Ствараем інклюзіўнае ІТ-асяроддзе

- 11:37Спецыяльная адукацыя

Пытанні выкарыстання вэб-тэхналогій у адукацыйным працэсе і стварэння інклюзіўнага асяроддзя 2.0 абмеркавалі спецыялісты Міністэрства адукацыі, прадстаўнікі ўніверсітэтаў, педагогі і грамадскія дзеячы падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы.

“Усістэме адукацыі інфар­мацыйныя тэхналогіі прымяняюцца па неабходнасці. Гэта могуць быць разнастайныя электронныя адукацыйныя рэсурсы. У традыцыйных падручніках можна ўбачыць QR-коды, якія пашыраюць вучэбны кантэнт дзякуючы выкарыстанню відэафрагментаў, інтэрактыўных заданняў, — расказала начальнік упраўлення інфармацыйных адукацыйных тэхналогій адукацыйнага цэнтра НІА Ірына Людвікаўна Харэвіч. — НІА аказвае метадычную падтрымку сістэме інклюзіўнай адукацыі. На Нацыянальным адукацыйным партале adu.by кожны настаўнік знойдзе неабходныя метадычныя распрацоўкі для работы на ўроках і ў працэсе выхаваўчай работы. Сваімі матэрыяламі актыўна дзеляцца дыпламанты Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у намінацыі “Электронны вучэбны модуль для спецыяльнай адукацыі”.

“Сістэма прафесійнай адукацыі ідзе па шляху максімальнага выкарыстання ў адукацыйным працэсе вэб-тэхналогій, электронных адукацыйных рэсурсаў, якія дазваляюць навучэнцам, у тым ліку з парушэннямі ў развіцці, больш якасна засвоіць матэрыял, — адзна­чыла начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА Алена Юр’еўна Фалевіч. — Ва ўстановах прафадукацыі пры выкананні практычных работ, падчас вытворчага навучання выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя трэнажоры. На базе Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага кале­джа дзейнічае эксперыментальная пляцоўка, у якой бяруць удзел навучэнцы з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату. Іх навучанне ажыццяўляецца з максімальным выкарыстаннем элементаў дыстанцыйнага навучання. На працягу двух гадоў навучэнцы з абмежаваннямі далучаюцца да ўдзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства Worldskills. Сёлета свае сілы ў ім паспрабуюць дзеці з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, з парушэннем слыху і парушэннямі зроку”.

Начальнік Цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка Аксана Ана­тольеўна Мініч звярнулася да слоў прадстаўніка ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэда Мустафы Сарвара, які перакананы, што інтэграцыя дзяцей з асаблівасцямі развіцця — гэта ўчарашні дзень, мінулае, а будучыня — за інклюзіўнай адукацыяй. Толькі якасная адукацыя для дзяцей з інваліднасцю дазволіць ім жыць паўнавартасным жыццём, адчуваць сябе неад’емнай часткай грамадства. ЮНІСЕФ разглядае інклюзіўнае асяроддзе як месца, дзе ўсе навучэнцы могуць кантакта­ваць і вучыцца разам без абмежаванняў. Для гэтага распрацоўваюцца дапаможныя тэхналогіі. Выкарыстанне ІКТ і вэб-тэхналогій разглядаецца на ўзроўні Міністэр­ства адукацыі нашай краіны як адзін са спосабаў пашырэння адукацыйнага асяроддзя інклюзіўнай адукацыі. Сёння ўстановы адукацыі выкарыстоўваюць  як дыстанцыйныя адукацыйныя тэхналогіі, так і тэхналогіі змешанага навучання, дзе спалучаецца работа ў класе і падтрымка з дапамогай розных сістэм дыстанцыйнага навучання. На базе БДПУ імя Максіма Танка некалькі гадоў назад быў адкрыты Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі, які стаў вынікам сумеснай работы ЮНІСЕФ і ўніверсітэта. Яго спецыялісты не толькі працуюць з настаўнікамі, але і аказваюць кансультацыйную дапамогу бацькам і дзецям з асаблівымі патрэбамі.

“Інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе БДУ ўяўляе сабой шматкампанентную сістэму, якая ўключае ў сябе інфармацыйныя і электронныя адукацыйныя рэсурсы, — падкрэсліла загадчык вучэбна-метадычнай лабараторыі інавацый у адукацыі БДУ Наталля Іосіфаўна Марозава. — Гэтаая сістэма дазваляе забяспеч­ваць камфортнае навучанне любому студэнту, падтрымліваць яго індывідуальную адукацыйную траекторыю. Сёння сістэма кіравання навучаннем ва ўніверсітэце ажыццяўляецца праз адукацыйны партал, створаны на базе Moodl. Поўнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу прапаноўваецца па 2000 вучэбных дысцыплін практычна па ўсіх спецыяльнасцях. Карыстаюцца паслугамі адукацыйнага партала каля 12 000 студэнтаў, сярод якіх фізічныя абмежаванні — у 84, і яны маюць магчы­масць атрымаць індывідуальны план і графік навучання, кансультацыі ў форме вэбінараў і відэаканферэнцый. У БДУ ўзяты курс на вытворчасць уласнага вучэбнага відэа (гукавога, візуальнага), выкарыстоўваецца шэраг камп’ютарных навучальных праграм, электронныя вучэбныя дапаможнікі, сістэма тэсціравання, апрабавана сістэма выніковай атэстацыі студэнтаў, якія знахо­дзяцца на адлегласці”.

БДУІР таксама практыкуе ды­станцыйную форму атрымання адукацыі: ва ўніверсітэце ёсць факультэт інавацыйнай бесперапыннай адукацыі, які быў створаны ў 2017 го­дзе шляхам аб’яднання факультэта завочнага навучання і факультэта бесперапыннага і дыстанцыйнага навучання. Пра гэта расказаў намеснік загадчыка кафедры ЮНЕСКА “Прафесійная адукацыя ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій асоб з асаблівымі патрэбамі” Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР Андрэй Генадзьевіч Савянко. Мэта работы кафедры — узмацненне з дапамогай ІКТ і мабільных тэхналогій даступнасці адукацыі ў ІТ-сферы для асоб з асаблівымі патрэбамі і стварэнне ўмоў для атрымання адукацыі на працягу ўсяго жыцця. У рамках дысертацыйных даследаванняў Андрэй Генадзьевіч працуе над праектам, які звязаны з сістэмай кіравання навучаннем. “Акрамя стандартнага набору, які ёсць ва ўсіх сістэмах кіравання навучаннем (вучэбныя і тэсціруючыя модулі, канструктары для фарміравання вучэбнага кантэнту, электронны дэканат, форумы і чаты), гэтая сістэма будзе мець шэраг асаблівасцей, — адзначыў Андрэй Генадзьевіч. — У прыватнасці, плануецца стварыць і ўкараніць штучны інтэ­лект, які будзе забяспечваць кругласутачную анлайн-падтрымку ўсіх карыстальнікаў і аналізаваць паспяховасць навучэнцаў, выяўляючы прабелы ў вучэбным кантэнце для таго, каб у далейшым яго ўдасканальваць. Будзе ўкараняцца анлайн (на вэб-платформе) візуалізатар трохмерных мадэлей для віртуалізацыі лабараторных і практычных работ, каб іх можна было выконваць поўнасцю дыстанцыйна”.

“У наш час ужо не трэба здзіўляцца таму, што невідушчы чалавек карыстаецца камп’ютарнай тэхнікай, — гаворыць майстар вытворчага навучання Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі невідушчы карыстальнік інтэрнэту Аляксандр Уладзіміравіч Севярын. — У 2004 годзе ў мяне з’явіўся камп’ютар, а ў 2011 годзе — першы смартфон. Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць мне не толькі ў што­дзённым жыцці, але і пры атрыманні адукацыі. Зараз я атрымліваю адукацыю ў РІПА, выбраў дыстанцыйную форму навучання. Але ў інфармацыйных тэхналогій ёсць розныя формы даступнасці: даступнасць самой камп’ютарнай платформы, даступнасць яе кантэнту, а таксама даступнасць з пункту гледжання існуючых у канкрэтнага чалавека навыкаў. Для таго каб карыстацца сучаснай тэхнікай, трэба гэтаму навучыцца. У той жа час мне вядома, што ў школах настаўнікі інфарматыкі часта не лічаць патрэбным вучыць невідушчых дзяцей карыстацца камп’ютарам. Адпаведна не ўсім людзям у аднолькавай ступені даступна дыстанцыйнае навучанне. Што тычыцца папулярнай сістэмы Moodle, то гэта цалкам даступнае асяроддзе для дыстанцыйнага навучання, але ж выявілася праблема з даступнасцю яе кантэнту. У Moodle выкладваюць лекцыі, відэаматэрыялы, аўдыяматэрыялы, але не ўсе з іх даступныя чалавеку з парушэннем зроку. Напрыклад, у заданнях па інфармацыйных тэхналогіях 40% матэрыялу падаецца ў скрыншотах.

Гаворачы пра адукацыю, мы не павінны забывацца, што мы вучымся для таго, каб прыносіць карысць сабе і людзям, каб атрымаць спецыяльнасць і працаўладкавацца. І на гэтым шляху ўзнікае шэраг праблем. Маладыя лю­дзі з асаблівасцямі развіцця пасля заканчэння школы могуць працягнуць навучанне толькі ў тых уста­новах, дзе для іх (з улікам іх парушэнняў) будуць створаны спецыяльныя ўмовы. Напрыклад, прыходжу я, невідушчы чалавек, у МРЭК, каб узяць накіраванне на вучобу, а мне кажуць, што выда­дуць дакумент, калі мне гаранту­юць спецыяльныя ўмовы навучання. Я звяртаюся ва ўстанову адукацыі, дзе няма такіх умоў і ствараць для мяне іх не збіраюцца, бо невядома, ці паступлю я да іх. У той жа час сёлета ўпершыню каледж электронікі набраў на вочную форму навучання групу невідушчых навучэнцаў, якія вучацца на аператараў ЭВМ з наступным пераходам на другую ступень, дзе можна атрымаць спецыяль­насць тэхніка-праграміста. У планах кіраўніцтва кале­джа — укараніць дыстанцыйнае навучанне”.

У абмеркаванні пытанняў выкарыстання вэб-тэхналогій у адукацыі прынялі ўдзел дацэнт кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, аўтар кнігі “Рунэт. Новае сузор’е ў галактыцы Інтэрнэт” Аляксей Дзмітрыевіч Крывалап, які прапанаваў дабаўляць да відэаматэрыялаў і лекцый, якія выкладчыкі выстаўляюць у інтэрнэт, субцітры на розных мовах, што пашырыць колькасць тых, хто зможа з імі азнаёміцца. Супрацоўнік
ПРААН па пытаннях інклюзіі і інваліднасці Аляксандр Аўдзевіч закрануў пытанне навучання людзей, якія не чуюць, і нагадаў аб важнасці ажыццяўлення сурдаперакладу існуючага вучэбнага відэакантэнту, а таксама заклікаў па максімуме выкарыстоўваць сучасныя тэхнічныя сродкі і магчымасці дыстанцыйнай адукацыі для студэнтаў з інваліднасцю, не патрабаваць ад іх, напрыклад, абавязковай прысутнасці ва ўніверсітэцкай аўдыторыі падчас правядзення залікаў і экзаменаў”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.