Студэнцкае тэлебачанне — тое, што пашырае межы

- 14:49Вышэйшая школа

Дзякуючы энтузіязму, дапытлівасці і ініцыятыўнасці студэнтаў, ва ўніверсітэтах ажыццяўляецца незлічоная колькасць разнастайных ідэй, цікавых і карысных.

Адным з яскравых праектаў можна назваць студэнцкае тэлебачанне, якое не толькі папулярызуе ўстановы адукацыі, але і развівае асабістыя якасці маладых людзей.

БДУІР: вопыт прафесіяналаў

Гісторыя стварэння “Студэнцкага тэлебачання БДУІР” бярэ пачатак у 2001 годзе, калі яго цяперашні кіраўнік — інжынер па тэлеабсталяванні Максім Максак — вучыўся на 3 курсе. Хлопец сутыкнуўся з групай студэнтаў, якія хацелі дзейнічаць, але сярод іх не было аператара. Максім Юр’евіч, які на той момант меў вопыт відэаздымкі, прапанаваў сваю дапамогу. Маладыя людзі знайшлі відэакамеру, і работа закіпела. Студэнты пачалі праглядаць навіны на розных тэлевізійных каналах, каб зразумець, як ствараюцца прафесійныя сюжэты. Цяпер такі падыход да работы перанялі вучні Максіма Максака.

— Тое, чым мы займаемся, пашырае рамкі нашых магчымасцей, дапамагае ўбачыць пэўную сітуацыю з розных бакоў, — расказаў пра сваю дзейнасць аператар Сяргей Янушкевіч.

У штат сённяшняга маладзёжнага тэлебачання ўваходзяць 11 студэнтаў, сярод якіх фатографы, карэспандэнты і аператары. Асноўная частка сюжэтаў прыпадае на навіны, але, калі нехта са студэнтаў праявіць творчую ініцыятыву — захоча зняць рэкламны або сацыяльны ролік, стварыць відэакліп ці віншавальную праграму, то гэта вітаецца.

— Для таго каб падняць свой прафесійны ўзровень, студэнт павінен бясконца здымаць. Кожны вучыцца на памылках, — перакананы Максім Юр’евіч.

Скарбонка “Студэнцкага тэлебачання БДУІР” папаўняецца з зайздроснай хуткасцю: тут і праект “Заліковы тыдзень” (праграмы-гутаркі з супрацоўнікамі ўніверсітэта на розныя тэмы), серыя рэкламных ролікаў і ролікаў да Дня Перамогі, відэасюжэты і фільмы пра ўніверсітэцкае жыццё, а таксама запісы канцэртаў, конкурсаў і фэстаў, якія праводзяцца ўстановай адукацыі.

— У нас ёсць уласны шлях, — гавораць супрацоўнікі маладзёжнага тэлебачання.

БДПУ: нацэлены ў будучыню

Першыя звесткі пра актыўных студэнтаў з камерай у БДПУ адносяцца да таго часу, калі група ініцыятыўнай моладзі праявіла жаданне збіраць і прадстаўляць навіны. Пасля таго як быў зададзены вектар на прасоўванне ўніверсітэта ў інфармацыйнай прасторы, ідэя стварэння студэнцкага тэлебачання атрымала падтрымку.

З улікам таго, што ва ўніверсітэце не рыхтуюць журналістаў, было вырашана накіраваць праект у прафесійны — педагагічны — бок. У 2014 годзе пачаў змяняцца фармат універсітэцкага сайта, створана прэс-служба ўстановы, а ў 2016 годзе — медыялабараторыя, дзе зацікаўленая моладзь магла рэалізаваць сябе. На базе медыялабараторыі дзейнічае творчае аб’яднанне “СтудТБ”, у межах якога творчым хлопцам і дзяўчатам таксама аказваецца арганізацыйная, тэхнічная і метадычная падтрымка. Яскравым прыкладам гэтага з’яўляюцца майстар-класы з рэжысёрамі студыі “Беларусьфільм”, прадстаўнікамі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, прафесійнымі фатографамі.

Зараз на факультэтах універсітэта створаны 5 здымачных груп, у склад якіх уваходзяць аператары, фатографы, сцэнарысты, рэжысёры і вядучыя. Дзякуючы такім -камандам, “СтудТБ” будуе сваю дзейнасць у двух фарматах. Першы — рэпартажы са знакавых універсітэцкіх мерапрыемстваў: адукацыйных, спартыўных, культурных, міжнародных; другі — стварэнне відэаролікаў на пэўную вучэбную тэматыку, запіс і афармленне ўрокаў.

— Усё гэта робіцца для таго, каб у будучыні маладыя педагогі змаглі прымяніць набытыя навыкі ў арганізацыі работы з дзецьмі. Зараз, акрамя таго, што студэнты крэатывяць і вучацца працаваць са спецыяльнымі праграмамі, фота- і відэаабсталяваннем, яны паралельна вывучаюць, як, выкарыстоўваючы гэтыя сродкі, можна зацікавіць будучых вучняў пэўным кантэнтам. Мы імкнёмся да таго, каб нашы студэнты прыходзілі на першае месца працы з лічбавым партфоліа, — адзначыла начальнік цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій БДПУ Аксана Мініч.

У выпадку са спецыялізаванымі фільмамі студэнтам дапамагаюць выкладчыкі, а стварэнню якасных рэпартажаў садзейнічае прэс-служба ўніверсітэта.

— Перад студэнтамі мы раскрываем сакрэты журналісцкага майстэрства: падказваем, як цікава асвятліць пэўную падзею, правільна пабудаваць тэкст, прафесійна правесці інтэрв’ю. Таксама дапамагаем пры напісанні сцэнарыяў да ролікаў. У выніку атрымліваюцца захапляльныя і прафесійныя відэарэпартажы, — заўважыла начальнік прэс-службы БДПУ Святлана Шыян.

Куратары “СтудТБ” расказваюць, што студэнтам цікава не толькі весці дыялог з гасцямі ўніверсітэта, але і спрабаваць сябе ў якасці прамоўцы, таму што будучаму настаўніку вельмі важна ўмець прадстаўляць свой прадмет і быць добрым суразмоўцам.

— У студэнтах спалучаюцца крэатыўнасць, адукаванасць, тэхнічныя веды, і ў выніку атрымліваецца цікавы і карысны прадукт, — гаворыць загадчык медыялабараторыі Цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій БДПУ Ніна Хоміч.

БДУ: упэўнена — да прафесійнага кантэнту

“Студэнцкае тэлебачанне БДУ” сёлета адзначыць сваю другую гадавіну. Але яго карані сыходзяць у 2005 год, калі на базе факультэта журналістыкі было створана мала-дзёжнае творчае тэлерадыёаб’яднанне, якое ў 2010 годзе стала вучэбнай лабараторыяй эксперыментальных аўдыявізуальных праграм. Першапачатковай мэтай лабараторыі была вытворчасць запатрабаванага кантэнту, падрыхтоўка эксперыментальных праграм і іх увядзенне ў вучэбны працэс для ўдасканалення прафесійнай падрыхтоўкі будучых журналістаў. Таму на базе лабараторыі быў створаны тэлеканал “Журфак ТБ”, які знайшоў шырокую аўдыторыю ў інтэрнэце і лёг у аснову стварэння “Студэнцкага тэлебачання БДУ”.

— Перад намі паўстала задача папулярызацыі ўніверсітэта і яго дзейнасці, паведамлення інфармацыі пра жыццё ўстановы студэнтамі для студэнтаў, — гаворыць кіраўнік вучэбнай лабараторыі эксперыментальных аўдыявізуальных праграм дырэктар канала Аляксандр Рудніцкі. — З гэтай нагоды было вырашана даць старт новаму каналу і абвясціць кастынг супрацоўнікаў “Студэнцкага тэлебачання БДУ”. Ініцыятыва была добра сустрэта моладдзю: свае заяўкі даслалі больш за 200 чалавек з розных факультэтаў.

Сёння штат маладзёжнага тэлебачання складаюць 25 студэнтаў, для якіх часта праводзяцца майстар-класы па відэамантажы, тэхніцы маўлення, прамоўніцкім мастацтве. “СтудТБ” мае вялікую тэхнічную базу: павільёны для здымак, студыю гуказапісу, кабінет відэамантажу і інш. Акрамя таго, канал мае свае карэспандэнцкія пункты.

З просьбамі асвятліць пэўнае мерапрыемства да “Студэнцкага тэлебачання БДУ” звярталіся Міністэрства адукацыі, БРСМ, адміністрацыя Маскоўскага раёна сталіцы, грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю БДУ і шматлікія ўстановы ўніверсітэта.

Куратарам студэнцкага тэлебачання з’яўляецца медыяцэнтр БДУ, які забяспечвае работу “СтудТБ” у інфармацыйнай прасторы ўніверсітэта. За гады існавання “Студэнцкае тэлебачанне БДУ” выпусціла ў эфір больш за 130 рэпартажаў. Іх галоўная каштоўнасць — якасць здымкі і гуку, а таксама аператыўнасць.

Нягледзячы на юны ўзрост, канал мае шэраг дасягненняў: перамогі на Мінскім фестывалі маладзёжных СМІ “Маладзёжны акцэнт” (намінацыя “Інтэрнэт-СМІ”), конкурсах “Лепшы маладзёжны праект БДУ-2017” (гран-пры) і “Лепшы студэнцкі медыйны рэсурс БДУ” (паднамінацыя “Лепшы УouТube-канал”). За гэты час “СтудТБ” пачало актыўную работу са школьнікамі: канал стаў арганізатарам конкурсу “Відэа абітурыента”, які дазваляе дзецям павялічыць шанс на паступленне ў Інстытут журналістыкі БДУ.

***

Усе маладыя людзі, якія маюць адносіны да студэнцкага тэлебачання, адзначаюць, што праца ў калектыве змяніла іх, пашырыла кругагляд, надала ўпэўненасці, зрабіла больш цярплівымі і ўседлівымі. Цяпер вопытныя прафесіяналы хлопцы і дзяўчаты з камерай у руках самі адкрываюць гледачам свет сваіх універсітэтаў.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУІР.