Студэнты і іх патэнты

- 17:28Вышэйшая школа, Рознае

Першую заяўку на патэнт студэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Яўген Макевіч падаў, калі вучыўся на 3 курсе. У снежні 2012 года быў выдадзены патэнт на карысную мадэль “Прылада для размяшчэння мяса ў працэсе абвалкі і жылкавання”. Сёлета выпускнік-выдатнік інжынерна-тэхналагічнага факультэта рыхтуецца да размеркавання на ААТ “Ваўкавыскі мясакамбінат” і працягвае даследчыцкую дзейнасць разам са сваім навуковым кіраўніком — доктарам тэхнічных навук загадчыкам кафедры тэхнічнай механікі і матэрыялазнаўства Валянцінам Пацехам.

У сваім навуковым багажы Яўген Макевіч мае шэсць навуковых публікацый, у тым ліку адзін артыкул у часопісе ВАК, удзел у міжнародных навуковых канферэнцыях, якія праводзіліся ў Беларусі і Расіі. У 2013
годзе на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў быў адзначаны дыпломам І ступені. Тэма дыпломнай работы — “Удасканаленне канструкцыйна-тэхналагічнага працэсу вытворчасці сыравэнджаных каўбас”.
— Планую паступаць у аспірантуру, — расказвае Яўген. — Але лічу, што мне патрэбна і дасканалае веданне вытворчасці, што дазволіць паспяхова праводзіць навуковыя даследаванні. На Ваўкавыскім мясакамбінаце я праходзіў практыку, і мяне зацікавіла тэма прымянення азонавых тэхналогій. Гэтыя тэхналогіі дазволяць скараціць страты сыравіны і павысіць эфектыўнасць вытворчасці і канкурэнтаздольнасць прадукцыі, якая выпускаецца.

Яшчэ ў школе Яўген Макевіч цікавіўся хіміяй і матэматыкай, быў лаўрэатам Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Падчас вучобы ва ўніверсітэце таксама паказваў высокія вынікі на алімпіядзе па хіміі сярод студэнтаў аграбіялагічных і экалагічных факультэтаў краін СНД, займаў першае і другое месца. А з трэцяга курса стаў актыўна займацца навукай у студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Высокія тэхналогіі”.
Гэтая лабараторыя была створана ў аграрным універсітэце ў кастрычніку 2011 года. Кіруе ёй В.Л.Пацеха. У складзе лабараторыі таксама працуе школа маладога вынаходніка.
— Напрамкі дзейнасці лабараторыі адпавядаюць прыярытэтным навуковым даследаванням, актуальным для нашай краіны, — расказвае Валянцін Леанідавіч. — Гэта вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, наладжванне эфектыўнай безадходнай вытворчасці і атрыманне высакаякасных прадуктаў харчавання, у тым ліку прадуктаў для дзяцей. Студэнты таксама ўдзельнічаюць у навуковых даследаваннях, сярод якіх галоўнымі з’яўляюцца канструкцыйна-тэхналагічныя метады ўдасканалення харчовых перапрацоўчых вытворчасцей. Да нас прыходзяць студэнты пачынаючы з 2 курса. Здольнай і крэатыўнай моладзі ў нас дастаткова. На маю думку, можна дасягнуць яшчэ большых вынікаў,
калі своечасова вырашаць пытанні забеспячэння сучасным абсталяваннем і прыборамі. Ды і матэрыяльна заахвоціць студэн-таў можна.

За тры няпоўныя гады свайго існавання лабараторыя атрымала добрыя вынікі. Яшчэ тры студэнты — Яўгенія Комар, Дар’я Анацкая і Кацярына Лінкевіч — маюць патэнтныя заяўкі на карысныя мадэлі і вынаходніцтвы. Штогод студэнты атрымліваюць дыпломы на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў, удзельнічаюць у канферэнцыях у Беларусі і краінах замежжа.
Студэнт 2 курса Сяргей Будзіла пад кіраўніцтвам навуковага кансультанта студэнцкай лабараторыі прафесара Т.П.Троцкай даследаваў эфектыўнасць укаранення азонавых тэхналогій на сельскагаспадарчых прадпрыемствах Гродзенскага раёна. На Пружанскім ільнозаводзе амаль усе пасяўныя плошчы былі засеяны льном, апрацаваным па тэхналогіях, што ствараліся ў лабараторыі “Высокія тэхналогіі”. 200 гектараў плошчаў у Смаргонскім раёне засяваліся азаніраваным лубінам. Даследаванні тэханалогій з прымяненнем азону лічацца вельмі перспектыўнымі.
Прымяненнем іх у хлебапякарнай вытворчасці займаецца і Вікторыя Люткевіч, выпускніца 2014 года.
— Добра памятаю лекцыю па прыкладной механіцы на 2 курсе, якую нам чытаў Валянцін Леанідавіч Пацеха, — расказвае Вікторыя. — Ён гаварыў пра канструкцыі, пра навацыі, пра тое, чаго можна дасягнуць, калі займаешся навукай. А потым прапанаваў застацца пасля лекцыі тым, хто меў высокія балы паспяховасці (ад 8 да 10). У мяне на той час сярэдні бал быў 7,5, але я вельмі зацікавілася і папрасіла, каб мне дазволілі займацца ў студэнцкай лабараторыі. І не пашкадавала аб гэтым! Зараз у мяне сем надрукаваных артыкулаў. На Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў у 2013 годзе мая работа была адзначана дыпломам І ступені.

З праектам “Распрацоўка паказчыка навукаёмістасці для хлебапякарнай галіны” Вікторыя стала ўдзельніцай фінальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.
Што да вынаходніцтва Яўгена Макевіча, то яго прыстасаванне можа знайсці добрае прымяненне на невялікіх перапрацоўчых прадпрыемствах, якія максімальна набліжаны да сыравіннай базы, дзе патрэбна мабільнасць і хуткі пераход на апрацоўку розных відаў мяса.

 

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі АНІКЕВІЧ.