Студэнцкі, шматмоўны, каларытны

- 10:14Культура

28 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі любы жадаючы мог стаць удзельнікам майстар-класаў па летэрынгу і ткацтве паясоў, даведацца, як правільна выразаць цзяньшы і што такое мехендзі, павучыцца танцаваць куштдэпдзі, плесці туркменскія фенечкі і апранаць сары — карацей, далучыцца да традыцый розных краін свету і кагорты таленавітых і актыўных юнакоў і дзяўчат, якія сталі фіналістамі Рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адуацыі Fеst.-ART.bу.

Традыцыйны фестываль, арганізаваны Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, сёлета сабраў неверагодную колькасць удзельнікаў. Толькі ў заключным гала-канцэрце прынялі ўдзел каля 300 студэн­таў, якія родам з Азербайджана, Узбекістана, Туркменістана, Конга, Манголіі, Арменіі, Шры-Ланкі, Індыі, В’етнама, Кітая, Нігерыі і іншых краін. Усе яны прадставілі сваю радзіму і адметнасці сваёй нацыянальнай культуры крэатыўна, каларытна і эмацыянальна.

З кожным годам у Беларусь на вучобу прыязджаюць усё больш замежных студэнтаў, якіх прываблівае высокі ўзровень падрыхтоўкі і добразычлівыя адносіны да іншаземцаў. Зараз у нашай краіне атрымліваюць адукацыю больш за 23 тысяч юнакоў і дзяўчат з 108 краін свету. Сёлета Fest.-ART.by стартаваў у лютым у Оршы на рэспубліканскім свяце “Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2019”. За гэты час пад дэвізам “Моладзь свету: самабытнасць, салідарнасць, супрацоўніцтва” ў беларускіх універсітэтах адбыліся шматлікія конкурсы, розныя творчыя мерапрыемствы і сустрэчы паміж УВА. На іх студэнты прадэманстравалі свае перспектыўныя праекты, амбіцыйныя імкненні і творчыя праграмы. Было рэалізавана і прадстаўлена звыш 130 творчых праектаў.

Як адзначыла загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў НЦМТДіМ Алена Лаўрыновіч, у гэтым годзе ў завочных і вочных конкурсах удзельнічала 26 устаноў вышэйшай адукацыі. “Замежныя студэнты, якія прыязджаюць да нас вучыцца, атрымліваюць яшчэ і пэўны культурны вопыт. І калі яны вернуцца на радзіму, то будуць не проста спецыялістамі, а спецыялістамі, якія атрымалі адукацыю ў Беларусі, — дадала яна. — На гала-канцэрце “Беларусь, я табе сваю творчасць прысвячаю” мы адлюстравалі супрацоўніцтва паміж студэнтамі розных краін, падкрэсліваючы такім чынам важнасць міжкультурных дыялогаў”.

Госці і ўдзельнікі канцэрта мелі магчымасць ацаніць маштаб і насычанасць фестывальнага марафону на інтэрактыўных пляцоўках, якія былі прадастаўлены пераможцам і прызёрам Fest.-ART.bу для дэманстрацыі лепшых творчых праектаў і правядзення майстар-класаў. Так, студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта паказалі работы ў тэхніцы летэрынг, якія сталі аздабленнем знакамітых радкоў Якуба Коласа “Мой родны кут, як ты мне мілы”. А танцавальны калектыў “Ашхабад” з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прадэманстраваў куштдэпдзі.

На ўрачыстым адкрыцці гала-праграмы “Беларусь, я табе сваю творчасць прысвячаю” начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык падкрэсліў, што ў Беларусі асаблівая ўвага ўдзяляецца не толькі навучанню, але і выхаванню. “У нас замежныя студэнты могуць раскрыць свае таленты, падзяліцца сваёй культурай і звычаямі. Думаю, чым больш будзе зносін і ўзаемаразумення ў сферы культуры і адукацыі, тым лепшым стане наш свет, — сказаў ён. — На гэтым канцэрце сабралася самая лепшая, самая таленавітая, самая актыўная замежная моладзь, якая ўмее не толькі добра вучыцца, але і паказваць сваю культуру і самабытнасць свайго народа”. Эдуард Тамільчык урычыў дыпломы Міністэрства адукацыі прадстаўнікам 26 УВА.

У межах форуму праводзяцца крэатыўныя рэспубліканскія конкурсы і праекты. Усе праекты-пераможцы — гэта ідэі і рашэнні цэлых творчых груп, якія аб’яднаны крэатывам і энергіяй. Фестываль дае магчымасць не толькі праверыць свае таленты, але і завесці сяброўскія адносіны паміж прадстаўнікамі розных краін, якіх аб’яднала Беларусь і жаданне вучыцца ў нашай краіне. Варта адзначыць, што вялікую цікавасць сярод студэнтаў выклікаў конкурс “Чытаем разам — чытаем па-беларуску”, пераможцамі якога сталі студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з Туркменістана, Манголіі, Конга і Беларусі. Асновай іх работы стала творчасць Францыска Скарыны.

Сёлета ў межах Fest.-АRT.by прайшоў конкурс “Арнаменты краін у арнаменце свету”. Перамог праект, які расказвае пра арнаменты і традыцыі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Узбекістана, Іарданіі, В’етнама, Туркменістана, Лівіі і Беларусі. Творчая група Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі стварыла ролік, сутнасць якога заключаецца ў наступных словах: “Мы ўсе розныя і сімвалы ў нас розныя, аднак усе мы дзеці адной Зямлі, якая нас любіць, і свеціць нам адно сонца — сонца міру і дабрыні”. Акрамя таго, у гэтым конкурсе была адзначана і студэнтка БДУ Мая Клычава, якая з’яўляецца ініцыятарам многіх творчых і культурных падзей на факультэце і ва ўніверсітэце, арганізоўвае сустрэчы і майстар-класы, на якіх знаёміць з арнаментамі сваёй краіны.

А студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Руслана Талсташэева, якая прыехала з Узбекістана, стала лепшай у выставе-конкурсе “Час творчасці: дыялогі”. Дзелячыся ўражаннямі ад форуму і Беларусі, яна прызналася, што хоць і нядаўна ў нашай краіне, але ўжо паспела палюбіць яе за “культуру, шчыры народ, грунтоўную адукацыю і цікавыя заняткі”. А прыводзячы прыклад дыялогу творчасці і культур, яна прыгадала танец “Полька”, які ёсць у абе­дзвюх краінах.

Вось так Fest.-ART.by знаёміць не толькі з культурай, традыцыямі і гісторыяй шматлікіх краін свету, але і дае магчымасць адчуць энергію і душу розных народаў. І хоць форум-2019 завершаны, але не за гарамі новы год, а значыць — і чарговы фестываль, які зноў будзе насычаны новымі адкрыццямі і цікавымі мерапрыемствамі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.