“Студэнцкая восень” на Віцебшчыне

Адметнасцю самага маштабнага рэспубліканскага маладзёжнага прафсаюзнага форуму сёлета стала пашырэнне геаграфіі і складу ўдзельнікаў: “Студэнцкая восень” са сталіцы выйшла ў рэгіёны і, акрамя студэнтаў, ахапіла яшчэ і навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.


У Віцебскай вобласці форум сабраў больш за 1,5 тысячы юнакоў і дзяўчат. Цэнтральнай яго падзеяй варта назваць “Універсітэцкую сераду” — спецыяльны праект, у рамках якога ўстановы адукацыі запрасілі будучых абітурыентаў на выставу прафарыентацыйнай, іміджавай прадукцыі і масмедыя, прэзентавалі свае спецыяльнасці, дасягненні і магчымасці. Праграма “Студэнцкай восені” прадугледжвала таксама семінар-нараду са старшынямі прафсаюзных пярвічак устаноў адукацыі пры ўдзеле прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання і сацыяльных партнёраў, а таксама азнаямляльныя экскурсіі на буйныя прамысловыя прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы рэгіёна. Размеркаванне ў экскурсійныя групы адбывалася паводле профілю прафесійнай падрыхтоўкі, прычым студэнтаў і навучэнцаў знаёмілі не толькі з магчымым месцам працаўладкавання пасля атрымання дыплома, але і з работай прафсаюзных арганізацый і маладзёжных саветаў, прэферэнцыямі і гарантыямі для маладых спецыялістаў. Заключныя акорды форуму прагучалі ў канцэртнай зале “Віцебск”, дзе адбыўся грандыёзны гала-канцэрт “Мая ВНУ — мая малая радзіма”.