Ствараць інклюзіўныя прадпрыемствы і выдзяляць дадатковыя рэсурсы на адукацыю людзей з інваліднасцю

- 9:00Інфармацыйная гадзіна

Эксперты ацанілі рэгулюючае ўздзеянне законапраекта аб правах інвалідаў. Аб гэтым расказала намеснік міністра эканомікі Алена Пярмінава на анлайн-канферэнцыі па абмеркаванні вынікаў пілотнай працэдуры ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння праекта “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі” на бізнес у Беларусі.

Законапраект накіраваны на прывядзенне заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з Канвенцыяй ААН аб правах людзей з інваліднасцю. Ён уяўляе сабой комплексны дакумент, які аб’ядноўвае два асноўныя законы — “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” і “Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў”. Таксама ён дапоўнены новымі нормамі і артыкуламі для забеспячэння паўнацэннай роўнасці і паўнапраўнага ўдзелу асоб з абмежаванымі магчымасцямі ў жыцці грамадства.

У адпаведнасці з рабочым планам праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі (МТД), на бягучы год было прадугледжана правядзенне ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння нарматыўных прававых актаў. Для работы ў гэтым напрамку выбралі законапраект “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”, які прааналізавалі на наяўнасць недахопаў, што могуць прывесці да негатыўных сацыяльна-эканамічных наступстваў.

“Экспертная работа па ацэнцы рэгулюючага ўздзеяння нарматыўных прававых актаў праведзена ПРААН у Беларусі ў рамках праекта “Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь. Гэтая арганізацыя ўзяла на сябе вялікую адказнасць у рэалізацыі няпростай справы, паколькі працэдура ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння павінна быць праведзена якасна, каб дапамагчы пазбе­г­нуць прыняцця такіх рашэнняў у законапраекце, якія могуць прывесці да негатыўнага сцэнарыя. Гэта значыць, напрыклад, калі пры прыняцці законапраекта не было ўлічана, што выдаткі на асобныя групы асоб з інваліднасцю неабгрунтавана высокія, тады дзяржава панясе страты, якіх можна было б пазбегнуць пры дэталёвым аналізе законапраекта перад яго прыняццем. Менавіта такую работу па паўнацэнным аналізе нарматыўных актаў правялі прадстаўнікі ПРААН”, — адзначыла Алена Пярмінава.

Правядзенне ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння было накіравана на забеспячэнне найбольш эфектыўнага варыянта вырашэння задач законапраекта. Таксама мэтай стала зніжэнне рызык, звязаных з яго ўвядзеннем, і стварэнне прававога рэгулявання, здольнага забяспечыць працаўладкаванне інвалідаў і гарантаваць іх правы і інтарэсы ў працоўнай сферы.

Пры правядзенні ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння эксперты зрабілі 13 даследчых крокаў, каб паказаць, да якіх сацыяльна-эканамічных наступстваў прывядзе ўвядзенне новага закона. Па выніках работы былі выпрацаваны рэкамендацыі ПРААН. “Ёсць шэраг прапаноў. Напрыклад, трэба разгледзець пытанне аб дадатковай дзяржаўнай падтрымцы арганізацый у частцы спрашчэння іх вытворчай дзейнасці, развіцця сацыяльнай, спартыўнай і аздараўленчай базы. Гэта тычыцца тых месцаў, маё­масць якіх знаходзіцца ва ўласнасці грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў, — адзначыла намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР Ірына Сідарчук. — Таксама важна прапрацаваць пытанне аб стварэнні інклюзіўных прадпрыемстваў, неабходна прадугледзець у рамках дзяржпраграм дадатковыя рэсурсы на адукацыю людзей з інваліднасцю і ў першачарговым парадку ствараць безбар’ернае асяроддзе па дзяржпраграмах. Акрамя таго, ёсць прапанова прадугледжваць кватаванне ў мэтах працаўладкавання інвалідаў для дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый”.