Студыя мультыплікацыйнага настрою

- 14:29Рознае, Якасць адукацыі

У апошні час усё часцей узнікае неабходнасць прымянення ў навучанні сучасных адукацыйных тэхналогій, у тым ліку ў выяўленчым мастацтве.

Спрыяць фарміраванню кампетэнтнасці слухачоў у сферы выкарыстання праектнай дзейнасці ў працэсе навучання выяўленчай дзейнасці для ўдасканалення работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, развіцці нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў — такую мэту паставілі перад сабой аўтары праграмы навучання настаўнікаў выяўленчага мастацтва, педагогаў-арганізатараў, педагогаў дадатковай адукацыі “Фарміраванне асноў нацыянальнай самасвядомасці і любові да роднай прыроды з дапамогай праектнай дзейнасці. Мультыплікацыя як адзін з напрамкаў праектнай дзейнасці”.
Праграма майстар-класа для педагогаў горада распрацавана творчай групай гімназіі № 174 Мінска: настаўнікамі выяўленчага мастацтва вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ганнай Анатольеўнай Бразоўскай, Таццянай Мікалаеўнай Яцкевіч.
Удзельнікі майстар-класа азнаёміліся са структурай творчага праекта, выкарыстаннем праектнай тэхналогіі ў працэсе навучання выяўленчай дзейнасці. Асаблівая ўвага ўдзялялася міжпрадметным праектам. Інтэграваныя праекты — дастаткова складаная форма работы. У іх аб’яднаны намаганні настаўнікаў розных прадметаў. У навучэнцаў фарміруюцца ўменні пераносіць заданні з адной галіны ў іншую, знаходзіць аптымальныя рашэнні, мысліць нестандартна. Такі комплексны падыход да грамадзянска-патрыятычнага выхавання спрыяе фарміраванню ўстойлівага інтарэсу да пазнавальнай дзейнасці, актуалізацыі творчых здольнасцей, актыўнаму ўключэнню навучэнцаў у розныя віды дзейнасці з улікам іх інтарэсаў і здольнасцей.
Восенню 2012 года творчы калектыў гімназіі № 174 Мінска прыняў удзел у гарадскім конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”. У намінацыі “Грамадзянскае грамадства і грамадзянскае выхаванне: дыялог культур і пакаленняў” быў прадстаўлены адукацыйны праект “Развіццё нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў праз міжпрадметную праектную дзейнасць на факультатыўных занятках мастацкай і музычнай накіраванасці і ў пазаўрочнай рабоце”. Вынікам удзелу стаў грант Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Удзельнікам майстар-класа прадстаўлены шэраг рэалізаваных настаўнікамі праектаў: “Беларуская вёска”, “Поры года”, “Церамок”, “Бярэзінка”, арт-агароджа “Зімовая казка”, “Вясковыя забавы”, “Музычная карта Мінска. Вуліцы, якія гучаць”, “Прыгоды Стабеда”, “Наша спадчына”, “Ледзяная хатка”, “Вітражная казка”, “Беларуская музычная азбука” і іншыя.
Адным з напрамкаў праектнай дзейнасці стала мультыплікацыя. У рамках работы студыі “7mech&co” нарадзіліся праекты “Касіў Ясь канюшыну” і “Мінск — гэта я”.
Мэта праекта “Касіў Ясь канюшыну” — фарміраванне асноў нацыянальнай самасвядомасці і любові да роднай прыроды сродкамі мультыплікацыі. Для рэалізацыі праекта сфарміравана група навучэнцаў 4 класаў. Дзеці займаліся здымкай мультыплікацыйнага фільма “Касіў Ясь канюшыну”. Падчас работы над праектам дзеці больш даведаліся пра арнамент і ўзоры ў беларускім нацыянальным касцюме, пазнаёміліся з творчасцю ансамбля “Песняры”, вывучылі гісторыю стварэння песні, пазнаёміліся з беларускім фальклорам, наведалі музей старажытнай беларускай архітэктуры, дзе вывучылі асаблівасці побыту беларусаў, а таксама прачыталі шмат беларускіх казак і легенд. Асноўнай формай прэзентацыі вынікаў праекта стала відэатрансляцыя, якая прайшла падчас штогадовага тыдня выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў снежні 2012 года. Менавіта ў гэты час 40 гадоў назад песня “Касіў Ясь канюшыну” ў выкананні ВІА “Песняры” перамагла на Усесаюзным конкурсе песні “Песня года-1972”.
У ліпені 2013 года ў Яраслаўскай вобласці праходзіў Міжнародны маладзёжны кінафестываль “СВЯТЛО — СВЕТУ-2013”, галоўнай заснавальніцай якога з’яўляецца Рыбінская епархія Рускай Праваслаўнай Царквы. Анімацыйная студыя 4 класа “7mech&co” прадставіла на кінафестываль мультыплікацыйны фільм “Касіў Ясь канюшыну” і перамагла ў намінацыі “Музычны кліп”.
Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства была прадстаўлена работа пераможцаў.
Студыя працягнула работу над стварэннем анімацыйных кліпаў. І наступнай песняй, на якую быў зняты музычны кліп з элементамі мультыплікацыі, стала песня “Мінск — гэта я” на музыку С.Кавалёва і словы К.Слукі. Дзеці працавалі над сцэнарыем фільма і стварэннем мастацкіх вобразаў, вывучалі гісторыю Мінска, пазнаёміліся з помнікамі архітэктуры. Маршрут прагулак праходзіў па самых вядомых вуліцах і скверах цэнтральнай часткі горада. У тэксце песні няма ніводнай назвы вуліцы, таму было вырашана, што падзеі кліпа будуць адбывацца ў гістарычным цэнтры горада.
Падчас майстар-класа прадэманстраваны не толькі канчатковыя вынікі сумеснай творчасці, але і этапы работы над стварэннем анімацыйнага фільма: сцэнарый, раскадроўка, персанажы і фоны, мантаж, агучванне.
Прэзентацыя педагагічнага вопыту педагогаў-майстроў завяршылася практычнай работай з нетрадыцыйнымі матэрыяламі: гісторыя тэхнікі кінусайга, тэхналогія выканання, работа над эскізам, выкананне работы ў матэрыяле і прэзентацыя праекта.

Алена ЦІТОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 174 Мінска.