Чатыры гады запар Студзёнкаўская сярэдняя школа імя П.Л.Бабака прызнаецца лепшай сярод устаноў адукацыі Сенненскага раёна, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У Студзёнкаўскай сярэдняй школе імя П.Л.Бабака ганарацца шматлікімі дасягненнямі педагогаў і вучняў у конкурсах, канферэнцыях, алімпіядах, у тым ліку міжнародных: за 2024 год атрымана 197 дыпломаў, у тым ліку педагогамі — 34.
Дырэктар школы Святлана Белікава расказала пра віртуальны праект, прысвечаны гісторыі, традыцыям і дасягненням установы. Ён размешчаны на сайце ўстановы, дзе можна пагартаць старонкі школьнага летапісу, даведацца пра жыццё Героя Сацыялістычнай Працы П.Л.Бабака, чыё імя носіць установа, пра дзейнасць музейнага пакоя прыроды і этнаграфічнага музейнага пакоя, пра помнікі і воінскія пахаванні, якія вучні падтрымліваюць у належным стане. Тут сабраны матэрыялы пра канцлагеры і спаленыя вёскі на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны са спасылкамі на інтэрнэт-рэсурсы, а таксама пра подзвігі герояў Савецкага Саюза К.С.Заслонава і М.А.Аніскіна, якія загінулі, абараняючы Радзіму, на тэрыторыі Студзёнкаўскага сельскага Савета.
Асаблівую цікавасць выклікаюць дасягненні вучняў і педагогаў.
— У калектыве кожны павінен раскрыць свае здольнасці, — лічыць Святлана Анатольеўна. — Усяго ў нас 70 вучняў і 32 выхаванцы дзіцячага сада, працуюць 20 педагогаў і 3 выхавальнікі дашкольнай адукацыі. Усё пачыналася з перамог на раённым узроўні. Разумеючы, што нашы настаўнікі канкурэнтаздольныя, мы выйшлі з іх распрацоўкамі на вобласць, рэспубліку і міжнародны ўзровень. І нам удалося даказаць, што мы можам на роўных канкурыраваць са сваімі калегамі з гарадскіх школ і гімназій.
Так, у 2023 годзе ў дыстанцыйным міжнародным конкурсе “Экалагічнае выхаванне школьнікаў” педагогі школы былі адзначаны 4 дыпломамі, а ў міжнародным дыстанцыйным конкурсе “Сучасны педагог” — 8 дыпломамі. Вопыт па выхаванні любові да малой радзімы, які абагульніла намеснік дырэктара школы Святлана Станулевіч, адзначаны дыпломам І ступені на дыстанцыйным міжнародным конкурсе патрыятычнай накіраванасці “Радзіма мая”. У 2024 годзе на Усерасійскім дыстанцыйным конкурсе работнікаў адукацыі “Лепшая метадычная распрацоўка” настаўніца пачатковых класаў Таццяна Зотава атрымала дыплом І ступені за ўрок рускай мовы “Склон назоўніка”, а за распрацоўку ўрока літаратурнага чытання па творы В.Суслава “Хто мацнейшы?” — дыплом ІІ ступені. У гэтым жа конкурсе дыплом ІІІ ступені быў прысуджаны настаўніцы хіміі намесніку дырэктара школы Ніне Печаньковай за ўрок “Чыстыя рэчывы і сумесі”. Не адстаюць ад вопытных і маладыя педагогі. Ва Усерасійскім конкурсе “Першыя крокі ў прафесію” ўзнагародамі адзначаны Дар’я Васілеўская, настаўніца англійскай мовы, і Юлія Ландзянок, настаўніца фізкультуры.
Калектыў Студзёнкаўскай школы — пастаянны ўдзельнік творчых раённых конкурсаў, падчас якіх педагогі раскрываюць свае вакальныя і танцавальныя здольнасці. Ва ўстанове больш за 15 гадоў дзейнічае творчая група “Дыскатэка 80-х”. Выступленні артыстаў-аматараў больш нагадваюць тэатральныя паказы, якія чакаюць не толькі калегі і вучні, але і жыхары Сянна.
— Калі ў 2023 годзе ў вучняў Студзёнкаўскай школы быў толькі адзін дыплом на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Свет маіх даследаванняў”, то ў 2024 годзе заваявана пяць дыпломаў у розных намінацыях, — адзначыла Святлана Белікава. — Гэта былі работы “Інтрадукцыя лістоўніцы еўрапейскай у ваколіцах аграгарадка Студзёнка” Рамана Хамянкова (11 клас), “Уплыў СМІ на развіццё асобы падлеткаў нашай установы адукацыі” Паліны Русінай (9 клас), “Чароўны сланечнікавы алей” Дар’і Бегуновай (3 клас), “Элементы дакументалістыкі як аснова гістарычнай праўды ў аповесці Уладзіміра Багамолава “Іван” Яўгена Зайко (7 клас), “Таямнічы прадукт ёгурт” Ганны Зайцавай (9 клас). У канферэнцыі ўдзельнічалі больш за 560 вучняў 1—11 класаў, а таксама студэнты 1—2 курсаў.
Трэцякласніца Яўгенія Мастыка ў мінулым навучальным годзе была адзначана дыпломам III ступені міжнароднага конкурсу-гульні “Юны матэматык”. На міжрэгіянальным конкурсе “Школа за экалогію: даследуем, праектуем, дзейнічаем”, які прайшоў у Смаленскай вобласці, дзесяцікласнікі з поспехам абаранілі тры праекты ў фармаце анлайн-канферэнцыі. Нямала перамог у вучняў Студзёнкаўскай школы ў міжнародных дыстанцыйных конкурсах творчага характару.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Ігара ГРЭЧКІ