Студэнты змогуць прыняць удзел у вырашэнні ключавых праблем сістэмы адукацыі

- 12:51Актуально, Апошнія запісы

Год моладзі пачаўся знакавай падзеяй. Напрыканцы мінулага тыдня ў Горках на базе Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі прайшоў Рэспубліканскі маладзёжны студэнцкі форум “Моладзь — надзея і будучыня Беларусі”, у якім узялі ўдзел больш як 600 студэнтаў з 44 устаноў вышэйшай адукацыі краіны.

У рамках мерапрыемства была прадугледжана работа трох секцый: “Моладзь і сучаснасць: ініцыятыва, адказнасць, партнёрства”, “Моладзь у медыяпрасторы: вопыт, праблемы, стратэгія і сацыяльная актыўнасць”, “Спорт і здаровы лад жыцця моладзі: ад інтарэсу да вынікаў”. Студэнты атрымалі магчымасць задаць хвалюючыя іх пытанні намесніку міністра адукацыі Віктару Якжыку і начальніку ўпраўлення маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Наталлі Пшанічнай. Яркім момантам форуму стаў Рэспубліканскі конкурс “Студэнт года”. На спартыўных пляцоўках прайшлі таварыскі турнір па валейболе паміж студэнтамі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і Смаленскай сельскагаспадарчай акадэміі, адкрытае першынство БДСГА па армрэслінгу і рэспубліканскія спаборніцтвы па чырлідынгу “Формула будучыні: моладзь+здароўе”. Таксама госці мерапрыемства наведалі выставу праектаў грамадзянска-патрыятычнай, прафарыентацыйнай накіраванасці і маладзёжных ініцыятыў у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Я — грамадзянін Беларусі”.
У фармаце адкрытага дыялогу сустрэўся з лідарамі студэнцкага актыву міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. Ён падкрэсліў, што сістэме адукацыі і міністру асабіста надзвычай важна пачуць голас маладых.
“Я не згодны з тымі, хто сцвярджае, што моладзь сёння інфантыльная або яе цікавіць толькі фінансавы бок жыцця, — звярнуўся да студэнцкага актыву Міхаіл Анатольевіч. — І форум у Горках яшчэ раз запэўніў мяне ў гэтым. Бачу, наколькі не абыякавыя маладыя людзі да будучыні сваёй краіны. Сярод вас, без сумненняў, ёсць тыя, з каго можна браць прыклад”.
Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што ён не задаволены тым фактам, што маладзёжнае жыццё застаецца па-за інтарэсам тэлевізійных сродкаў масавай інфармацыі. З гэтай нагоды нядаўна адбылася сустрэча міністра адукацыі з кіраўніком Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам, падчас якой была дасягнута дамоўленасць аб актывізацыі маладзёжных праектаў на тэлебачанні. Пры гэтым Міхаіл Жураўкоў спадзяецца, што ў поле зроку тэлевізіёншчыкаў трапяць гісторыі маладых інжынераў, педагогаў, навукоўцаў…
“Мы назіраем дэфіцыт моладзі ў адукацыі і навуцы, — падкрэсліў міністр у ходзе дыялогу. — Няма так званай буфернай зоны паміж прафесурай і маладымі выкладчыкамі. Калі заўтра старэйшае пакаленне вырашыць пайсці на адпачынак, то вучыць і рухаць навуку наперад не будзе каму. І вырашаць гэтае пытанне прыйдзецца вам, сённяшнім студэнтам”.
Закрануў міністр адукацыі і тую акалічнасць, што сам працэс адукацыі сёння кардынальна змяніўся. Міхаіл Жураўкоў выказаў меркаванне, што ў многіх сучасных школьнікаў, якія не ўяўляюць вывучэнне матэматыкі, фізікі, хіміі без выкарыстання інтэрнэту, прафесар з крэйдай у руках выклікае па меншай меры здзіўленне. Разам з тым выкарыстанне інтэрактыўных сродкаў таксама не апраўдвае чаканняў, паколькі студэнты, выкарыстоўваючы гаджэты, часам займаюцца зусім не вучобай.
Асаблівую цікавасць і ў студэнтаў, і ў самога міністра, які нядаўна з’яўляўся першым прарэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, выклікала пытанне, якой павінна быць сучасная лекцыя. У якасці ўласнай сімпатыі ён прывеў манеру выкладання амерыканскай прафесуры, крыху агрэсіўную падачу матэрыялу, якая, тым не менш, дае магчымасць трымаць пастаянны кантакт з аўдыторыяй.
Абмеркавалі ўдзельнікі дыялогу і магчымасць ацэньвання працы выкладчыка студэнтамі. Міхаіл Анатольевіч расказаў, што ў свой час спецыяльна прывёз некалькі анкет з ЗША, Бельгіі і Польшчы, каб пазнаёміць з цікавым вопытам калег з БДУ. Як вядома, у суседняй Польшчы сістэма ацэньвання ўкаранялася няпроста. Калі студэнты выказвалі незадаволенасць работай выкладчыка, ён атрымліваў папярэджанне, калі сітуацыя не мянялася, яго чакалі меры, нават да звальнення. Аднак, як адзначаюць польскія спецыялісты, гэта прымусіла выкладчыкаў уваходзіць у аўдыторыі з адказнасцю. У БДУ такая прапанова не прыжылася — выкладчыцкі склад прагаласаваў супраць.
Таксама ўдзельнікі сустрэчы закранулі праблему студэнцкіх стажыровак. Як вядома, адным з асноўных кірункаў Балонскага працэсу з’яўляецца развіццё акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, выкладчыкаў і адміністрацыйна-кіраўніцкага персаналу. Наколькі гатовы да мабільнасці сучасныя беларускія студэнты? Як аказалася, не вельмі. Напрыклад, фонд студэнцкіх стажыровак, які ёсць у Міністэрстве адукацыі, штогод не выбіраецца да канца: фінансавы рэсурс застаецца незапатрабаваным. У чым прычына такой з’явы? Прадстаўнікі ўніверсітэтаў сцвярджаюць, што не могуць знайсці студэнтаў, якія поўнасцю адпавядаюць патрабаванням стажыроўкі. Калі ж такія і знаходзяцца, то не заўсёды ў іх ёсць жаданне. Аднак самі студэнты з такім адказам не пагадзіліся. На іх погляд, прычына ў дрэнным распаўсюджванні інфармацыі, маўляў, многія з іх нават і не чулі аб падобнай магчымасці.
“Фармулёўка “не адпавядаюць патрабаванням стажыроўкі” часцей за ўсё мае на ўвазе няведанне замежнай мовы, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў. — Але я заўсёды маю зносіны з моладдзю і бачу, што веданне англійскай мовы на дастатковым узроўні. Упэўнены, дасканала яе трэба вывучаць у школе, каб ва ўніверсітэце быў час набыць упэўненасць шляхам размоўнай практыкі”.
Студэнты адзначылі, што бясплатных моўных курсаў належнага ўзроўню ва ўстановах вышэйшай адукацыі сёння па-ранейшаму не хапае, і выказалі меркаванне, што больш прадукцыйным ім здаецца пасылаць на стажыроўку тых, хто матываваны на яе вынік, а не проста моладзь, якая дакладна адпавядае ўсім патрабаванням.
Трапіла ў поле зроку і думка аб тым, што для многіх стажыроўка стане магчымасцю застацца ў іншай краіне на пастаяннае месца жыхарства. На што міністр заўважыў, што больш лагічным яму здаецца стварэнне не штучнай перашкоды, а камфортных умоў для жыцця і працы ў Беларусі, каб маладыя людзі не хацелі з’язджаць ці, атрымаўшы адукацыю ў іншых краінах, планавалі вярнуцца.
“У многіх краінах не так проста вучыцца, як здаецца на першы погляд, — падкрэсліў ён. — У прыватнасці, у студэнтаў узнікаюць сур’ёзныя праблемы з жыллём. Часта кіраўніцтва ўніверсітэта гэтае пытанне ўвогуле не тычыцца. Напрыклад, у Польшчы пустуюць інтэрнаты, бо пражыванне ў іх каштуе даражэй, чым арэнда кватэры”.
Натуральна, што дыялог плаўна перацёк у абмеркаванне ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс. Міністр адукацыі адзначыў, што, не з’яўляючыся краінай — удзельніцай Балонскага працэсу, мы пакуль што нічога не набылі і нічога не страцілі.
Па словах Міхаіла Жураўкова, студэнты сапраўды набылі б большыя магчымасці, але міністр задаўся пытаннем, наколькі яны да іх гатовыя. Ці можа сённяшні студэнт наведваць лекцыі, якія праводзяцца, скажам, на шведскай ці фінскай мове, або заплаціць за вучобу і пражыванне ва ўніверсітэтах Еўропы? Плюсам уступлення ў Балонскі працэс міністр назваў магчымую запатрабаванасць беларускіх дыпломаў, падкрэсліўшы пры гэтым пэўную рызыку для краіны.
“Гэта міф, што недзе нас чакаюць выдатныя працоўныя месцы, — падкрэсліў ён. — Нідзе мы не патрэбны так, як у сваёй краіне. І тое, як будзе складвацца наша далейшае жыццё, залежыць ад сучаснай моладзі. Як выявіць цікавых, таленавітых, крэатыўных студэнтаў? Даць ім магчымасць дзейнічаць!”
Міністр адукацыі паведаміў, што для таго, каб атрымаць зваротную сувязь ад маладога пакалення, у Міністэрстве адукацыі падтрымалі ідэю стварэння грамадскага студэнцкага савета. Па словах Міхаіла Жураўкова, асноўная задача студэнтаў, якія выступілі з такой прапановай, — дапамога спецыялістам у пошуку канструктыўных рашэнняў праблем, якія стаяць перад сістэмай адукацыі, шляхам стварэння ўмоў для шырокага грамадскага абмеркавання.
Як адзначыў на сустрэчы прадстаўнік БДУ сакратар БРСМ Яўген Харук, адным з ключавых праектаў студэнцкага савета стане праект “Адукацыя вачамі моладзі”, які мае на ўвазе стварэнне ў сацыяльных сетках спецыяльнай пляцоўкі для шырокага абмеркавання праблем сучаснай адукацыі ў Беларусі і свеце. Плануецца, што такая пляцоўка створыць усе ўмовы для канструктыўнага абмеркавання самых актуальных пытанняў, рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў, а таксама данясення меркавання моладзі да кіруючых органаў сістэмы адукацыі. Завяршылася сустрэча прапановай уключыць у грамадскі савет па адным прадстаўніку з усіх 54 устаноў вышэйшай адукацыі краіны.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Яўгенія ПАМЫТКІНА і Ганны СІНЬКЕВІЧ.