Студэнтам якога ўніверсітэта стану я?

- 15:09Вышэйшая школа, Рознае

Так і хочацца напісаць: не бывае ліха без дабра. Маю на ўвазе сітуацыю, калі ўніверсітэтам прыходзіцца амаль біцца за сваіх будучых студэнтаў. І можна спрачацца, прыводзіць розныя доказы, тлумачачы сітуацыю, якая склалася, вялікай дэмаграфічнай ямай і значнай колькасцю ўніверсітэтаў. Ясна адно: універсітэтам, калі яны хочуць заставацца на плаве, каб у іх сценах было для каго чытаць лекцыі, давядзецца пастарацца.

Для гэтага, быццам, многага не трэба: прадэманстраваць школьнікам (варта было б і іх бацькам), што гэты ўніверсітэт больш за ўсё падыходзіць для іх, што менавіта тут, у гэтым універсітэце, яны будуць развіваць свае здольнасці, а пасля заканчэння знойдуць дастойную працу. Аднак зрабіць гэта аказалася даволі складана.
На такія развагі навёў нядаўні семінар у БНТУ, прысвечаны прафарыентацыйнай рабоце. Гэты сход заслугоўвае ўвагі ўжо таму, што на ім не проста агучваўся расклад запланаваных прафарыентацыйных мерапрыемстваў (калі і ў якую навучальную ўстанову паедуць выкладчыкі рэкламаваць універсітэт), але гаварылася і пра праблемы, а часам і непаразуменні пры арганізацыі прафарыентацыйных мерапрыемстваў.
Зразумела, што падобныя складанасці ўзнікаюць і перад іншымі вышэйшымі, сярэднімі спецыяльнымі, а таксама прафесійна-тэхнічнымі навучальнымі ўстановамі. Тлумачыць чаму не бяруся, выкажу толькі меркаванне. Магчыма, прычына ў нашай шаблоннасці ў працы і доўгім руху да чагосьці новага. Аднак жыццё патрабуе ініцыятыўнасці і новых падыходаў.
Як у любым універсітэце, прафарыентацыйная работа, якая праводзіцца ў БНТУ, разлічана на школьнікаў агульнаадукацыйных школ, ліцэістаў, гімназістаў і выпускнікоў каледжаў, асабліва тых, якія былі далучаны да ўніверсітэта. Нагадаем, што не так даўно пад патранаж універсітэта перайшлі 6 каледжаў: Бабруйскі аўтатранспартны каледж, Барысаўскі політэхнічны каледж, Жодзінскі політэхнічны каледж, Мінскі політэхнічны каледж, Мінскі архітэктурна-будаўнічы каледж, Мінскі тэхналагічны каледж. Аднак што рабіць, каб абітурыенты выбралі менавіта БНТУ, асабліва навучэнцы Ліцэя БНТУ і “сваіх” каледжаў?
Так, дэлегацыя БНТУ ўжо ездзіла ў Мінскі архітэктурна-будаўнічы каледж, Мінскі і Жодзінскі політэхнічныя каледжы. Хутка пра БНТУ будуць расказваць у Барысаўскім політэхнічным каледжы. Са школьнікамі Брэста сустрэнуцца ў Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці.
Як адзначыла прадстаўнік прыёмнай камісіі БНТУ, прафарыентацыйная работа праводзіцца, аднак яна несістэмная і мае шэраг недахопаў.
Напрыклад, што датычыцца ролікаў і прэзентацый, якія паказваюцца школьнікам, можа здарыцца такое: у роліку гаворыцца, што факультэт валодае шыкоўнай камп’ютарнай базай, а на экране дэманструецца фотаздымак камп’ютара канца 90-х гадоў. Па меншай меры гэта выклікае ўсмешку.
Да таго ж на семінары прагучала думка, што ў самаробных прэзентацыях можа расказвацца амаль уся гісторыя БНТУ, аднак не тое, што насамрэч спатрэбіцца абітурыенту.
Што да буклетаў, то яны таксама далёкія ад тых, якія заслугоўваюць быць прапанаванымі. Гэта адносіцца як да іх знешняга выгляду, так і да зместу. Бывае, што пералічаны не ўсе спецыяльнасці, навучанне па якіх прапаноўвае факультэт.
Размова ішла і пра тое, якім прадстаўнікам факультэта варта было б ездзіць у навучальныя ўстановы і расказваць пра свае факультэты. Уявім, што да дзяцей старшых класаў, якім 16—17 гадоў, едзе прадстаўнік універсітэта, узрост якога каля шасцідзесяці пяці гадоў. Такі чалавек падаецца школьнікам надта сталым, і яму зацікавіць падрастаючае пакаленне бывае вельмі складана.

Колькі каштуе прафарыентацыя?

Як было адзначана, невялікі артыкул, па памерах крыху большы за аркуш фармату А4, нават у прафсаюзнай газеце каштуе 8 млн. Дарэчы, у дзень адкрытых дзвярэй ва ўніверсітэце правялі анкетаванне. Адно з пытанняў гучала прыблізна так: “З якіх крыніц Вы даведаліся пра гэтае мерапрыемства?” І толькі адзін з апытаных адказаў, што з газет, большасць жа — з інтэрнэту. Ці мэтазгодна друкаваць падобныя матэрыялы ў газетах і ў якіх газетах гэта варта рабіць? Магчыма, плён прынясуць артыкулы ў раёнках, якія ёсць амаль у кожным сельскім доме.
Добры вынік дае і работа студэнтаў са школьнікамі. Узяць хаця б вечар сустрэчы выпускнікоў, які кожны з нас помніць і любіць. Студэнты едуць дадому, дзе ідуць у родныя школы. Ім прапаноўваюць раздатачны матэрыял, з якім яны выступаюць у сваёй школе.

Калі свае ліцэісты становяцца чужымі студэнтамі

Як адзначыла дырэктар Ліцэя БНТУ Галіна Аксеньеўна Галяш, толькі 50% выпускнікоў Ліцэя БНТУ становяцца студэнтамі самога ўніверсітэта. Прычым 24 чалавекі паступаюць на адзін з самых папулярных факультэтаў — архітэктурны. Калі адняць колькасць гэтых выпускнікоў, атрымліваецца, што на астатнія факультэты паступае прыблізна 40 чалавек (сам жа выпуск складае ў сярэднім 120 навучэнцаў кожны год).
Прычыну такой сітуацыі Г.А.Галяш бачыць у тым, што ўніверсітэт не на дастойным узроўні займаецца прафарыентацыйнай работай сярод ліцэістаў. Саміх жа старшакласнікаў больш за ўсё цікавіць, чым наогул займаюцца студэнты, у якіх лабараторыях яны працуюць.

Кабінет № 2: “Звярніцеся ў кабінет № 3”

Як аказалася, яшчэ адзін момант, які выклікае цяжкасці, — падрыхтоўка камандзіровачных пасведчанняў. Сітуацыю з гэтымі пасведчаннямі ахарактарызавалі як “паператворчасць”. Прысутным не зусім было зразумела, хто павінен займацца гэтым пытаннем. Бывалі выпадкі, што, пахадзіўшы ад інстанцыі да інстанцыі, выкладчыкі аплачвалі кошт сваёй паездкі самі. Ці паедуць яны ў наступны раз? Наўрад ці.
Гучала прапанова, каб школы па просьбе аддзела прафарыентацыйнай работы рабілі запрашэнні, на аснове якіх можна будзе зрабіць камандзіровачныя пасведчанні. Аднак, як было адзначана, размовы са школьнікамі ў большай ступені патрэбны ўніверсітэту, чым школе. А вось лішняя папяровая валакіта ім дакладна не патрэбна.

У завяршэнне

БНТУ — вядучая тэхнічная ўстанова вышэйшай адукацыі краіны, якая заўсёды рыхтавала спецыялістаў высокага ўзроўню, запатрабаваных у розных галінах гаспадаркі. Таму перад універсітэтам стаіць вельмі важная задача — здолець расказаць абітурыентам і іх бацькам пра свае моцныя бакі, пра магчымасці, якія дае ўніверсітэт сваім студэнтам.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.