Стваральніца прыгажосці

Адчуванне свята і чараўніцтва ўзнікае адразу, як толькі ўваходзіш у сярэднюю школу № 9 Мазыра, дзе амаль кожны куточак мае свой адметны і непаўторны каларыт. Стваральніца ўсёй гэтай прыгажосці — Святлана Мікалаеўна Барысейка, настаўніца мастацтва. Яе першыя памочнікі — вучні.

Святлана Мікалаеўна Барысейка — пераможца сёлетняга раённага этапу конкурсу “Настаўнік года”. Кожны год яе вучні перамагаюць у творчых конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Летась дыпломы атрыманы на Рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” (2-е месца — у шасцікласніка Уладзіслава Катко), Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет!” (у шасцікласніцы Таццяны Пятроўскай — 3-е месца), а таксама на штогадовым Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка “Свет з марай”, які праходзіў у Мінску, дыплом “50 лепшых работ” атрымалі васьмікласнікі Ганна Скрыт, Станіслаў Стральчэня i Ксенія Панішчава. Навучэнцы прывезлі ўзнагароды з III Рэспубліканскага конкурсу юных майстроў па мастацкім роспісе, з Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Саматканы цуд”, з Міжнароднага конкурсу малюнкаў “З пэндзлем сярод зорак. Вінсент Ван Гог” (Польшча), Міжнароднай алімпіяды мастацтваў “Куршынале-2016”, Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. У розныя гады вучні Святланы Мікалаеўны перамагалі на розных этапах Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”, фестывалю творчых праектаў “Францыск Скарына — друкар, мысляр, творца”, Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, Рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Пасябруй са спортам!”.

“Маляваць я пачала ў раннім дзяцінстве, прычым адразу на вялікіх фарматах, — расказвае Святлана Мікалаеўна. — Маці ведала: калі ў пакоі пануе цішыня — я займаюся сваёй любімай справай. Мая творчасць з’яўлялася на сценах, шпалерах. Не раз атрымлівала заўвагі ад дарослых. Але знайшла арыгінальнае выйсце: прадоўжыла ствараць мастацкія шэдэўры ў патаемным месцы — за шафай. Вучаніцай мяне двойчы запрашалі ў мастацкую школу, прапаноўвалі перайсці з 13-й школы Мазыра ў 9-ю, у клас з архітэктурным ухілам. Але я не захацела пакінуць звыклае асяроддзе. У 9-ю школу ўладкавалася на працу пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна па спецыяльнасці “Настаўнік выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання”.

Многія навучэнцы выбіраюць сярэднюю школу № 9 Мазыра за тое, што ў ёй ёсць магчымасць у 5—9 класах у рамках факультатываў вывучаць прадметы мастацкага цыкла, займацца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Для старшакласнікаў прапаноўваюцца класы з архітэктурным ухілам. Кожны з 7 настаўнікаў-мастакоў працуе ў сваім кірунку (жывапісе, малюнку, кампазіцыі, кераміцы), вядзе факультатывы “Дамашняя майстэрня”, “Тэкстыльная цацка”, “Вітраж”, “Роспіс па тканіне”. Дзеці займаюцца ў групах па 5—7 чалавек, а некаторыя індывідуальна з педагогамі. Па жаданні можна наведваць заняткі па некалькіх кірунках. У школе таксама дзейнічае тэатр, ладзяцца танцавальныя заняткі.

“З навучэнцамі мы малюем, шыем лялек і мяккія цацкі, працуем з воўнай, на палатне, вырабляем вітражы і г.д. Асвоілі традыцыйнае беларускае рамяство — маляваныя дываны, — расказвае Святлана Мікалаеўна. — Апошнім часам вельмі актуальныя і заўсёды выйгрышныя на рэспубліканскіх конкурсах тэмы, звязаныя з Беларуссю, з нашымі нацыянальнымі традыцыямі, пашывам нацыянальнага адзення, мастацтвам арнаменту. Закласці падмурак, базавыя веды і навыкі па прадмеце можна ў любога дзіцяці, але поспех у творчым асваенні таго, што трэба пазнаць, амаль цалкам будзе залежаць ад намаганняў навучэнца — па формуле “1 працэнт таленту і 99 працэнтаў працы”. Нават калі дзіця першапачаткова не праяўляе сябе ў творчасці, але пры гэтым моцна жадае дасягнуць вынікаў, то ўсё атрымаецца. Захапіць вучняў творчай справай можна без лішніх прыгожых слоў і менавіта ўласным прыкладам. Дастаткова выйсці на школьны калідор з мальбертам і пачаць маляваць. Тут жа хутка вакол настаўніка збярэцца група дзяцей, яны зацікавяцца, што ён малюе, будуць даваць парады, хтосьці пажадае дапамагчы або напісаць сваю работу. Неаднойчы так рабіла сама — спрацоўвала на сто працэнтаў.

Да кожнага вучня шукаю індывідуальны падыход. Вучу ад простага да складанага: спачатку — маляванню асобных прадметаў. Маленькія дзеці не заўсёды ўяўляюць, як прадметы выглядаюць знутры, і малююць так, як адчуваюць. І я гэта цаню, не ўмешваюся ў іх першыя работы, бо так праяўляецца іх сапраўдная, шчырая і непасрэдная асоба. Для мяне галоўнае — навучыць дзіця ў працэсе творчасці мысліць пазітыўна. Атрымліваецца своеасаблівая арт-тэрапія. Можна, напрыклад, скарыстацца яркімі колерамі, каб палепшыць настрой твора і ўласны настрой. Калі дзеці становяцца дарослымі, яны самі імкнуцца маляваць правільна і дакладна — выконваць акадэмічны малюнак”.

“Кожны творчы чалавек, кожны мастак знаходзіцца ў пастаянным пошуку, — разважае Святлана Мікалаеўна. — Асаблівае пачуццё задаволенасці ад творчасці прыходзіць у тыя імгненні, калі чуеш пазітыўныя водгукі людзей аб сваёй рабоце. Але гэта ўсё роўна не супакойвае. Працягваеш удасканальвацца і шукаць далей”.

Да школы Святлана Мікалаеўна працавала ў дзіцячым садзе, дзе пад яе кіраўніцтвам прайшла рэстаўрацыя памяшканняў, па-мастацку быў аформлены басейн. У 9-ю школу настаўніца прыйшла адначасова з яе дырэктарам Вольгай Аляксееўнай Хамутоўскай, якая адразу зацікавілася творчымі здольнасцямі незвычайнага педагога і прадаставіла Святлане Мікалаеўне поўную свабоду дзеянняў. І цяпер творы, выкананыя ёй у розных мастацкіх тэхніках, упрыгожваюць амаль кожны куточак гэтай установы.

“Я люблю маляваць акварэллю, — адзначае Святлана Мікалаеўна. — Яшчэ ва ўніверсітэце займалася ў мастака Мікалая Кузьміча Дубравы, які адкрыў мне сакрэты гэтай тэхнікі. Акрылавымі фарбамі я распісала фае малодшага блока нашай школы, зрабіла яго ў стараславянскім стылі з беларускімі надпісамі. Сталовая распісана пад уплывам уражанняў ад паездак у Італію — школьны буфет упрыгожваюць ружовыя ружы. Каля кабінета біялогіі — выявы жывёл Афрыкі. Бадай, у кожнай школе ёсць месца, куды амаль не трапляе сонечнае святло. І ў нас ёсць такі цёмны калідор. Я зрабіла эксперымент і ажывіла яго. За два тыдні на сценах з’явіліся вуліцы старажытнага горада. На пакрытыя эмаллю сцены я паклала бетонакантакт, патынкавала іх. Рабочыя нанеслі шпаклёўку і грунтоўку. Затым прыступіла да работы з фактурай. Як ішоў сам творчы працэс? Уявіце: 11 гадзін вечара, у школе выключаны свет, толькі ў калідоры свеціць настольная лямпа. У прыцемках я ўпрыгожваю дэкаратыўнымі камянямі сцяну. Працую навобмацак. Убачыць і ацаніць вынік сваёй работы я змагу толькі раніцай. І так на працягу месяца. Бывала, мая работа пачыналася раніцай, а заканчвалася а 1-й—2-й гадзіне ночы. Кожная “вуліца” ў нашым школьным горадзе атрымала сваю назву — гістарычна правільную, як у Мазыры ў ХІХ стагоддзі. Некаторыя будынкі старога горада ўзнаўляліся па фота. Былы дырэктар 13-й школы гісторык Аляксандр Бобр, які зараз працуе ў раённым аддзеле культуры, кансультаваў мяне падчас работы”.

На інсталяцыі можна ўбачыць даліну анёлаў, па другі бок якой размешчаны касцёл, а на суседняй вуліцы — праваслаўны храм. Ёсць тут рачны вакзал, Слуцкая набярэжная, вуліца Кіеўская і Кіеўская набярэжная, вуліцы Кiмброўка і Пакроўская, завулак Бядняцкі, а таксама вуліца Каліннік. У калідоры электрыкі праклалі праводку, і на “вуліцах”, нарэшце, запаліліся ліхтары-плафоны.

Пасля старога горада быў нечаканы праект “Джэксан-street”. Ключавой фігурай дысказалы стаў Майкл Джэксан. Як можна перадаць характар такой яркай асобы цікава і неардынарна?

“Аднойчы ўначы мяне азарыла: касцюм спевака трэба зрабіць бліскучым — з асколкаў дыскаў і люстэрка, — згадвае педагог. — Майкла я намалявала ў поўны рост, такім, якім ён быў у жыцці, — 175 сантыметраў. Па баках ад яго размясціла словы з песні Heal The World — так называўся яго міжнародны дабрачынны фонд. Унесла і яшчэ адну фішку, якая прыйшлася даспадобы вучням. Цяпер падчас дыскатэкі, калі выключаецца святло, на сцяне побач з Джэксанам з’яўляюцца яшчэ два яго танцуючыя сілуэты, зробленыя флюарэсцэнтнымі фарбамі. Калі я працавала над вобразам Майкла Джэксана, мне прыйшла ідэя стварыць свой дабрачынны фонд”.

Ужо 5 гадоў Святлана Мікалаеўна з’яўляецца кіраўніком дабрачыннага фонду “Аб’ядноўваючы сэрцы”. Яе ідэю падтрымалі блізкія сябры. “Мы пачалі сваю дзейнасць з паездак у дзіцячыя дамы-інтэрнаты, хоспіс, дамы для састарэлых, цэнтры і інтэрнаты для знаходжання дарослых інвалідаў, дзе ўручалі падапечным падарункі, — гаворыць Святлана Мікалаеўна. — З часам мы прыйшлі да высновы, што рабіць толькі падарункі не зусім правільна, і вырашылі: трэба вучыць чаму-небудзь новаму як дзяцей, так і дарослых, каб яны маглі ў далейшым прымяняць свае веды з карысцю і для сябе, і для іншых. Да дзейнасці фонду далучылі рамеснікаў, спартсменаў, настаўнікаў, людзей, якія ўмеюць штосьці рабіць сваімі рукамі і гатовы праводзіць майстар-класы, напрыклад, па вырабе падарункаў уласнымі сіламі. Насустрач нам пайшлі і ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна на тэхнолага-біялагічным факультэце. Яго студэнты пачалі наладжваць дабрачынныя кірмашы ў дапамогу фонду, на якіх прадаюць печыва, навагоднія цацкі, вырабленыя сваімі рукамі. Сёлета Мазырскі абласны ліцэй таксама праводзіў дабрачынны тыдзень па зборы грошай для нашага фонду. Да мерапрыемстваў фонду мы далучаем і вучняў нашай 9-й школы.

У магазінах і храмах горада ўсталяваны скрыні-скарбонкі фонду, праз якія кожны можа ахвяраваць сродкі на добрыя справы. На скрынях мы замацоўваем наклейкі з інфармацыяй пра нашы мерапрыемствы, пра дзяцей, якім патрэбна дапамога, пакідаем кантактныя тэлефоны іх сем’яў. Жыхары Мазыра ўжо ведаюць пра фонд і давяраюць нам. Нядаўна з валанцёрамі мы размясцілі на скрынях інфармацыю аб акцыі па зборы цёплага абутку. Штогод такім чынам забяспечваем абуткам выхаванцаў інтэрнатаў у Васілевічах, Ельску, Петрыкаве, Бабічах, а таксама сацыяльны прытулак у Калінкавічах, Мазырскі дзіцячы дом. Сёлета другі раз прыязджалі ў Ельскую дапаможную школу-інтэрнат (упершыню наведвалі яе тры гады назад). І гэтым разам перадалі выхаванцам 47 пар цёплага абутку. Для дзяцей з СПЦ Калінкавіч набылі 15 пар”.

На працягу двух гадоў фонд “Аб’ядноўваючы сэрцы” праводзіць рэгіянальны конкурс дзіцячага малюнка “Пра што мараць дзеці”. У ім прымаюць удзел дзеці з інтэрнатаў нароўні са звычайнымі школьнікамі. А ў новым годзе ўпершыню адбудзецца конкурс музычных талентаў “Аб’ядноўваючы сэрцы”, у якім паспрабуюць свае сілы дзеці з усіх інтэрнатаў Гомельскай вобласці.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *