Студыя…

Мяне са сталага ўзросту заўсёды здзіўляла, наколькі моцныя нашы жанчыны. Крохкія, ветлівыя і пяшчотныя… Але моцныя ў той жа час.

У іх калі-нікалі здараюцца слабасці, але ў іх заўсёды ёсць мэта.

Гэта — выключна жаночая мэта. Мэта па жыцці.

Калі яны яе маюць — яны яе здзейсняць.

Зрабіўшы гэтае інтэрв’ю, яшчэ доўга думаў над яго назвай. У галаве круціліся розныя: “Мэта, якую здзейсніла жанчына”, “Жанчына, якая здзейсніла мэту”, “Студыя, у якую прыходзіць Жанчына-кот”… Урэшце спыніўся на кароткай назве “Студыя”. Толькі паставіў яшчэ шматкроп’е.

Гэтае шматкроп’е пасля слова “студыя” азначае многае. Хацелася б, каб чытачы яго зразумелі. Гутарка не толькі пра студыю, але і пра “студыю…”. Пра жанчыну, якая яе стварыла. Пра яе мэту. Жаночую — крохкую, ветлівую, пяшчотную, але з мэтай зрабіць больш прыгожым свой горад і яго насельнікаў.

Надоечы я пазнаёміўся з адной прыгожай жанчынай. Пазнаёмцеся і вы. Наш суботні госць — кіраўнік барысаўскай дзіцячай мастацкай студыі “АРТэрыя” Вольга ПАЛЯКОВА.

— Вольга, давайце пазнаёмімся.

— Я нарадзілася і вырасла ў Нясвіжы. Рана страціла бацькоў — у 14 гадоў. І з таго часу маім настаўнікам стала жыццё… А яшчэ раней маім першым настаўнікам была бабуля Хелена. З польскай шляхты. Яна была чалавекам няпростага лёсу. Яе каханага мужа расстралялі фашысты ў Варшаве ў 1942 годзе. А ён быў магістрам гандлёва-эканамічных навук, ведаў 8 моў. Яго маці — Марыя Абкіна — была першай у свеце перакладчыцай Аскара Уайльда на рускую мову.

— Хто вас яшчэ падтрымліваў у дзяцінстве, акрамя бабулі? Можа, сяброўкі-аднакласніцы?

— Не, не сяброўкі. Касцёл у Барысаве. Сёстры і ксёндз. Я да гэтага часу з цеплынёй успамінаю іх адносіны да мяне… Я ім вельмі ўдзячна. А потым у маім жыцці была Глебаўка — мастацкае вучылішча імя Глебава. Скажу шчыра: мне было цяжка. Сродкаў на існаванне не было. Я мусіла працаваць дворнікам. Штораніцы падымалася а шостай і падмятала двор, а потым ішла на заняткі. Але я ўвесь час у нешта верыла… І гэтая вера яшчэ больш узмацнілася, калі паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў.

— У вас выкладаў Данцыг?

— Так! Гэта быў цудоўны чалавек і выкладчык! Сапраўдны настаўнік! Мне вельмі пашанцавала, што я ў яго вучылася! Па панядзелках мы збіраліся на кафедры “глядзець кампазіцыю”. Яго кароннымі фразамі былі “Нецікава!” і “Ну і што ты гэтым хацеў сказаць?”. Што праўда, яны гучалі абразліва. Але толькі потым я зразумела ўвесь сэнс гэтых фраз: мастацтва павінна быць цікавым, а мастак павінен мець тое, што ён хоча сказаць. Наогул, на мой погляд, у беларускім мастацтве ёсць тры з’явы: Данцыг, Вашчанка і Савіцкі. Пры ўсім багацці талентаў усё астатняе менш пераканаўчае. А мастакі, якіх я назвала, выпрацавалі сваю мастацкую мову, што неверагодна складана. Творы Данцыга, думаю, не згубіліся б у галерэі “Тэйт”. Яны зусім не горшыя за творы майго куміра Люсьена Фрэйда. У працах Данцыга, нават у самых яго ўрбаністычных працах, ёсць галоўнае – пачуццёвасць.

— У вас таксама.

— Дзякуй. Я сапраўды лічу, што мастацтва — гэта неверагодна пачуццёвая рэч. Недастаткова адчуваць сябе проста жанчынай. Трэба адчуваць сябе яшчэ і жанчынай-ма-стаком. Калі хочаце, пераўтварыць гэты свет…

— Вамі кіравала такое жаданне, калі вы стваралі студыю “АРТэрыя” ў Барысаве?

— Мне проста вельмі пашанцавала, што пасля акадэміі я трапіла ў Барысаў і тут знайшла Славу Наваслаўскага — чалавека, які жыве мастацтвам, творцу, які ідзе ў мастацтве сваім шляхам. Не зважаючы на ўсе гэтыя бясконцыя інсталяцыі з пыласосаў і Мікі Маусаў, якімі поўняцца ўсе сённяшнія біенале…

— Чаму вы супраць пыласосаў, калі яны робяцца аб’ектам мастацтва?

— Мастацтва — гэта ў першую чаргу жывапіс. І ні ў якім разе не пыласосы. Жывапіс рана заганяць у труну. Магчымасці палатна бязмежныя! І, дарэчы, Лейпцыгская школа жывапісу, якая прагрымела нядаўна на ўвесь свет, — гэта ўсё-такі палатно і фарба, а не пыласосы і пустыя аркушы…

— Вольга, што вамі кіравала, калі разам са Славам вы адкрывалі мастацкую студыю ў раённым — хоць і вялікім — горадзе Барысаве?

— Адчуванне. Магчыма, чыста жаночае адчуванне, што Барысаў — гэта не толькі футбол, ФК “БАТЭ” і стадыён. У гэтым горадзе жывуць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія хочуць не толькі гуляць у футбол, але і займацца мастацтвам.

— Вас радуюць вашы выхаванцы?

— Для мяне было шокам, што яны не ведалі, хто такія Мона Ліза і Леанарда. Я на кожных занятках гаварыла ім пра Леанарда, і ў выніку ён адклаўся ў іх памяці — не як вядомы галівудскі акцёр Леанарда дзі Капрыа, а як геній Рэнесансу Леанарда да Вінчы.

— Калі да вас у студыю мама прыводзіць сваё дзіця, на што звяртаеце ўвагу перш за ўсё?

— На тое, каб дзіця любіла мастацтва. Мне важна разумець, як дзіця працуе само — са сваёй фантазіяй.

— Вас лёгка знайсці ў Барысаве?

— У нас шкляныя дзверы. Праз іх усё відаць.

— Уяўляю, як цікаўныя барысаўскія дзеці, катаючыся на сваіх лангбордах, зазіраюць у вашу студыю…

— Вось вы трапілі ў кропку! Дзеці насамрэч самы цікаўны народ. І менавіта яны, убачыўшы, што ёсць такая студыя “АРТэрыя”, цягнуць з сабой бацькоў, каб запісацца. А ёсць і ўвогуле парадаксальныя выпадкі: неяк адна мама прывяла да мяне сваю маленькую дачушку, але з часам сама захапілася мастацтвам і пачала вучыцца маляваць. Гэта, як я называю, “яднанне дарослых і дзяцей на тэрыторыі мастацтва”. І, дарэчы, гэта сусветная перадавая практыка, якая, асабліва ў скандынаўскіх краінах і Германіі, усё больш і больш заваёўвае папулярнасць: калі бацькі малююць разам з малымі дзецьмі.

— А дарослыя вас здзіўляюць?

— Яшчэ як! Да мяне ходзіць дзяўчына, якая спачатку хацела, каб яе дзіця навучылася маляваць, а потым зразумела, што маляванне патрэбна і ёй. Дзяўчына з першага дня пачала ствараць цудоўныя абстракцыі. А яшчэ да мяне ходзіць, як я яе называю, Жанчына-кот. Сама малюе акварэллю і водзіць у студыю ўнука і ўнучку.

— Вольга, у чым сэнс жыцця, на ваш погляд?

— Сэнс жыцця прыдумала не я, а Бог. Сэнс у тым, каб раскрыць у кожным чалавеку яго творчы пачатак, бо, як сказаў Іозеф Бойс, кожны чалавек — мастак.

— Даруйце, а хто гэта – Іозеф Бойс?

— Гэта нямецкі мастак ХХ стагоддзя, аўтар так званай псіхадэлічнай вайны з фашызмам. Ён адзін з самых галоўных тэарэтыкаў постмадэрнізму ў мастацтве. Калі аднойчы ў яго запыталіся, ці лічыць ён сябе мастаком, Бойс адказаў: “Пакіньце гэтую дурноту! Я не мастак”. Ён ствараў усе свае працы з лямцу і тлушчу… Паводле міфа мастака, ён упаў з самалёта ў крымскім стэпе, але яго выхадзілі татары, абмазваючы тлушчам і абгортваючы лямцам.

— Значыць, мастацтва ёсць лёс, вырак, фатум?

— Для Іозефа — магчыма, а для мяне гэта любоў і натхненне. У імя натхнення і любові мы разам са Славам Наваслаўскім стварылі студыю “АРТэрыя”. У імя іх мы жывём.

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *