Ствараем сучаснае адукацыйнае асяроддзе

- 11:26Планёрка ў рэгіёне

У новым навучальным годзе ўсе ўстановы адукацыі Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці актыўна ўключыліся ў работу. Нягледзячы на тое, што першая вучэбная чвэрць прайшла вельмі хутка, у раёне яна была дастаткова яркай, змястоўнай, насычанай рознымі мерапрыемствамі і завяршылася з пэўнымі вынікамі, пра якія нам сёння расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Хойніцкага райвыканкама Людміла Мікалаеўна ТУПІЦА.

— Людміла Мікалаеўна, першая чвэрць закончылася. Як яна прайшла?

— Традыцыйна першая чвэрць пачалася з тыдня дадатковай адукацыі, падчас якога педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Хойнікаў правялі ў школах і гімназіі шэраг цікавых мерапрыемстваў па прыцягненні дзяцей да карыснай занятасці ў аб’яднаннях па інтарэсах рознай накіраванасці. У кастрычніку навучэнцы ўстаноў адукацыі, лідары раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” сталі ўдзельнікамі валанцёрскай акцыі “100-годдзю УЛКСМ — 100 добрых спраў”, падчас якой сумеснымі намаганнямі былі ачышчаны ад смецця тры дзіцячыя пляцоўкі і сквер у горадзе. Актыўнае ўключэнне педагогаў і вучняў у рытм школьнага жыцця ўжо ў першай чвэрці дало свае вынікі, а менавіта 6 дыпломаў пераможцаў у такіх абласных конкурсах, як “Патриот.BY” і “Запаведная Беларусь”, а таксама інтэрнэт-алімпіядзе па праграмаванні.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца праектнай дзейнасці. Казелужская сярэдняя школа з’яўляецца рэгіянальным партнёрам праекта “Стварэнне валанцёрскага клуба студэнтаў-настаўнікаў “Бізнес-цьютары”. Ініцыятыва рэалізоўваецца кансалтынгавай установай “Сацыяльныя тэхналогіі бізнесу” сумесна з Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам пры фінансавай падтрымцы Праграмы малых грантаў амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Заняткі ў клубе выклікаюць непадробную цікавасць у навучэнцаў, іх вельмі прыцягвае магчымасць пагутарыць са студэнтамі ўніверсітэта, атрымаць у будучых эканамістаў кампетэнтную кансультацыю па пытаннях прадпрымальніцтва, бо менавіта ў Казелужскай сярэдняй школе з 2016 года паспяхова працуе вучэбная бізнес-кампанія “Фота+” па вырабе друкаванай і сувенірнай прадукцыі.

— Ці папоўніліся шэрагі педагагічнай грамадскасці раёна маладымі спецыялістамі? Як вы ацэньваеце педагагічныя здольнасці і веды па прадмеце маладых настаўнікаў?

— Асаблівай патрэбы ў педагагічных кадрах у раёне няма, бо штогод шэрагі педагогаў папаўняюцца маладымі спецыялістамі. І, як правіла, большасць з іх — выхадцы з раёна. Не стаў выключэннем і гэты год. У жніўні на работу ва ўстановы адукацыі прыбылі 23 маладыя педагогі. Безумоўна, маладыя спецыялісты адчуваюць пэўныя цяжкасці ў веданні і выкладанні вучэбных прадметаў, таму за кожным замацаваны дасведчаны настаўнік-прадметнік, які аказвае неабходную дапамогу педагогу-пачаткоўцу: сумесна складаецца паўрочнае планаванне па тэмах, якія выклікаюць цяжкасці, наведваюцца навучальныя заняткі з наступным аналізам, разбіраюцца праблемныя пытанні.

Для больш паспяховай адаптацыі пры раённым вучэбна-метадычным кабінеце арганізавана школа маладога настаўніка, мэта якой — стварыць умовы для эфектыўнага развіцця прафесійнай кампетэнтнасці пачынаючага педагога. Пасяджэнні праходзяць на працягу навучальнага года, тэматыка спрыяе авалоданню настаўнікамі рознымі формамі і прыёмамі навучання і выхавання навучэнцаў. А наведванне вучэбных заняткаў вопытных калег дае магчымасць маладым спецыялістам паглыбіць свае веды для фарміравання прафесійных кампетэнцый.

— Тут хочацца спытаць пра ролю раённага метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай пісьменнасці педагогаў — як маладых, так і са стажам. Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РУВК і якія метадычныя мерапрыемствы былі праведзены ўжо за першую чвэрць?

— Роля метадычнай службы ў сучасных умовах значна ўзрастае ў сувязі з неабходнасцю рацыянальна і аператыўна выкарыстоўваць новыя методыкі, прыёмы і формы навучання. Асноўным напрамкам работы раённага вучэбна-метадычнага кабінета з’яўляецца развіццё і павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту, кансультацыйная дапамога настаўнікам у пытаннях самаадукацыі. Ужо на працягу першай чвэрці праведзены шэраг метадычных мерапрыемстваў: пасяджэнні раённых метадычных фарміраванняў, інструктыўна-метадычная нарада з намеснікамі кіраўнікоў па вучэбнай рабоце аб правядзенні першага і падрыхтоўцы да ўдзелу ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, навучальныя практыкумы для педагогаў па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання. Зыходзячы з запытаў і патрэб педагогаў, праводзіцца індывідуальнае кансультаванне метадыстамі.

З кастрычніка бягучага навучальнага года стартаваў раённы агляд-конкурс вучэбных кабінетаў. У ім возьмуць удзел усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі раёна. У супрацоўніцтве з Гомельскім абласным інстытутам развіцця адукацыі праведзены навучальныя семінары для педагогаў па ўдасканаленні іх прафесійнай дзейнасці, старшынь атэстацыйных камісій устаноў адукацыі.

— Асобна хочацца спыніцца на арганізацыі профільных класаў. Якія напрамкі выбралі вашы вучні? Ці ёсць у вас педкласы, агракласы? Як арганізавана дапрофільная падрыхтоўка школьнікаў?

— У новым 2018/2019 навучальным годзе ў 7 школах і гімназіі арганізавана вывучэнне шэрага прадметаў на павышаным узроўні для 312 вучняў (27%), у тым ліку для 105 вучняў 10—11 класаў (40%). Для гэтых дзяцей рэалізоўваецца профільнае навучанне па рускай, беларускай, англійскай мовах, гісторыі, грамадазнаўстве, хіміі, біялогіі і інш. вучэбных прадметах. Трэці год запар у сярэдняй школе № 3 Хойнікаў працуюць дзве профільныя групы педагагічнай накіраванасці ў 10 і 11класах, якія наведваюць 11 навучэнцаў. Прыемна адзначыць, што з пяці выпускнікоў профільнай педагагічнай групы ў 2018 годзе чацвёра паступілі ў педагагічныя ўстановы вышэйшай адукацыі.

У Судкоўкай сярэдняй школе адкрыты профільны аграрны клас з вывучэннем беларускай мовы і біялогіі на павышаным узроўні, а таксама факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” (установай заключаны дагавор з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй па кансультацыйнай падтрымцы вучняў). У 2018/2019 навучальным годзе пры супрацоўніцтве з Хойніцкім дзяржаўным прафесійным ліцэем для 79 вучняў 10-х класаў школ раёна (54%) на базе ліцэя рэалізоўваецца праграма прафесійнай падрыхтоўкі па спецыяльнасцях тынкоўшчыка, прадаўца і слесара сельскагаспадарчых машын і абсталявання. Навучанне праходзіць у шосты дзень тыдня, для сельскіх навучэнцаў арганізаваны падвоз.

— Што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Кола пытанняў вялікае. Асабліва хвалююць пытанні, звязаныя з якасцю адукацыі, удасканаленнем работы па профільнай і прафесійнай падрыхтоўцы вучняў, з высокаматываванымі дзецьмі, умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. Вырашэнне гэтых задач — стварэнне сучаснага адукацыйнага асяроддзя для атрымання навучэнцамі якаснай адукацыі з улікам іх патрэб і магчымасцей. Я ўпэўнена, што нашым педагогам пад сілу справіцца з абазначанымі пытаннямі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.