Студэнты дапамагаюць вызначацца абітурыентам з выбарам спецыяльнасці і расказваюць пра навучанне ў БДЭУ

- 14:50Абитуриент, Образование, Приложение

Чым падабаецца цяперашнім студэнтам БДЭУ навучанне ва ўніверсітэце? Чым быў абумоўлены выбар той ці іншай спецыяльнасці? Як яны бавяць свой вольны час? Адказы на гэтыя пытанні шукала карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Уладзіслаў Юхневіч, студэнт 2 курса, старшыня культмасавага сектара студсавета (факультэт лічбавай эканомікі, спецыяльнасць “Эканамічная кібернетыка”):

— Дзякуючы актывістам студэнцкага савета, прафсаюзнага бюро і БРСМ сума­ваць студэнтам у пазавучэбны час не даво­дзіцца. Арганізацыйны сектар студсавета нашага факультэта заснаваў свае брэндавыя мерапрыемствы. Сярод іх інтэлектуальная гульня “Мазгабойня”, якая праводзіцца штомесяц па самых розных тэмах. Навуковы сектар займаецца арганізацыяй сустрэч з цікавымі, вядомымі спікерамі, у тым ліку з дата-аналітыкамі і дата-саентыстамі IT-сферы.

Культмасавы сектар праводзіць конкурс для першакурснікаў “Пярвак”. Сёлета мы прапанавалі праводзіць агульнаўніверсітэцкі калядны дабрачынны канцэрт для збору дапамогі дзіцячым дамам.

Кірыл Белы, студэнт 3 курса (факультэт эканомікі і менеджменту, спецыяль­насць “Менеджмент інавацыйны”):

— Ва ўніверсітэце праходзіць мноства мерапрыемстваў, якія робяць жыццё студэнтаў вясёлым і разнастайным. Я дапамагаю свайму культурна-масаваму сектару з напісаннем сцэнарыяў, пастаноўкай творчых нумароў, адказваю за фанацкі сектар факультэта. У чарадзе свят і конкурсаў традыцыйны Дзень першакурсніка, які праводзіцца на кожным факультэце, конкурсы “Студэнт года”, “Восеньскі марафон”, “Міс БДЭУ”. Дарэчы, у мінулым годзе на конкурсе “Студэнт года” я заняў 3-е месца.

Таксама праводзіцца мноства мерапрыемстваў, прымеркаваных да розных свят, памятных дат. Рыхтуючыся да святочных мерапрыемстваў, мы кожны дзень збіраемся з хлопцамі і дзяўчатамі, прыдумваем нешта новае, рэпеціруем. Студэнцкае жыццё праходзіць ярка і насычана.

Вольга Казлоўская, студэнтка 2 курса, старшыня студэнцкага савета (факультэт эканомікі і менеджменту, спецыяль­насць “Дзяржаўнае кіраванне”):

— Большасць студэнтаў БДЭУ актыўна ўдзельнічае ў самых розных мерапрыемствах не толькі факультэцкага і ўніверсітэцкага ўзроўню, але і ў гарадскіх, рэспубліканскіх акцыях. Мы ажыццяўляем дабрачынную, валанцёрскую дзейнасць.

Кожны тыдзень на факультэце не­шта праходзіць. У тым ліку інтэлектуальныя гульні, сустрэчы з цікавымі гасцямі, спартыўныя спаборніцтвы з выездам за горад. Нават падчас вялікага перапынку паміж парамі, які доўжыцца 30 мінут, мы паспяваем арганізаваць якія-небудзь гульні, віктарыны, міні-лекцыі.

Сёлета больш за 50 тысяч абітурыентаў будуць вызначацца з выбарам прафесіі, паступаць у тую ці іншую УВА. Цяперашнія студэнты БДЭУ расказалі, як яны рабілі свой выбар.

Юлія Папок, студэнтка 3 курса (факультэт лічбавай эканомікі, спецыяль­насць “Статыстыка”):

— У 11 класе, калі разважала над тым, які профіль у жыцці хачу выбраць, у прыя­рытэце аказалася эканоміка. Выбірала паміж двума профілямі: банкаўскай справай і статыстыкай. Выбар упаў на апошні. За тры гады вучобы я набыла шмат карысных ведаў і не расчаравалася ў выбары спецыяльнасці. Да таго ж ужо вызначана месца маёй працы — гэта адна са структур Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі. Ён заўсёды зацікаўлены ў спецыялістах, якіх выпускае толькі наш універсітэт.

Кірыл Небылоў, студэнт 2 курса, старшыня прафсаюзнага бюро (факультэт эканомікі і менеджменту, спецыяльнасць “Дзяржаўнае кіраванне”):

— Ужо ў 9 класе я зразумеў, што мяне цікавіць эканоміка, і вырашыў пасту­паць у профільную УВА — БДЭУ. Думаю, у сучасным свеце важна быць спецыялістам шырокага профілю. Мая спецыяль­насць дае вялікую манеўранасць пры выбары работы. Магчыма працаўладкаванне ў муніцыпальныя арганізацыі, органы мясцовага кіравання: выканкамы, аблвыканкамы. Таксама кваліфікацыя “эканаміст-менеджар” дазваляе працаваць і ў якасці менеджара.

Мая бягучая практыка пройдзе ў аддзеле рэнты ДА “Сталічны гандаль і паслугі”. А вось азнаямленчую практыку я прахо­дзіў у аддзеле эканомікі і плана адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Там выконваў пераважна вузкаспецыялізаваную работу, звязаную з падлікам інвестыцый у асноўны капітал, мэтавых паказчыкаў адміністрацыі. І я зразумеў: папяровая работа ў офісе — гэта не маё, мяне больш прыцягвае работа з людзьмі.

Паліна Данілевіч, студэнтка 4 курса (факультэт міжнародных адносін, спецыяльнасць “Сусветная эканоміка”):

— У 11 класе мне стала цікава вывучэнне глабальных міжнародных праблем, эканамічных крызісаў, таму я паступіла ў БДЭУ. За чатыры гады вучобы я ні разу не па­шкадавала аб сваім выбары. Мы вывучаем інвестыцыйны аналіз, які дазваляе зразумець, наколькі кампанія эфектыўна выкарыстоўвае фінансавыя рэсурсы, наколькі яна прыбытковая. Такі прадмет, як “Міжнародная інвестыцыйная дзейнасць”, знаё­міць з шырокім спектрам магчымых інвестыцый, спосабамі іх прыцягнення ў краіну. Калі ўнікаць ва ўсё гэта, то інфармацыя, скажам, пра ўзлёты і падзенні індэкса Доу-­Джонса зразумелая, як табліца множання.

Шмат цікавага даведаешся пасля праходжання практыкі. Я пазнаёмілася з дзейнасцю аўдытарскай кампаніі KPMG, Беларускай валютна-фондавай біржы, атрымала выдатную моўную практыку ў аддзеле знешне-эканамічнай дзейнасці Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, а яшчэ змагла папрактыкавацца ў холдынгу БелОМА, дзе вырабляецца аптычная апаратура. На пераддыпломнай практыцы ў Нацыянальным агенцтве інвестыцый і прыватызацыі я ўсвядоміла, што ў будучыні хацела б стаць іх супрацоўнікам. Аднак спачатку ў планах — працяг навучання ў магістратуры.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара