Студатрадаўскі рух

- 13:12Выхаванне, Выхаваўчая работа

На Брэстчыне стартаваў трэці працоўны семестр. 

Больш за 200 прадстаўнікоў студэнцкіх атрадаў з усіх рэгіёнаў вобласці сабраліся на плошчы Цырыманіялаў у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, каб аддаць даніну павагі абаронцам Радзімы, атрымаць пуцёўкі і пачуць словы ў дарогу ад папярэднікаў. 

— Студатрадаўскі рух у нашай краіне мае даўнія традыцыі і глыбокія карані яшчэ з часоў Савецкага Саюза, — адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюк. — Гісторыя гэтага руху працягваецца і сёння. Студатрадаўцы не толькі зарабляюць грошы, цікава і з карысцю праводзяць час з равеснікамі, але і далучаюцца да знакавых падзей і асноўных будоўляў вобласці і краіны. Прыемна, што на ўзвядзенні ўсіх галоўных аб’ектаў Брэстчыны была і будзе задзейнічана моладзь, якая стваральнай працай паказвае любоў да Радзімы.  

Студатрадаўскі рух — адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці БРСМ. Дзякуючы абласному штабу студэнцкіх атрадаў, за апошнія 5 гадоў на Брэстчыне былі сфарміраваны 825 студатрадаў сельскагаспадарчага, педагагічнага, сэрвіснага, вытворчага, экалагічнага, будаўнічага і медыцынскага профілю. Іх прадстаўнікі атрымалі, акрамя заробкаў, незабыўныя ўражанні на ўсё жыццё. Сёлета плануецца працаўладкаваць каля
4 тысяч юнакоў і дзяўчат.

Ва ўрачыстай атмасферы камандзірам рэгіянальных тэрытарыяльных штабоў студ­атрадаў былі ўручаны пуцёўкі, а 5 атрадам прысвоены імёны камсамольцаў-падпольшчыкаў Брэстчыны ў рамках патрыятычнага праекта “Іх імёнамі названы студэнцкія атрады”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.