Студэнты  БДУ на прэстыжным п’едэстале

На чэмпіянаце свету па праграмаванні сярод студэнтаў (ІСРС) каманда БДУ стала сярэбраным прызёрам. У фінале статуснага спаборніцтва беларусы абышлі больш за сотню каманд.

Чэмпіянат свету па праграмаванні сярод студэнтаў — гэта найбуйнейшае міжнароднае спаборніцтва маладзёжнай эліты сусветнага праграмавання. Праводзіцца з 1977 года міжнароднай арганізацыяй ACM у тры этапы: чвэрцьфінал, паўфінал і фінал.

Беларускія каманды пачалі ўдзельнічаць у чэмпіянаце з 1995 года. За гэты час студэнты БДУ прывезлі на Радзіму “золата” (Чэхія, 2004 г.), “бронзу” (Канада, 2008 г.) і тры “серабры” (Польшча, 2012 г.; Расія, 2013 і 2021 гг.).

У маскоўскім фінале чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў спаборнічалі 117 каманд з 63 краін свету. БДУ прадстаўлялі выпускнікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Ягор Дубовік, Фёдар Карабейнікаў і чацвёртакурснік Аляксандр Кернажыцкі. Трэнерамі каманды выступілі загадчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі ФПМІ Уладзімір Котаў і старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі Аляксей Тоўсцікаў. 

Сярэбраны медаль дапамог беларусам зноў уварвацца ў топ сусветнага праграмавання. Апошнюю ўзнагароду на чэмпіянаце свету прадстаўнікі БДУ заваёўвалі ў 2013 го­дзе. І вось цяпер сапраўдны прарыў!

Па правілах ІСРС у фінале разыгрываліся 12 прызавых месцаў: па чатыры залатыя, сярэбраныя і бронзавыя медалі. У барацьбе за “золата” каманда БДУ саступіла прадстаўнікам Ніжагародскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.І.Лабачэўскага (Расія), Сеульскага нацыянальнага ўніверсітэта (Паўднёвая Карэя), Універсітэта ІТМО і Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута (Расія). “Серабро”, разам з нашымі студэнтамі, атрымалі каманды з Вроцлаўскага ўніверсітэта (Польшча), Кембрыджскага ўніверсі­тэта (Вялікабрытанія) і Бухарэсцкага ўніверсітэта (Румынія). У вельмі напружанай барацьбе беларусам удалося абысці бронзавых прызёраў — каманды Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта радыёэлектронікі (Украіна), Ілінойскага ўніверсітэта ва Урбане-Шампэйне (ЗША), Вышэйшай школы эканомікі (Расія) і Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (ЗША).

Асаблівасцю маскоў­скага фіналу чэмпіянату свету стала павелічэнне колькасці заданняў да 15 і выдзяленне для іх рашэння трох камп’ютараў на каманду. Раней прапаноўвалася 12 задач і адзін камп’ютар. 

Наступны фінал ICPC адбудзецца ў лістападзе 2022 года ў Бангладэш.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.