Студэнт выбірае меню

Адзін з важных складнікаў студэнцкага жыцця — абеды ў студэнцкіх сталовых. Прычым арганізацыі харчавання ўдзяляецца ўвага на дзяржаўным узроўні: і яго якасці, і выкананню санітарна-гігіенічных норм, і, канечне, цэнам. Як сустракаюць новы навучальны год сталовыя адной з самых вялікіх УВА краіны — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (каля 30 тысяч студэнтаў)? Якія змены тут адбыліся пасля праверак Камітэта дзяржаўнага кантролю?

Прыкметныя змены пачаліся, дарэчы, яшчэ напрыканцы мінулага года, цяпер жа, пасля летніх канікул, іх яшчэ больш. Пэўнымі абнаўленнямі можа пахваліцца любы пункт, што падначальваецца камбінату грамадскага харчавання ўніверсітэта — а гэта 8 сталовых прыкладна на 1250 месцаў, кандытарскі цэх, буфеты і кіёскі, дзе працуюць больш за 120 чалавек. Усяго 25 кропак з рознай прадукцыяй, і ў кожнай свой рэжым работы ў залежнасці ад попыту і патоку наведвальнікаў. Першай, у 9.30, адкрываецца сталовая галоўнага корпуса.

— Самы маштабны рамонт заканчваецца ў сталовай хімічнага факультэта на вуліцы Ленінградскай, — расказала дырэктар камбіната грамадскага харчавання БДУ Марына Уладзіміраўна Глушакова. — На практыцы гэта будзе нават не сталовая, а ўтульнае кафэ на 40 месцаў з адпаведным дызайнам, пры гэтым з цэнамі, як у любой студэнцкай сталовай. Тут мы замянілі і частку абсталявання на кухні, напрыклад, параканвектамат, сёе-тое іншае. Абсталяванне па меры неабходнасці мяняем усюды. А ў сталовай галоўнага корпуса летам паспелі адрамантаваць падлогу, паклалі новую плітку. Таксама памянялі там вокны, так што змен шмат. Можна сказаць, што ў галоўным корпусе цяпер ледзь не цалкам новая сталовая.

У астатніх сталовых, буфетах, кіёсках летам праведзены касметычныя рамонты, дакуплены посуд, вытворчы інвентар.

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 199 ад 24 мая 2018 года, цэны на прадукцыю грамадскага харчавання ва ўстановах адукацыі кантралюе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (раней гэта рабілі мясцовыя ўлады). Сёння ў краіне ўстаноўлены адзіны парадак фарміравання цэн і нацэнак на названую прадукцыю — гандлёвая надбаўка ў памеры 20% прымяняецца не да цаны апошняга пастаўшчыка, а да цаны вытворцы.

Зараз для ўсіх студэнцкіх сталовых загадам Міністэрства адукацыі ўстаноўлены адзіны кошт на комплексны абед — 1 рубель 75 капеек: салат, суп, гарнір, гарачая страва, хлеб, кампот або іншы напітак. Зразумела, у меню можна адшукаць стравы на розны густ і за розныя грошы, але скласці абед за названы кошт нескладана ў любым пункце харчавання ўніверсітэта.

Так, мы заглядваем у сталовую № 9, што па вуліцы Кастрычніцкай. У меню — па некалькі назваў салатаў, супоў, гарачых страў і г.д. Вось некаторыя з іх: салат з буракоў з алеем — 14 капеек, салат “Агароднінная мазаіка” — 32 капейкі, суп бульбяны з гарохам — 27 капеек, катлета сечаная з куранят-бройлераў — 90 капеек, каша грэцкая вязкая — 21 капейка, напітак апельсінавы — 16 капеек.

Канечне, пры жаданні можна ўзяць і гуляш з ялавічыны за 2,87 або пудынг з тварагу (запечаны) са смятанай за 1,74. І пакупнікі на больш дарагія стравы заўсёды знаходзяцца.

— Усе нашы сталовыя наведваюць і студэнты, і любыя жадаючыя. Кошт для ўсіх аднолькавы, а стравы прадстаўлены на любы густ, таму цэны розныя, — тлумачыць М.У.Глушакова.

Так, супрацоўнікі сталовай № 9 расказваюць, што да іх прыходзіць вельмі многа звычайных наведвальнікаў, не студэнтаў. Гэта і міліцыянеры з аддзяленняў, што размешчаны недалёка, і таксісты, і офісныя работнікі, і супрацоўнікі іншых арганізацый — у сярэднім атрымліваецца 500—600 чалавек у дзень. Дзякуючы “студэнцкім” цэнам, паток пабочных наведвальнікаў пастаянна павялічваецца.

Меню і цэны, па назіраннях супрацоўнікаў, вельмі падабаюцца замежным студэнтам, асабліва з Кітая: хлопцы і дзяўчаты прыходзяць сюды пастаянна, і не толькі паабедаць, але і ў іншы час.

Побач з інтэрнатам, у якім размешчана сталовая, сустракаем дзвюх дзяўчат, як высвятляецца, пяцікурсніц з філалагічнага факультэта. Карына і Дзіяна расказваюць, што ў гэтую сталовую схадзіць яшчэ не паспелі, але, калі жылі ў іншым інтэрнаце ў студэнцкім гарадку, хадзілі ў сталоваю на праспекце Дзяржынскага, 87, што ў інтэрнаце № 11 БДУ. Ежа падабалася, абед можна было ўзяць і менш, чым за 2 рублі, і на іншую суму, галоўнае, ёсць з чаго выбіраць.

Да новага навучальнага года ў БДУ вырашылі ўдасканаліць і меню, і якасць гатавання страў. Камбінат нават запрасіў на дапамогу кіраўніка Гільдыі кухараў і шэф-кухараў Беларусі Аляксандра Чыкілеўскага. Спецыяліст правёў майстар-клас для кухараў сталовых універсітэта на базе адной з іх. А зараз Аляксандр прымае актыўны ўдзел у складанні меню для студэнцкіх сталовых.

Справа ў тым, што ў БДУ вырашылі зрабіць меню з нацыянальным каларытам, заснаванае на натуральных мясцовых прадуктах, пры гэтым не падымаючы цэн і павышаючы якасць страў. Уводзіць новыя стравы ў меню работнікі камбіната грамадскага харчавання пачалі з новага навучальнага года і рабіць гэта будуць пастаянна і паступова, вывучаючы попыт, замяняючы непапулярныя стравы, калі такія будуць. Так, плануецца, што студэнты, выкладчыкі і іншыя наведвальнікі ўніверсітэцкіх сталовых змогуць пакаштаваць рыбу і куранят у бялках, новыя бутэрброды з “беларускім акцэнтам”. Варта дадаць, што калі раней у сталовых універсітэта было рознае меню, то зараз яно аднолькавае для ўсіх, але з пэўнымі фірменнымі стравамі для кожнай з 8 сталовых. Пры гэтым мяняецца меню кожны дзень, таму тым, хто часта наведвае сталовую, стравы не надакучваюць.

Не перавысіць дэмакратычны ўзровень цэн пры ўсіх новаўвядзеннях, лічыць дырэктар камбіната, дапаможа наладжаная сістэма прамой работы з пастаўшчыкамі прадукцыі. Сярод іх — беларускія вытворцы мяса-малочнай прадукцыі, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, хлебакамбінаты. Да таго ж камбінат грамадскага харчавання як буйны пакупнік заўсёды можа дамовіцца з пастаўшчыкамі аб скідках. А прадукцыю прадпрыемствы прывозяць на адзіны склад, што таксама спрашчае работу і патанняе стравы.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *