самуленкаў. — У жніўні там прайшла наша 60-я змена. 128 чалавек працавалі ў мінулым сезоне ў складзе атрада “Ветразь”. Гэта студэнты розных УВА Мінска, больш за палову з якіх — навучэнцы педуніверсітэта. Сам я ў атрадзе працую з 2007 года, прыйшоў, калі яшчэ быў студэнтам, і вось застаўся, нават калі стаў выкладчыкам.
А камісар “Новага лідарскага атрада” Настасся Яленская заўважыла, што сёлета выйсці ў лік лепшых было значна цяжэй, чым у мінулыя сезоны, бо абарона праходзіла ў два этапы. Пры гэтым лепшым камісарам Насця становіцца не ўпершыню.
Пераможцамі ў намінацыях “Лепшы сэрвісны атрад”, “Лепшы камандзір сэрвіснага атрада” і “Лепшы камісар сэрвіснага атрада” прызнаны атрад “Выбар” імя Героя Савецкага Саюза Пятра Міронавіча Машэрава Столінскага тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў (Брэсцкая вобласць), лепшым камандзірам — Дзмітрый Шурхай, камандзір атрада “Выбар”, камісарам — камісар сэрвіснага атрада “Абітурыент” Гомельскага тэрытарыяльнага штаба студатрадаў Валянціна Астапенка.
Таксама на ўрачыстай цырымоніі заслужаныя ўзнагароды атрымалі лепшыя сельскагаспадарчы (“Вясёлы вулей”, сфарміраваны з навучэнцаў сярэдняй школы № 11 Слуцкім тэрытарыяльным ШСА), будаўнічы (“Магістраль” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, Гомельская вобласць), экалагічны (імя Героя Савецкага Саюза С.М.Чарапнёва, Лёзненскі тэрытарыяльны ШСА, Віцебская вобласць) атрады. Лепшымі камандзірамі і камісарамі ў адпаведных намінацыях сталі Андрэй Клемяценка (атрад “Энергія-3” імя А.К.Гараўца, Полацкі ТШСА), Антон Шунькін (атрад імя М.В.Каравульнага, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, Магілёўская вобласць), Пётр Пільнік (атрад “70 гадоў Перамогі”, БНТУ, Мінск), Максім Крупеніч (таксама атрад “70 гадоў Перамогі”), Аляксандр Ангур (атрад “Бярэзінскі біясферны запаведнік” імя І.І.Гусакоўскага Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта (на той момант. — Заўв. рэд.) імя А.Д.Сахарава, Мінск) і Раман Ульянаў (атрад імя С.М.Чарапнёва).
Вызначаны і лепшы атрад, які працаваў за межамі Беларусі. Гэта будаўнічы атрад імя В.М.Зубца штаба працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ сельгасакадэміі (Магілёўская вобласць). А лепшымі камандзірам і камісарам у гэтай намінацыі названы Вікторыя Маскалёва — камандзір сэрвіснага атрада імя Героя Савецкага Саюза І.Б.Катуніна (ШПС пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, Гомельская вобласць) і Кацярына Алампіева — камісар гэтага ж атрада.
Лепшым штабам працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ установы адукацыі сёлета стаў штаб працоўных спраў ПА БРСМ ГрДУ імя Янкі Купалы. А лепшым тэрытарыяльным штабам студэнцкіх атрадаў раённай, гарадской арганізацыі БРСМ — Шчучынскі ТШСА (Гродзенская вобласць). Гомельскі тэрытарыяльны штаб студэнцкіх атрадаў у сваю чаргу прызнаны лепшым тэрытарыяльным штабам студэнцкіх атрадаў гарадской арганізацыі БРСМ (намінацыя для камітэтаў гарадоў з насельніцтвам больш за 100 тысяч чалавек), Гомельскі абласны штаб студатрадаў — лепшым абласным (мінскім гарадскім) штабам студэнцкіх атрадаў БРСМ.
У намінацыі “Лепшы наймальнік” у 2015 годзе перамаглі ААТ “Хацілы-Агра” (Паставы, Віцебская вобласць), КУП “Камунальнік Калінкавіцкі” (Гомельская вобласць), Глускі сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Калгас “Зара” (Магілёўская вобласць) і РУП “Белпошта” (Мінск).
І, нарэшце, пераможцам у намінацыі “Лепшы замежны атрад, што працуе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2015 годзе” прызнаны студэнцкі атрад “Энергетык” імя чатыры разы Героя Савецкага Саюза Г.К.Жукава штаба працоўных спраў Обнінскага інстытута атамнай энергетыкі — філіяла федэральнай дзяржаўнай аўтаномнага адукацыйнай установы вышэйшай прафесійнай адукацыі “Нацыянальны даследчы ядзерны ўніверсітэт “МІФІ” (Расія).
Усяго ж у сёлетнім фінале рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр” удзельнічалі прыкладна 100 студэнцкіх атрадаў, камандзіраў і камісараў, наймальнікаў — лепшых па выніках абласных этапаў. А яшчэ ў 2015 годзе прайшоў Рэспубліканскі злёт студэнцкіх педагагічных атрадаў, на заканадаўчым узроўні былі замацаваны новыя профілі студатрадаў — медыцынскія і вытворчыя, распрацавана адзіная форма для студатрадаўцаў. Спадзяёмся, што новы працоўны сезон беларускага студатрадаўскага руху будзе не менш цікавым, насычаным і карысным, чым папярэднія.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.