Ствараем інтэрактыўныя тэсты па матэматыцы з дапамогай Google–форм

- 10:28Портфолио

Майстар-клас

Дэвіз: “Вучымся разам”.

Эпіграф: “Навучаючы іншых, мы вучымся самі” (Сенека).

Мэта: садзейнічаць прафесійнаму ўдасканаленню педагогаў па выкарыстанні інтэрактыўных тэстаў на ўроках матэматыкі шляхам Google-форм.

Задачы:

1. Прадэманстраваць удзельнікам майстар-класа працэс стварэння і магчымасці выкарыстання інтэрактыўных тэстаў на ўроках матэматыкі.

2. Стварыць умовы для фарміравання ўменняў па складанні інтэрактыўных тэстаў з выкарыстаннем Google-форм.

3. Садзейнічаць удасканаленню педагагічнага майстэрства і метадычнай дасведчанасці педагогаў па стварэнні і выкарыстанні інтэрактыўных тэстаў з дапамогай Google-форм.

Прагназуемы вынік: плануецца, што ўдзельнікі майстар-класа:

1) актуалізуюць веды пра кантрольна-ацэначную дзейнасць настаўніка матэматыкі, тэставы кантроль вынікаў вучэбнай дзейнасці школьнікаў па прадмеце;

2) азнаёмяцца з вопытам выкарыстання Google-форм на вучэбных занятках па матэматыцы;

3) навучацца ствараць інтэрактыўныя тэсты шляхам Google-форм з апорай на інструкцыйныя карты.

Этапы майстар-класа:

1) арыенціровачна-матывацыйны;

2) мэтапастаноўка;

3) актуалізацыя суб’ектнага вопыту ўдзельнікаў;

4) асваенне новых ведаў;

5) прымяненне на практыцы атрыманых ведаў;

6) рэфлексіўны.

Тэхнічнае забеспячэнне: камп’юта­ры, падключэнне да інтэрнэту, браўзер Google Chrome, мультымедыйны праектар, раздатачны матэрыял, інструкцыйныя карты (алгарытмы).

Ход майстар-класа

I. Арыенціровачна-матывацыйны этап

— Добры дзень, паважаныя калегі! Давайце пазнаёмімся. Я буду гаварыц­ь пэўныя фразы. Калі яны падыходзяць вам, вы выходзіце ў кола ці падымаеце руку.

Фразы:

1. Хто прыйшоў сёння на майстар-клас з добрым настроем?

2. Хто прыйшоў сёння ў штанах?

3. Хто сёння снедаў?

4. У каго ёсць смартфон?

5. У каго дзень нараджэння 25 чысла?

6. Хто любіць марожанае?

7. Хто любіць мыць посуд?

8. Хто пражывае ў Пінску?

9. Хто выкладае матэматыку і інфарматыку?

— Мы ўсе вельмі розныя, але сёння нас аб’ядноўвае тое, што мы ўсе з’яўляемся ўдзельнікамі майстар-класа па тэме “Стварэнне і магчымасці выкарыстання інтэрактыўных тэстаў на вучэбных занятках па матэматыцы з дапамогай Google-форм”, які для вас правяду я, Святлана Мікалаеўна Кузняцова, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 15 Пінска. Прапаноўваю вам падысці да камп’ютараў і запоўніць анкету, створаную з дапамогай Google-форм.

II. Мэтапастаноўка

— Паважаныя калегі! Прапаноўваю вам узяць адну геаметрычную фігуру любога колеру і заняць месца за сталом, дзе ляжыць трафарэт (дадатак 1) таго ж колеру, што і выбраная вамі фігура. На адным з яе бакоў напішыце, калі ласка, адказ на пытанне “Чаго вы чакаеце ад гэтага майстар-класа?”, сфармулюйце і запішыце свае чаканні ад удзе­лу ў майстар-класе.

III. Актуалізацыя суб’ектнага вопыту ўдзельнікаў

— А цяпер адкажыце, калі ласка, на пытанні:

1. Якія формы кантролю вучэбнай дзейнасці школьнікаў вы выкарыстоўваеце на вучэбных занятках па матэматыцы?

2. Ці выкарыстоўваеце вы ў сваёй практыцы тэсты?

3. А ці выкарыстоўваеце вы камп’ютарныя тэсты?

4. У чым вы бачыце плюсы і мінусы іх выкарыстання?

5. Вы карыстаецеся гатовымі тэстамі ці ствараеце іх самі?

6. У якім асяроддзі (праграме, абалонцы)?

Неабходнымі элементамі вучэбнай дзейнасці школьнікаў з’яўляюцца кантроль і ацэнка, якія выступаюць асноўнымі рэгулятарамі гэтай дзейнасці, даюць настаўніку інфармацыю пра тое, наколькі паспяхова праходзіць працэс навучання. Кантроль дазваляе атрымаць аб’ектыўную інфармацыю пра ўзровень ведаў вучняў па пэўных тэмах вучэбнай праграмы.

Я прыйшла да высновы, што прывычныя для вучняў спосабы кантролю ведаў (кантрольныя і самастойныя работы) даволі часта выклікаюць у дзяцей дыскамфорт і хваляванне, што адмоўна ўплывае на іх вынікі. Таму для аб’ектыўнай праверкі ведаў вучняў я стала актыўна выкарыстоўваць тэсты.

Лічу тэставы кантроль эфектыўным сродкам кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка. Сістэматычнае выкарыстанне тэстаў дазваляе аб’ектыўна ацэньваць веды і ўзровень уменняў і навыкаў вучняў па прадмеце, павышае матывацыю дзяцей да вывучэння матэматыкі і іх зацікаўленасць у выніках вучэбнай дзейнасці.

Упэўнена, што тэставы кантроль — гэта якасны і аб’ектыўны спосаб арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка для вызначэння ўзроўню ведаў, уменняў і навыкаў вучняў. Дзякуючы тэставаму кантролю, ствараюцца роўныя ўмовы для ўсіх вучняў, выкарыстоўваюцца адзіныя крытэрыі ацэнкі і інтэрпрэтацыі вынікаў.

Складаю тэсты па тэмах і блоках тэм, якія вывучаюцца асобна, ствараючы ўласныя тэставыя заданні па ўсіх раз­дзелах з улікам узроўню падрыхтоўкі вучняў. Пры неабходнасці карэкцірую ў іх заданні.

Тэсты можна прымяняць на розных этапах урока і вывучэння тэм вучэбнай праграмы. Яны забяспечваюць эфектыўны папярэдні, бягучы і тэматычны кантроль ведаў, дазваляюць весці ўлік паспяховасці.

Тэсты даюць поўную карціну поспехаў кожнага вучня ў авалоданні ведамі і ўменнямі ў адпаведнасці з праграмнымі патрабаваннямі. Правядзенне тэстаў пры праверцы ведаў і ўменняў максімальна пашырае колькасць апытаных вучняў. Тэставыя заданні эфектыўна стымулююць вучняў да падрыхтоўкі дамашніх заданняў, павышаюць матывацыю да вывучэння матэматыкі. Атрымаўшы тэсты ў пачатку вывучэння тэмы, вучні ўжо нацэлены на станоўчы вынік.

Існуе шмат розных тэсціруючых камп’ютарных праграм і сэрвісаў: дзесяцібальны маніторынг, SuperTest, MyTestX, easyQuizzy, Hot Potatoes, Moodle, LearningApps.org і інш. Аддаю перавагу такім праграмам, як SuperTest, MyTestX, easyQuizzy і Hot Potatoes, а таксама сэрвісу LearningApps. Але для выкарыстання гэтых праграм неабходна мець доступ у кабінет інфарматыкі. Што рабіць, калі яго няма? У гэтым выпадку прапаноўваю на ўроках матэматыкі выкарыстоўваць тэсты, створаныя з дапамогай Google-форм, задзейнічаўшы дадаткі, устаноўленыя на мабільных тэлефонах вучняў (Viber).

IV. Асваенне новых ведаў.

— Формы Google — зручны інструмент, з дапамогай якога можна лёгка і хутка складаць тэсты па прадмеце, планаваць мерапрыемствы, право­дзіць апытанні і анкетаванні, аналізаваць іншую інфармацыю. Форма Google аўтаматычна прывязваецца да аднайменнай электроннай табліцы. Пры адпраўцы формы ці прадастаўленні да яе агульнага доступу адказы карыстальнікаў аўтаматычна збіраюцца ў гэтай электроннай табліцы, якая вельмі зручная ў захаванні і апрацоўцы сабраных даных.

Формы Google дазваляюць ства­раць бясплатныя апытанні ў інтэрнэце; знаходзіць адказы рэспандэнтаў у аўтаматычна створанай табліцы Google; захоўваць адрасы электроннай пошты для рассылкі навін і правядзення апытанняў; ствараць і рэдагаваць формы ў маляўнічым афармленні разам з сябрамі і аднакласнікамі; перамеш­ваць пытанні, каб яны выводзіліся ў выпадковым парадку; дабаўляць у форму відэаролікі з YouTube і фотаздымкі; настройваць формы такім чынам, каб рэспандэнты траплялі на розныя старонкі ў залежнасці ад таго, які варыянт адказу яны выберуць.

Сёння я хачу падзяліцца вопытам выкарыстання Google-форм для стварэння і правядзення тэстаў, розных апытанняў і анкетаванняў, а таксама для стварэння тэстаў з падлікам балаў за кожны адказ. Спадзяюся, вам будзе гэта цікава і карысна. Прапаноўваю паглядзець падробны пакрокавы алгарытм стварэння тэстаў з дапамогай Google-форм.

Давайце ўявім, што мы на ўроку матэматыкі ў 8 класе. Я паказваю выкананне тэста па матэматыцы і прапаноўваю вам выканаць тэст, створаны з дапамогай Google-форм, задзейнічаўшы мабільныя тэлефоны (дадатак Viber) ці камп’ютары з інтэрнэтам (дадаткі 2 і 3).

Для работы неабходна, каб у вас быў свой акаўнт Google (электронная пошта gmail.com). Калі яго няма, неабходна стварыць.

Азнаёмцеся з інструкцыяй па стварэнні акаўнта ў Google (дадатак 4). Паглядзіце этапы стварэння тэста з дапамогай Google-форм (дадатак 5).

V. Прымяненне на практыцы атрыманых ведаў

— Паважаныя калегі, прапаноўваю вам стварыць тэст з дапамогай Google-форм па падгрупах (2—3 чалавекі за камп’ютарам). Абмяркуйце ў групе, на якім этапе ўрока будзе выкарыстоўвацца гэты тэст і для якога віду кантролю (пры планаванні арганізацыйнага этапу ўрока, вызначэнні мэт урока, франтальным апытанні, на этапе актуалізацыі ведаў і матывацыі вучняў да вывучэння новага матэрыялу, пры правядзенні папярэдняга, бягучага і прамежкавага кантролю).

Для стварэння тэстаў і іх абароны прапаноўваю наступныя тэмы па матэматыцы па класах: 5 клас — “Натуральныя лікі”, “Выразы” і “Ураўненні”; 7 клас — “Выразы і іх пераўтварэнні”, “Лінейная функцыя. Лінейныя ўраўненні. Лінейныя няроўнасці” і “Прыкметы роўнасці трохвугольнікаў”; 9 клас — “Упісаныя і апісаныя трохвугольнікі”, “Няроўнасці” і “Рашэнне трохвугольнікаў”; 11 клас — “Паказальная функцыя”, “Лагарыфмічная функцыя” і “Мнагаграннікі”.

Тэсты, створаныя ў групах, адпраўце адно аднаму на электронную пошту ці па Viber і паспрабуйце выканаць іх.

Падвядзём вынікі. Перавагі інтэрнэт-сэрвісу Google:

1. Бясплатны рэсурс.

2. Неабходны акаўнт Google.

3. Для стварэння тэстаў не патрабуюцца спецыяльныя веды. Інтэрнэт-сэрвіс простыя ў выкарыстанні.

4. Колькасць пытанняў у тэсце можа быць рознай.

5. Варыятыўнасць стварэння тэстаў (розныя формы).

6. Прадугледжвае рознаўзроўневы падыход да тэсціравання.

7. Ёсць магчымасць аўтаматычнай настройкі праверкі тэста.

8. Для праверкі адказаў пры складанні тэста ствараецца табліца, даступная толькі вам ці ўсім, хто тэсціруецца, па вашым жаданні.

9. Каштоўнасць табліцы ў тым, што ўсе адказы заносяцца туды аўтаматычна. Дзякуючы табліцы, можна правесці параўнальны і якасны аналіз тых, хто тэсціруецца.

10. Тэст можна рэдагаваць нават пасля размяшчэння і прадастаўлення доступу, мяняць колькасць пытанняў, іх варыянты і адказы, тэму афармлення.

VI. Рэфлексіўны

— Спадзяюся, у вас усё атрымалася!

Поспехаў у асваенні магчымасцей Google-форм! Хацелася б пачуць вашы ўражанні ад майстар-класа і пажаданні. Ці апраўдаліся вашы чаканні? Адкажыце, калі ласка, на пытанні анкеты, створанай з дапамогай Google-форм.

Дзякуй за ўвагу!

Святлана КУЗНЯЦОВА,
настаўніца матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 15 Пінска.