Студэнцкая навука: выйграюць усе

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі ганаравалі лаўрэатаў XXV Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін узнагароджавае пераможцаў.

Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, на рэспубліканскі конкурс былі прадстаўлены 3703 навуковыя работы студэнтаў з 54 устаноў вышэйшай адукацыі. Найбольш актыўны ўдзел у конкурсе прынялі прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (294 работы), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (277 работ), Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (262 работы), Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (198 работ).

— Навукова-даследчая работа студэнтаў — важны складнік дзейнасці кожнай установы вышэйшай адукацыі, — адзначыла на цырымоніі ўзнагароджання першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава. — З аднаго боку, гэта ўклад у прафесійны рост будучага спецыяліста, а з другога — забеспячэнне пераемнасці ў падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. Пры гэтым выйграюць усе. Студэнт набывае якасці, якія спатрэбяцца яму на працягу жыцця, дзе б ён ні працаваў: самастойнасць меркавання, уменне канцэнтраваць увагу, пастаянна ўзбагачаць уласны запас ведаў, шырока глядзець на праблемы, мэтанакіравана і ўдумліва працаваць. Грамадства атрымлівае годнага грамадзяніна, які, маючы згаданыя якасці, зможа эфектыўна вырашаць пастаўленыя задачы.

Сумарны вынік сапраўды ўражвае. Так, удзельнікамі рэспубліканскага конкурсу апублікавана больш за 8 тысяч артыкулаў і каля 6,4 тысячы тэзісаў дакладаў. Укаранёны ў вытворчасць і вучэбны працэс больш як 5,6 тысячы распрацовак, атрымана 79 дакументаў па ахове інтэлектуальнай уласнасці.

— У нас няма прыродных выкапняў, чым багатыя іншыя краіны, затое ў нас ёсць вельмі таленавітыя людзі. І на гэтым сёння можна зарабляць намнога больш, — заўважыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін.

Па выніках рэспубліканскага конкурсу званне лаўрэата прысвоена аўтарам 70 навуковых работ (з іх 8 работ падрыхтавана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, 5 — у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, 4 работы — у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце). Першую катэгорыю атрымалі 787 работ, другую — 1351 работа, трэцюю катэгорыю — 860 работ.

— Няважна, у якой сферы вы працуеце, галоўнае — ваша зацікаўленасць, — звярнуўся да ўдзельнікаў конкурсу намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Кілін. — Магчыма, гэта самае цікавае ў свеце, што можа выбраць для сябе чалавек, — пошук новага. Вы знайшлі крупінкі таго, чым ніхто, акрамя вас, не займаўся. І гэта натхняе.

Сяргей Якаўлевіч адзначыў, што сярод лаўрэатаў вельмі многа дзяўчат. І гэта агульная тэндэнцыя: колькасць жанчын у навуцы павялічваецца.

— Такія важкія перамогі ў маладым узросце — гэта зыходныя пункты для далейшага руху ў свет высокай навукі, — сказаў лаўрэатам конкурсу старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандр Гучок. — Мы чакаем вас і не сумняваемся, што вы рэалізуеце сябе ў жыцці. Жадаю вам застацца патрыётамі вашай прафесіі, патрыётамі вашых універсітэтаў, патрыётамі вашых навуковых школ і патрыётамі нашай краіны!

Рэктар БДУІР Вадзім Богуш назваў пазітыўным той факт, што многія навуковыя работы зроблены ў суаўтарстве.

— Час адзіночак у навуцы прайшоў, — адзначыў Вадзім Анатольевіч. — Прыемна бачыць, што ёсць работы, якія выконваліся няхай сабе маладымі, але ўжо калектывамі. Навуковы шлях няпросты: вам давя­дзецца рабіць шмат дакладаў, выступаць у дыскусіях і г.д. Аднак сапраўднага поспеху дасягаюць тыя, хто працуе ў вялікіх праектах, у каго ёсць каманды і ў каго ёсць сябры. Я вам жадаю прафесійнага росту і фарміравання згуртаванага калектыву аднадумцаў!

Як заўважыла Ірына Старавойтава, якасць конкурсных работ у значнай ступені вызначаецца прафесіяналізмам навуковых кіраўнікоў. Падчас XXV Рэспублікан­скага конкурсу навуковых работ студэнтаў іх было каля 3 тысяч — разумных, таленавітых, зацікаўленых універсітэцкіх выкладчыкаў і вучоных. І тыя 70 работ, што прынеслі сваім аўтарам званне лаўрэатаў, і вялізная колькасць работ, якім прысуджаны катэгорыі, і сотні іншых работ, чые перамогі яшчэ наперадзе, — гэта плён сумеснай працы вельмі многіх людзей і, па вялікім рахунку, поспех усёй вышэйшай школы.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.