Відэаўрокі дапамогі людзям, якія перанеслі COVID-19, стварылі студэнты Гомельскага медуніверсітэта.

З восені мінулага года студэнты-валанцёры дапамагаюць аднаўляцца пацыентам стацыянараў Гомеля і Рэчыцы. Яны адчулі, што ў дапамозе мае патрэбу значна больш людзей. Пры COVD-19 рэабілітацыя падчас і пасля захворвання — важная частка нармалізацыі стану здароўя. Менавіта таму студэнты пачалі запісваць на YouTube відэаўрокі — https://www.youtube.com/channel/UCY_2JQq7ktajmjfYPy-NP3g. Акаўнт добраахвотніцкага руху нагадвае: “Вы не адны”.
Здымкі пачаліся з лёгкай рукі тады яшчэ прарэктара па лячэбнай рабоце Дзмітрыя Рузанава (нядаўна ён стаў дырэктарам РНПЦ медтэхналогій).
Прэс-сакратар Гомельскага медуніверсітэта Алена Смірнова ўдакладніла, што зараз зняты два ўрокі — па дыхальнай гімнастыцы і прон-пазіцыі (становішчы цела на жываце для паляпшэння вентыляцыі зон лёгкіх):
— Прадстаўленыя ў роліках практыкаванні паляпшаюць функцыю дыхання, павялічваюць крова- і лімфазварот у пашкоджаных долях лёгкіх. Комплекс будзе карысны людзям, якія хварэюць на лёгкую і сярэднецяжкую форму пнеўманіі пры COVID-19 ці аднаўляюцца пасля перанесенага захворвання. Пры рэгулярных занятках павінны зменшыцца задышка і слабасць падчас звычайнай штодзённай нагрузкі.
Каментарыі пад ролікамі ўжо ёсць:
“Дзеці, велізарны вам дзякуй за такі карысны відэаўрок! Мне паставілі дыягназ ковід, так што ўрок вельмі дарэчы. Упэўнена, што дзякуючы вашай дыхальнай гімнастыцы змагу без наступстваў пераадолець хваробу”.
“Дзякуй вам, дзеці! Пра прон-пазіцыю кажуць шмат, але як яе правільна выконваць — знайсці ў інтэрнэце няпроста. Вельмі актуальнае відэа”.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.