Студэнты БДУІР пакараюць YouTube

- 17:05Вышэйшая школа, Рознае
Увага, мікрафон уключаны! Жалюзі ссунуты і выстаўлены свет. Ідзе запіс. Канчатковы выгляд сюжэты, ролікі і фільмы набываюць менавіта тут, у двух пакоях — для карэспандэнтаў, дзе можна запісаць закадравы тэкст, і для мантажораў.
Саміх жа творцаў маладзёжнага тэлебачання БДУІР каля дваццаці. Калі быць больш дакладным, тры супрацоўнікі відэастудыі і студэнты. І ўсе, за адзіным выключэннем, “радыётэхнікі”…
“Гангнам стайл” ад БДУІР

Тое, што студэнты-тэхнары любяць і могуць здымаць якаснае відэа, нікога не здзівіць. Успомніць хаця б мінулы год, як студэнт БДУІР зняў адпаведнік на нашумелы кліп “Гангнам стайл” і сабраў тысячы праглядаў на YouTube. Ці конкурсны ролік пад назвай “Трэйлер”, дзе расказваецца пра надыход сесіі, які некалькі гадоў назад на конкурсе студэнцкіх відэаролікаў сярод тэхнічных ВНУ “Відэарадыус БНТУ” ўзяў адну з прэстыжных намінацый “Самы якасны відэаролік”.
Толькі відэастудыя — гэта не адзінкавы ролік ці сюжэт, падрыхтаваны спецыяльна да конкурсу. Гэта пастаянная і аператыўная работа.

Журналісты вучацца ў журналістаў

Інфармацыйныя сюжэты, якія ствараюць на відэастудыі, амаль нічым не адрозніваюцца ад тых, што мы бачым па тэлебачанні. Асноўная тэма — БДУІР.
“Мы здымаем сюжэты пра жыццё моладзі, дзе задзейнічаны ўніверсітэт. Напрыклад, рабілі сюжэт з фестывалю моладзі ў Горках, — расказвае Алена Сакалоўская, прэс-сакратар БДУІР, якую называюць кіраўніком відэастудыі. — Гэтыя рэпартажы выкладваем на сайце ўніверсітэта і на ўласным канале на YouTube. Часам выкладваем на Onliner альбо на TUT.BY”.
Галоўнае патрабаванне — прафесіяналізм. “Я стараюся наблізіць работу маладзёжнага тэлебачання да прафесійнага ўзроўню. Так, у нас праходзяць заняткі па начытцы, на якія студэнты прыносяць тэксты тэлеканалаў. Робяць гэта, каб адчуць, як пішуць прафесіяналы”, — гаворыць Алена Сакалоўская.
Відэастудыя здымала і рэкламу ўніверсітэта, разлічаную на абітурыентаў і іх бацькоў, якую паказвалі па беларускім тэлебачанні: на Беларусь 1 і АНТ. Зараз у планах зняць сацыяльную рэкламу.
Каманда відэастудыі стварае ролікі, многія з якіх можна аб’яднаць тэмай роднай альма-матар. “У нас быў адкрыты “Разумны клас” (пра яго мы пісалі ў “Настаўніцкай газеце”. — Заўв. аўт.), праходзілі дні абітурыента. Гэта можна ўбачыць у роліках”, — гаворыць Алена Сакалоўская.
З апошняга найбольшую колькасць праглядаў набралі “Небеларускія студэнты. Як сказаць” і “Навагодні кліп”, таму пра іх мы пагаворым крыху падрабязней.
Ролік з замежнымі студэнтамі кранае сваёй інтэрнацыянальнасцю. Нігерыя, В’етнам, Іран, Расія — геаграфія родных краін студэнтаў, якія вучацца ў БДУІР, вельмі шырокая. Замежныя студэнты коратка, амаль адным словам гавораць пра тое, якая для іх Беларусь, якое першае слова па-беларуску яны сказал і што іх любімая страва дранікі (так сталася, што густы аказаліся падобнымі). Пасля чытаюць маленечкія ўрыўкі з “Зоркі Венеры” нашага беларускага класіка…
Такім жа душэўным аказаўся і “Навагодні кліп”, поспех якога нельга спісаць на святочны настрой. “Усё атрымалася спантанна. Спантанна захацелася нечага казачнага ў пераднавагоднія тыдні”, — гаворыць Алена Сакалоўская. Прыдумкі ж спатрэбіліся не толькі ў напісанні тэксту песні.
“Калі мы вырашылі зняць “Навагодні кліп”, усе адназначна сказалі, што запісаць гук у нашым памяшканні нерэальна. Аднак Іван Андрушкевіч (студэнт 2 курса і амаль адзіны чалавек у відэастудыі, які можа быць і карэспандэнтам, і аператарам, і мантажорам. — Заўв. аўт.) зрабіў гэта рэальным. Скруціў нейкія правадкі — і мы запісалі гук”, — расказвае Алена Сакалоўская.
“Нічога дзіўнага, — кажа Іван. — Можна было проста паставіць плэер і праспяваць. Аднак нашы спевакі хацелі чуць сябе і чуць музыку. Мы пашукалі ў запасах Максіма Юр’евіча (супрацоўнік відэастудыі, які адказвае за работу з аператарамі. — Заўв. аўт.), знайшлі перахаднікі. У нас усё атрымалася”.
Ад здымак кліпа засталіся прыемныя ўспаміны: гітара, лаўка, ліхтар… і снег, які падае, — класічная рамантычная сцэна. “На тарку нацёрлі пенапласт і гэты снег раскідвалі венікам”, — успамінае Алена Сакалоўская.
Лаўку папрасілі ў першым рэктарскім корпусе. Ліхтар зрабілі з кардону і звычайнай вешалкі. А сінім фонам сцен, які нагадвае зімні глыбокі вечар, стала сіняя тканіна, якую пазычылі ў краўца ўніверсітэта.

Новы дубль, альбо БДУІРаўская фільмаграфія

Відэастудыя працуе і ў больш “доўгаметражных” жанрах — фільмах, прысвечаных маштабным падзеям. Першай такой спробай стаў “Навагодні фільм”, дзе аўтары ўспамінаюць, якім быў гэты год для ўніверсітэта і яго студэнтаў. Так, узгадалі і новую лабараторыю з найноўшай тэхнікай для вучобы студэнтаў, і адкрытыя філіялы кафедр БДУІР у Чыкага і Бостане.
Зараз заканчваюць працаваць над фільмам, прымеркаваным да юбілею БДУІР (яму 15 сакавіка споўніца 50 гадоў). Фільм пакажуць на ўрачыстым канцэрце ў гонар гэтай падзеі ў Вялікім тэатры оперы і балета.
“Галоўныя героі — людзі, жыццё якіх звязана з БДУІР: яны тут вучыліся і тут працуюць. Гэта нашы прарэктары і навукоўцы”, — гаворыць Алена Сакалоўская.
“Мяне вельмі кранула, як прарэктар па вучэбнай рабоце і сацыяльных пытаннях Аляксандр Аляксандравіч Хмыль расказваў, што менавіта тут, у БДУІР, ён пазнаёміўся са сваёй жонкай Аляксандрай Аляксандраўнай. Людзі столькі гадоў жывуць разам, і ён з такім трапятаннем хоча падзякаваць універсітэту за гэта. Мы перапісвалі гэты фрагмент разоў пяць”, — успамінае здымачныя часы Алена Сакалоўская.
Пра тое, што ва ўніверсітэце вучыліся амаль адны хлопцы, таксама скажуць у фільме. Недахопу ж дзявоцкай кампаніі не было. У БДУІР ладзіліся вечарыны і канцэрты, якія ведаў увесь Мінск і на якія любілі прыходзіць дзяўчаты з ўсяго горада.
У фільме пакажуць і хроніку. За кадрамі мінулага ездзілі ажно ў Дзяржынскі архіў. “Цікава паглядзець прататыпы робатаў. Цікава і тое, як выглядаў універсітэт у тыя часы, як выглядалі людзі, як яны танцавалі і адпачывалі”, — гаворыць Алена Сакалоўская.

Крыху гісторыі з прысмакам вынаходніцтваў

“Тады была адна камера і мікрафон. Першыя мантажы рабілі на відзіках”, — успамінае Максім Юр’евіч Максак, які адзін з першых прыйшоў працаваць у тагачасны тэлецэнтр. Гэта было 13 гадоў назад. Ён помніць і самыя першыя трансляцыі відэа на так званыя тэлевізары-кубікі.
“Самую першую сістэму трансляцыі на фае прыдумаў сам, дзякуючы тым інжынерным ведам, якія далі нам ва ўніверсітэце”, — гаворыць Максім Юр’евіч (Максім Юр’евіч скончыў БДУІР. — Заўв. аўт.).
Сістэма была самаробная, з запчастак, якія Максім Юр’евіч знайшоў у лабараторыі дэмантажу. “Тое, што разабралі і выкінулі, я падабраў, перерабіў, і ў мяне ўсё запрацавала”, — успамінае субяседнік.
Зараз тэлевізары-кубікі засталіся хіба толькі ў памяці. Замест іх у карпусах вісяць сучасныя плазмы. Аднак зноў не абышлося без вынаходніцтваў.
“Як зрабіць, каб відэа можна было паказваць ва ўсіх карпусах: 3 стаяць побач, а да 2-х — кіламетра 1,5 па прамой”, — гаворыць Максім Юр’евіч. “Транспартнай” стала камп’ютарная сетка, якая ахоплівае ўсе вучэбныя будынкі ўніверсітэта і інтэрнаты.
“У нас ёсць камп’ютары, якія перадаюць патокавае відэа ва ўсе кропкі, дзе вісяць панэлі. Наўрад ці ёсць у рэспубліцы аналагі такой цэнтралізаванай лакальнай універсітэцкай сістэмы. Так, ёсць спецыялізаваныя сістэмы, аднак там укладзена вельмі шмат грошай”, — тлумачыць суразмоўца.
Ад тэхнічных тонкасцей пяройдзем да творчых. У гэтым сэнсе Максіму Юр’евічу пашчасціла: першыя яго тэлевізійныя спробы, калі ён быў яшчэ студэнтам, ацэньвалі прафесіяналы, якія не адзін год працавалі на рэспубліканскім тэлебачанні. “Я паказваў свае матэрыялы дасведчаным людзям з тэлебачання, рэжысёрам. Глядзеў, як здымаюць яны”, — расказвае Максім Юр’евіч.
Зараз сваім вопытам дзеліцца са студэнтамі. Спецыяльна для іх на дзверы шафы ў “карэспандэнцкай” павесіў шпаргалку для настройкі параметраў камеры.
У той жа “карэспандэнцкай” звяртае на сябе ўвагу вялікі штатыў-п’едэстал, па якім адразу відаць: “Зроблена ў СССР”.
“Я яго не аддам”, — словы Максіма Юр’евіча, калі спісвалі старую велізарную камеру, якая стаяла на гэтым, вылітым з металу, штатыве. “Так ён і прастаяў гадоў 8. І спатрэбіўся, калі купілі суфлёр. Прыдумаў перахаднік, начарціў — і слесары зварылі. Так што зараз нам не трэба траціць вялікія грошы на стойку для суфлёра”, — адзначыў Максім Юр’евіч.

 

Святлана ШЫЯН.
Фота прадастаўлена маладзёжным тэлебачаннем БДУІР.