Студэнт года Магілёўшчыны вучыцца ў БДСГА

- 12:26Вышэйшая школа

На Магілёўшчыне прайшоў абласны этап конкурсу “Студэнт года”. Яго ўдзельнікамі сталі лепшыя прадстаўнікі студэнцкай моладзі вобласці, тыя, хто дасягнуў высокіх вынікаў у вучобе, праявіў сябе ў розных сферах дзейнасці.

Сёлетнія канкурсанты — гэта сапраўды яркія, таленавітыя, актыўныя, мэтанакіраваныя маладыя людзі. Так, прадстаўніца Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Вольга Пуранкова з’яўляецца ўдзельніцай і прызёрам шматлікіх фестываляў і конкурсаў. Акрамя таго, дзяўчына распрацавала ўласны бізнес-праект “Арыгінальныя лаўкі для паркавых зон”. Вельмі рознабаковая асоба і студэнтка Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Даяна Рошча. Яна — лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу “АРТ-вакацыі”, удзельніца летняга лагера беларускіх студэнтаў у Кітаі, пераможца акадэмічнага конкурсу патрыятычнай песні і шэрага іншых творчых спаборніцтваў.

Гонар Магілёўскага інстытута МУС на конкурсе абараняў курсант Дзмітрый Каласёнак. Малады чалавек сур’ёзна захапляецца спортам. Хлопцу няма роўных у лёгкаатлетычным кросе і службовым мнагаборстве, што пацвярджаюць яго перамогі на розных чэмпіянатах. Студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Алеся Алейнікава, акрамя паспяховай вучобы, паспявае займацца валанцёрствам і творчасцю. Яна — член універсітэцкага валанцёрскага клуба “Міласэрнасць”, кіруе танцавальнай групай падтрымкі “Эфект”. А вось прадстаўніца Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Дар’я Івашкевіч сур’ёзна захапляецца англійскай мовай. Дзяўчына неаднаразова станавілася прызёрам адпаведных алімпіяд розных узроўняў, да таго ж яна — уладальнік сертыфіката на веданне англійскай мовы ад арганізацыі Cambridge ESOL.

— Гэты конкурс вельмі патрэбны. Ён дазваляе студэнцтву паказаць сябе, праявіць свае здольнасці. У нашай вобласці шмат маладых талентаў, аб чым яскрава сведчаць вынікі рэспубліканскага этапу спаборніцтва мінулых гадоў. Прадстаўнікі Прыдняпроўскага краю неаднаразова заваёўвалі там прызавыя месцы. Перамогі спрыяюць іх далейшаму самаразвіццю. Многія з удзельнікаў конкурсу зараз з’яўляюцца маладзёжнымі лідарамі, — адначыў першы сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Павел Алекса.

Каб мець права насіць ганаровае званне “Студэнт года — 2016”, маладым людзям неабходна было справіцца са шматлікімі конкурснымі выпрабаваннямі. Арганізатары падбіралі заданні такім чынам, каб ацаніць усе якасці і ўменні ўдзельнікаў. Завочна на суд журы студэнты прадстаўлялі партфоліа ўласных дасягненняў у сферы навуковых даследаванняў, грамадскага жыцця, культуры і спорту, відэаролік “Я — студэнт!”, свае сацыяльныя праекты. А пасля на сцэне дэманстравалі творчыя таленты і інтэлектуальныя здольнасці.

Крэатыўна прадстаўлялі сябе ўсе пяцёра канкурсантаў. Кампетэнтнаму журы прыйшлося доўга раіцца, перш чым вызначыць пераможцаў. У выніку трэцяга месца ўдастоілася студэнтка МДУ імя А.А.Куляшова Дар’я Івашкевіч, уладальнікам дыплома ІІ ступені стаў курсант Магілёўскага інстытута МУС Дзмітрый Каласёнак. Перамогу ж, а таксама званне “Студэнт года” і “Студэнт года ONLINE” заваявала прадстаўніца Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Даяна Рошча. Менавіта яна ў хуткім часе прадставіць Магілёўшчыну на рэспубліканскім этапе конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.