Заўчора ў Беларускім дзяржаўным універсітэце прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў ХХ Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. Маладых даследчыкаў павіншавалі міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, старшыня аргкамітэта конкурсу рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук, рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук і Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.
Удзельнікамі цырымоніі сталі 80 студэнтаў і магістрантаў. Ім уручаны дыпломы Міністэрства адукацыі з прысваеннем звання “Лаўрэат XX Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў” і прэміі. Акрамя таго, усе лаўрэаты будуць рэкамендаваны для заахвочвання спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і ўключэння ў банк даных адоранай моладзі.
У сёлетнім конкурсе прынялі ўдзел студэнты і магістранты ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі, якія прадставілі 3865 навуковых работ. Лаўрэатамі прызнаны аўтары 70 работ (60 з іх падрыхтаваны індывідуальна і 10 — у суаўтарстве), 985 работам прысвоена першая катэгорыя, 1130 — другая і 784 — трэцяя.
“Дзякуючы конкурсу, мы маем магчымасць ацаніць узровень навуковай дзейнасці студэнтаў, — адзначыў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. — Так, актыўны ўдзел у конкурсе бяруць студэнты медыцынскіх устаноў адукацыі. Напрыклад, сёлета найбольшая колькасць работ паступіла з Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, і ўсе — вельмі высокага ўзроўню. Таксама ў апошнія гады заўважна прагрэсіруе і па колькасці, і па ўзроўні даследаванняў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Стабільную актыўнасць у навуковым конкурсе дэманструюць студэнты БДУ і БНТУ. Высокі ўзровень і вялікую практычную значнасць маюць таксама распрацоўкі студэнтаў БДУІР”.
Міністр звярнуў увагу на тое, што вынікі многіх работ можна з поспехам выкарыстоўваць у эканоміцы і сацыяльнай сферы. Напрыклад, магістрант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Максім Кручкоў у рабоце “Актыўная антэна для прыёму GPS і ГЛАНАСС сігналаў” прапанаваў новыя цікавыя тэхнічныя рашэнні. Павелічэнне дынамічнага дыяпазону актыўнай антэны, нізкі кошт і тэхналагічнасць робяць згаданую распрацоўку перспектыўным канкурэнтаздольным імпартазамяшчальным вырабам. Вынікі работы Маскіма Кручкова ўжо ўкаранёны ў Навукова-тэхнічным цэнтры па матэрыялазнаўстве Нацыянальнай акадэміі навук, а малады даследчык удастоены прэміі НАН Беларусі імя В.Ф.Купрэвіча.
Важнае тэарэтычнае і прыкладное значэнне мае сумесная работа студэнта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Станіслава Чапелава і студэнткі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ганны Шышаковай “Аўтаматызацыя сродкаў абароны водных аб’ектаў ад нафтавых забруджванняў”. Маладыя даследчыкі зрабілі маштабную ацэнку нафтавага забруджвання Заходняй Дзвіны і яе прытокаў, змадэляваўшы сітуацыю аварыйнага разліву нафтапрадуктаў, што дазволіла ўбачыць магчымую міграцыю па рачной сетцы небяспечных забруджвальных рэчываў. З улікам атрыманых вынікаў аўтары распрацавалі аўтаматызаваныя тэхнічныя сродкі для абароны водных аб’ектаў, такія як камбінаваны механічны бон, камбінаваная платформа для збору нафтанасычанага сарбенту і смецця з паверхні вады і іншыя. Аўтары падалі ўжо 4 заяўкі на выдачу патэнта на вынаходства, а распрацаванымі тэхнічнымі сродкамі зацікавіліся Навукова-даследчы цэнтр Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і прадпрыемства “Захад-Транснафтапрадукт”.
Падобных даследаванняў, якія могуць знайсці шырокае практычнае прымяненне ў эканоміцы краіны, вельмі шмат. Дастаткова сказаць, што больш за дзве тысячы конкурсных работ пацверджаны патэнтамі і актамі ўкаранення ў вытворчасць і вучэбны працэс.
Рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук, які больш як дзесяць гадоў узначальваў аргкамітэт конкурсу на пасадзе першага намесніка міністра адукацыі, адзначыў, што з кожным годам узровень конкурсу расце: “Калі 15 гадоў назад на конкурс было прадстаўлена каля 800 студэнцкіх работ, то сёлета іх было ўжо амаль 4 тысячы. Пашырылася і геаграфія ўдзельнікаў. Так, у гэтым годзе першую катэгорыю атрымалі работы з 50-ці ўніверсітэтаў, а студэнты і магістранты 26-ці ўніверсітэтаў сталі лаўрэатамі. Істотна вырас таксама якасны ўзровень работ: па іх выніках удзельнікі конкурсу апублікавалі 6 300 навуковых артыкулаў, сотні вынікаў былі ўкаранёныя ў вытворчасць”.
Дарэчы, трэба заўважыць, што цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў не выпадкова праходзіла менавіта ў БДУ. Універсітэт з’яўляецца рэспубліканскім метадычным і інфармацыйна-аналітычным цэнтрам навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў і ўжо амаль 20 гадоў сумесна з Міністэрствам адукацыі забяспечвае арганізацыю і правядзенне згаданага конкурсу.
Акрамя таго, Белдзяржуніверсітэт займае значнае месца ў сістэме падрыхтоўкі навуковай моладзі. Тут вучыцца кожны пяты аспірант Беларусі і кожны трэці аспірант-замежнік. Працэнт абарон пасля заканчэння аспірантуры ў БДУ самы высокі ў краіне. Заслугоўвае ўвагі і той факт, што сярод лаўрэатаў ХХ Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў — сем гадаванцаў БДУ.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.