Студатрады: летні фармат

Студатрадаўскае лета для дзяўчат і хлопцаў, якія вучацца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, пачалося. Па інфармацыі прэс-службы БДПУ, на аб’ектах гэтым летам будуць працаваць 29 атрадаў універсітэта.

Педагагічны атрад “Сузор’е” накіроўваецца ў НДЦ “Зубраня”.

Каля 400 студэнтаў у складзе педагагічных атрадаў будуць працаваць у дзіцячых аздараўленчых лагерах, спартыўна-аздараўленчых комплексах, санаторыях, цэнтрах рэабілітацыі дзяцей у Мінскай і Віцебскай абласцях.

Нагадаем, што сёлета пачатак асноўнай аздараўленчай кампаніі ў Беларусі запланаваны пазней, чым звычайна, — 15 чэрвеня. Тады і пачнуць працаваць педагагічныя атрады БДПУ: “Ліра” — факультэта эстэтычнага выхавання; “Імпульс-1” — Інстытута псіхалогіі; “Пралеска” і “Жамчужына” — факультэта дашкольнай адукацыі; “Данка” і “Данка-3” — факультэта пачатковай адукацыі; “Інклюзіў” — Інстытута інклюзіўнай адукацыі; “Ветразь-2” — агульнаўніверсітэцкі.

А вось для студатрада “Сузор’е” ўніверсітэта сезон пачаўся 21 мая. 10 будучых педагогаў накіраваліся ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. 31 мая да іх далучацца яшчэ 20 таварышаў.

Удзельнікі педагагічнага атрада “Кантакт” факультэта фізічнага выхавання пачнуць працаваць 2 чэрвеня ў Цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі для дзяцей-інвалідаў і інвалідаў “Расток”.

17-ы раз гэтым летам будзе працаваць валанцёрскі праект педагагічнага ўніверсітэта “Дзеці сталіцы”. Студэнты БДПУ зоймуцца арганізацыяй вольнага часу дзяцей, якія право­дзяць лета ў горадзе. Праект бу­дзе рэалізоўвацца на базе 5 школ 4 раёнаў Мінска.

Дарэчы, у летніках і іншых установах студэнты будуць працаваць у якасці выхавальнікаў і важатых, прычым да выканання гэтых адказных роляў яны добра падрыхтаваліся. Для маладых людзей было арганізавана навучанне ў анлайн-школе важацкага майстэрства. Удзельнікі педагагічных атрадаў пазнаёміліся з асаблівасцямі і спецыфікай арганізацыі дзіцячага адпачынку, методыкай правядзення развіццёвых, творчых і спартыўных мерапрыемстваў. Заняткі праводзілі кіраўнікі студатрадаў.

Падрыхтавала Марына ХІДДЖАЗ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДПУ імя Максіма Танка.