Студэнты — дарадчыкі

- 10:27Актуально, Апошнія запісы

Сустрэча прадстаўнікоў Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам прайшла ў галіновым міністэрстве.

Абраны старшыня студсавета Мікіта Колесаў і былы старшыня Іван Рыбнікаў прымае падзяку ад міністра адукацыі.

У першыя дні снежня ў Мінску праходзіла пасяджэнне Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры Міністэрстве адукацыі нашай краіны. У рамках савета быў праведзены шэраг мерапрыемстваў: трэнінгі на камандаўтварэнне і развіццё лідарскіх якасцей, майстар-класы па развіцці кіраўніцкіх навыкаў і работы ў інфармацыйнай прасторы, сустрэчы са студэнтамі вядучых універсітэтаў. Удзельнікі наведалі Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр.

Грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет з’яўляецца калегіяльным дарадчым органам студэнцкага самакіравання ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. Членамі савета з’яўляюцца прадстаўнікі 50 універсітэтаў з усёй краіны.

Напачатку быў прадстаўлены новы старшыня савета. Ім стаў студэнт БДПУ імя Максіма Танка Мікіта Колесаў. Міністр падзякаваў за работу былому старшыні Івану Рыбнікаву і адзначыў, што за гады яго кіравання было шмат зроблена. Увогуле, як адзначыў Ігар Карпенка, дзейнасць студэнцкага савета ў развіцці адукацыі краіны мае вялікае значэнне. “Без удзелу студэнтаў у прыняцці важных рашэнняў адукацыя сёння не зможа адпавядаць запытам грамадства. Для мяне студэнцкі савет — таксама экспертная супольнасць”, — заўважыў Ігар Васільевіч.

“Удзел у студэнцкім самакіраванні для маладога чалавека з’яўляецца выдатнай магчымасцю для яго сацыяльнай рэалізацыі”, — працягнуў кіраўнік ведамства. Міністр падкрэсліў, што важна будаваць дыялог паміж кіраўніцтвам навучальнай установы, педагогамі, навучэнцамі і студэнтамі.

“Вы сёння акумулюеце агульныя пытанні студэнцтва, якія неабходна вырашаць на ўзроўні Міністэрства адукацыі, урада і г.д. Мы разглядаем кожнага навучэнца і студэнта як актыўных суб’ектаў адукацыйнага працэсу. Але разам з тым максімальны эфект будзе тады, калі абодва бакі пачы­наюць падсілкоўвацца адно ад аднаго інфармацыяй, узаемадзейні­чаюць на такім узроўні, які дае найлепшы вынік.

Задача студэнцкага самакіравання — стварыць максімальнае ўзаемадзеянне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу з галоўнай мэтай — падрыхтаваць высокакваліфікаванага спецыяліста, які выйдзе ў самастойнае жыццё, будзе валодаць высокімі грамадзянскімі якасцямі і будзе накіраваны на тое, каб ствараць і развіваць сваю сям’ю”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Затым сустрэча перайшла ў фармат дыялогу. Студэнты выказвалі прапановы і задавалі розныя пытанні. У цэнтры ўвагі былі пытанні сацыяльнай актыўнасці студэнцкай моладзі, грамадзянска-патрыятычнага выхавання, пашырэння магчымасцей удзелу моладзі ў грамадскім жыцці.

Гаварылі пра студэнцкую практыку, каб яна была больш цесна звязана з вытворчасцю. Пра перакваліфікацыю і правілы паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Зайшла гаворка і пра пашырэнне мэтавага набору і адпаведныя магчымасці. Тут міністр адукацыі заўважыў, што падыходы да прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі мяняюцца, знімаюцца тэрытарыяльныя абмежаванні для арганізацый — заказчыкаў кадраў і павялічваецца колькасць месцаў, якія выдаткоўваюцца для прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

Каменціруючы пытанне па размеркаванні, Ігар Карпенка адзначыў, што выпускнікі, якія вучыліся на платнай аснове і размеркаваліся на першае месца працы, атрымаюць статус маладога спецыяліста з адпаведнымі кампенсацыямі і льготамі.

Трэба адзначыць, што студэнты добра вывучылі новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. Было нямала пытанняў па дакуменце. Закранулі Канцэпцыю развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года, якая нядаўна зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Сярод членаў студсавета былі маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця, якія закранулі пытанне пашырэння інклюзіўнай адукацыі. Міністр заўважыў, што ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі інклюзіўная адукацыя разглядаецца шырэй.

Таксама студэнтаў цікавілі пытанні стварэння так званых кар’ерных цэнтраў, музея Студэнцкай вёскі, інфармацыйна-прафілактычнай работы, а таксама інтэграцыя адукацыі ў Саюзнай дзяржаве.

У рамках дыялогу маладыя людзі выступілі з прапановамі па рэалізацыі некаторых новых маладзёжных праектаў, у тым ліку ўсеагульнага лікбезу школьнікаў па аказанні сабе першай медыцынскай дапамогі. У сваю чаргу Ігар Карпенка адзначыў, што падтрымае любыя сацыяльна значныя ініцыятывы студэнтаў, асабліва тыя, якія будуць садзейнічаць умацаванню міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.