Стваральны мікраклімат экалагічнага цэнтра

Святлана Іванаўна Грэйба ўзначаліла Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі ў кастрычніку 2015 года. І ўжо па выніках работы за 2016 год цэнтр у абласным конкурсе быў прызнаны другім сярод устаноў дадатковай адукацыі. У мінулым годзе ён стаў пераможцай абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы, які штогод праводзіць галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

— У нас вельмі працаздольны калектыў. Мне пашанцавала працаваць з такімі таленавітымі людзьмі, — гаворыць Святлана Іванаўна. — Калі стварыць агульны партрэт супрацоўніка эколага-біялагічнага цэнтра, то гэта жанчына, сярэдні ўзрост ад 32 да 39 гадоў, якая любіць сваю працу і з задавальненнем прыходзіць на работу. Такі ўзрост — гэта, на маю думку, самы актыўны час пошукаў і стваральнай працы. А жаданне працаваць ідзе ў тым ліку і ад мікраклімату, які створаны ў нашым цэнтры, ад адносін паміж людзьмі.

А пачынала работу Святлана Іванаўна з аналізу моцных і слабых бакоў калектыву, з пошуку рэзерваў. Яе любімы метад — “мазгавы штурм”, калі кожны член калектыву можа выказаць сваю думку і прапанову, быць пачутым, удзельнічаць у прыняцці рашэнняў і адказваць за іх. Такія “мазгавыя штурмы” сталі прывычным элементам работы.

— Аналіз паказаў, што пра нас мала ведаюць, — гаворыць Святлана Іванаўна. — І мы пайшлі ў людзі. Так, адбылася сустрэча на прадпрыемстве “Гроднаводаканал”. Па-першае, гэта была сустрэча з бацькамі нашых патэнцыяльных выхаванцаў, па-другое, наладзілі кантакты з цікавым у плане экалагічнай работы прадпрыемствам і зараз маем магчымасць вадзіць туды дзяцей на азнаямляльныя экскурсіі. Больш актыўна праводзім рэкламную кампанію. Анкетаванне бацькоў нашых выхаванцаў таксама дазваляе выявіць патрэбы і новыя кірункі работы. Актывізавалі супрацоўніцтва з перыядычнымі выданнямі. Напрыклад, за 2017 год творчы і метадычны вопыт нашых педагогаў, інфармацыя аб праведзеных конкурсах і мерапрыемствах друкавалася ў мясцовых газетах “Гродзенская праўда” і “Перспектыва”, 11 разоў — у “Настаўніцкай газеце”, у часопісах “Веснік адукацыі” Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, “Выхаванне і дадатковая адукацыя”.

А расказаць супрацоўнікам эколага-біялагічнага цэнтра ёсць аб чым. Сёння ў 85 аб’яднаннях па інтарэсах займаецца амаль 900 чалавек. Прыходзяць сюды дзеці, пачынаючы з двухгадовага ўзросту — для іх арганізавана школа ранняга развіцця з элементамі вывучэння навакольнага асяроддзя. А самыя старэйшыя — людзі ва ўзросце да 31 года з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама студэнты Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі з’яўляецца каардынатарам выхаваўчай работы з навучэнцамі па эколага-біялагічным профілі. У рамках комплекснай праграмы выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўдзельнічалі ў 22 конкурсах і акцыях, з іх 8 — рэспубліканскага ўзроўню, 14 — абласнога. Навучэнцы і педагогі Гродзенскай вобласці ў 8 рэспубліканскіх этапах конкурсаў заваявалі 34 дыпломы. Асабліва паспяхова выступілі ў аграбіялагічных і конкурсах па ландшафтным дызайне.

Каб быць цікавымі і карыснымі сучаснай моладзі, у мінулым годзе ў цэнтры пачалі рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання эколага-эканамічных кампетэнцый навучэнцаў ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пры дапамозе арганізацыі навучальных бізнес-кампаній”.

— Мы хочам навучыць дзяцей быць актыўнымі ў жыцці і ў той жа час адказнымі за сваё жыццё і за жыццё навакольнае — прыроду, экалогію, — расказвае С.І.Грэйба. — У рамках створанай навучальнай бізнес-кампаніі дзеці з дапамогай і пад кіраўніцтвам педагогаў вывучаюць нарматыўна-прававыя асновы прадпрымальніцкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, асновы менеджменту і маркетынгу, падаткаабкладання і цэнаўтварэння, набываюць практычныя ўменні і навыкі па доглядзе раслін, стварэнні сувенірнай прадукцыі, кампазіцый з жывых і сухіх кветак.

Навучанне адбываецца ў форме лекцый, гутарак, дзелавых гульняў (напрыклад, FLIXA, “Грашовы паток”, “Сітуацыя”, “Прыняцце рашэння ў сітуацыі нявызначанасці”), сустрэч з прадпрымальнікамі. У адпаведнасці з бізнес-планам, навучэнцы вырабляюць і рэалізуюць прадукцыю — паштоўкі ручной работы, брошкі, рыхтуюць справаздачныя і фінансавыя дакументы, удзельнічаюць у выставах, кірмашах, злётах, форумах.

У лістападзе мінулага года ў Гродзенскім эколага-біялагічным цэнтры была створана экспазіцыя водараў. Тут праходзяць экскурсіі ў выглядзе гульні-падарожжа. Наведвальнікам расказваюць аб лекавых уласцівасцях раслін і правілах іх збору, ароматэрапіі і выкарыстанні траў у кулінарыі, прапануюць паспрабаваць гарбату.

— Вельмі прыемна, што пра экспазіцыю ўжо ведаюць гараджане. Да нас прыходзяць людзі розных узростаў. Прыносяць экспанаты, расказваюць тое, што мы ўжо і не ведаем з народных традыцый.

— Мы хочам навучыць дзяцей глядзець на прыроду з цікавасцю, каб у іх з’яўлялася жаданне вырасціць нейкую расліну, пазнаваць яе па паху, ведаць пра яе ўласцівасці, любавацца ёю, — працягвае дырэктар. — З гэтай мэтай ствараем зялёнае наваколле каля будынка цэнтра, а таксама ў жывым кутку, дзе дзеці вучацца даглядаць жывёл — птушак, рыбак, хамячкоў.

Такі погляд на ўсё жывое ў самой Святланы Іванаўны таксама з дзяцінства. Кожнае лета праводзіла ў вёсцы ў бабулі з дзядулем — а там табе і кветкі, і агарод, і хатнія жывёлы. Таму вучоба на факультэце біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы была лагічнай і жаданай.

І калі на рабоце калектыў у Святланы Іванаўны жаночы, з 39 супрацоўнікаў 35 — жанчыны, дык дома — мужчынскі: муж Вадзім Аляксандравіч — ваенны, палкоўнік, сыны Канстанцін (14 гадоў), Уладзіслаў (9 гадоў), Мацвей (5 гадоў). Старэйшыя дзеці вучацца ў гімназіі, малодшы наведвае дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, а таксама прыходзіць да мамы на работу — тут ён выхаванец школы ранняга развіцця. Канстанцін наведвае заняткі ў гуртку “Вучэбная бізнес-кампанія”, ва Уладзіслава інтарэсы звязаны з робататэхнікай і плаваннем.

Пытаю, як пачынаецца дзень у мамы такой вялікай сям’і?

— У 6 гадзін раніцы, — адказвае Святлана Іванаўна. — З вечара прыгатавана ўсім адзенне, ежа з улікам густаў кожнага, правераны ўрокі. А рабочы дзень пачынаю з абыходу тэрыторыі, а потым ужо іду ў кабінет.

А якім бачыць дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі 2018 год?

— Каб апраўдаць і падтрымаць статус лепшай установы дадатковай адукацыі, трэба знаходзіць новае, быць цікавым і актыўным, — адказвае С.І.Грэйба. — Мы бачым рэзервы ў актывізацыі работы ў шосты школьны дзень, развіцці сучасных форм атрымання дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у тым ліку дыстанцыйных. Ставім задачу па прыцягванні ў нашыя аб’яднанні па інтарэсах падлеткаў, якія стаяць на розных відах кантролю.

Працягнем работу па стварэнні вучэбна-метадычных комплексаў, у тым ліку іх электронных баз, і вельмі важную для грамадства работу па выхаванні экалагічнай культуры дзяцей. Учора ў нас прайшоў конкурс фларыстычнага дызайну “Сонца, мама і кветкі”, а 24 сакавіка дзеці з усіх куточкаў Гродзеншчыны прыедуць на фальклорна-экалагічнае свята “Саракі”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *