Ствараючы рэгіянальную мадэль навучання

“Мы часта чуем, што новы дзень ставіць перад намі новыя задачы. Але якімі зменлівымі ні былі б умовы, галоўная задача — працаваць эфектыўна. І перакананасць кожнага педагога ў асабістай адказнасці за дасягненне выніку павінна стаць асноўнай падтрымкай у вырашэнні адукацыйных задач”, — лічыць гераіня нашай “Суботняй планёркі” начальнік аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Гродзенскай вобласці Аксана Анатольеўна ЗЕМЛЯКОВА. Пра тое, як завяршыўся навучальны год, як плануюць правесці летнія канікулы навучэнцы і якія напрамкі работы зараз у прыярытэце, — наша гутарка з Аксанай Анатольеўнай.

— Бягучы навучальны год стаў для нас яркім, насычаным і запамінальным, — адзначае А.А.Землякова. — У жніўні 2017 года ўведзена ў эксплуатацыю новая ўстанова дашкольнай адукацыі на 190 месцаў у мікрараёне-новабудоўлі, што дазволіла вырашыць праблему прадастаўлення месцаў дзецям дашкольнага ўзросту ў крокавай даступнасці. Дзіцячы сад з сучасным аснашчэннем з’яўляецца цэнтрам творчага і эстэтычнага развіцця дзяцей.

На базе Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы адкрыўся першы ў свеце інфармацыйны цэнтр па захаванні ласасёвых. Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы падтрымцы грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Ва ўстановах адукацыі актыўна працуюць школьныя бізнес-кампаніі па вырабе сувенірнай прадукцыі, арганізацыі тэатральнай дзейнасці, вырошчванні расады дэкаратыўных раслін і іншыя. Бізнес-кампанія “Усё для лазні” сярэдняй школы № 1 Астраўца стала фіналістам Рэспубліканскага конкурсу “Прадпрымальнік года” ў намінацыі “Ідэі школьных бізнес-кампаній”.

Заканчваецца апрабацыя эксперыментальнага праекта па фарміраванні нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў. Укаранёны 9 інавацыйных праектаў, сярод іх — перавернутае навучанне, фарміраванне сацыяльна-грамадзянскіх і прадпрымальніцкіх кампетэнцый, укараненне культуры камунікатыўных паводзін сродкамі вучэбнага прадмета “Замежная мова”, валанцёрская дзейнасць.

— Якімі дасягненнямі навучэнцаў і педагогаў ганарыцца раён?

— Радуюць нас дасягненні навучэнцаў у алімпіядным руху. На заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве навучэнка 11 класа гімназіі № 1 Астраўца Юлія Станкевіч заваявала дыплом ІІ ступені, па рускай мове і літаратуры дзевяцікласніца гэтай жа ўстановы Яна Кавалеўская — дыплом ІІІ ступені. У абласной алімпіядзе па вучэбных прадметах для навучэнцаў сярэдняга звяна атрымана 11 дыпломаў. Ян Станкевіч, вучань 10 класа Гудагайскай сярэдняй школы, стаў пераможцам дыстанцыйнай алімпіяды па гісторыі, якая праводзіцца БДПУ імя Максіма Танка.

Навучэнцамі заваяваны дыпломы лаўрэатаў у Міжнародным конкурсе “Зялёная планета — 2017”, дыплом ІІІ ступені на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Юны натураліст” у рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, 1-е месца на абласным этапе конкурсу школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання” ў намінацыі “Педагагічная распрацоўка. Практычны ўрок “Захаваем клімат з дапамогай простых энергетычных рашэнняў”.

— Як плануецца арганізаваць летні адпачынак дзяцей?

— У Астравецкім раёне ў летні перыяд 2018 года плануецца аздаравіць 1295 дзяцей (у 2017 годзе — 1259), з іх 590 навучэнцаў пройдуць аздараўленне ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем, 705 — у дзённых лагерах. Усяго ў летні перыяд будуць дзейнічаць 17 прышкольных лагераў з дзённым знахо-джаннем, у якіх змогуць аздаравіцца 630 дзяцей. Навучэнцы Астравецкага ЦКРНіР змогуць аздаравіцца ў чэрвені. Гэтым летам працягнуць сваю работу дзённыя лагеры на базе Астравецкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву “Юны алімпіец” і Астравецкага ЦТДіМ “Млын”.

Будзе арганізавана работа 4 лагераў працы і адпачынку, там плануецца аздаравіць 75 навучэнцаў. Максімальна будуць ахоплены дзеці, якія знаходзяцца на ўліку ў ІСН, і дзеці ўразлівых катэгорый.

Сетка аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем уключае ў сябе стацыянарны дзіцячы аздараўленчы лагер “Ластаўка” з арганізацыяй профільных змен адораных дзяцей, актывістаў грамадскіх аб’яднанняў, турыстычнай і абаронна-патрыятычнай накіраванасці і 3 профільныя лагеры.

Лінгвістычны лагер Su Lietuva на базе Рымдзюнскай сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання, акрамя вучняў устаноў адукацыі нашага раёна, наведаюць і выхаванцы харэаграфічнага калектыву “DISлакацыя” Гомеля. Штодня будуць арганізаваны міні-ўрокі літоўскай мовы і правядзенне танцавальных заняткаў.

З 4 жніўня працягнуць сваю работу профільныя змены эколага-краязнаўчай накіраванасці “Экакраязнаўцы” (на базе Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы) і краязнаўчы лагер “Восьмы цуд свету” (Альхоўская сярэдняя школа). Каля 300 дзяцей плануецца прыцягнуць да работы ў складзе студэнцкіх атрадаў.

— Аксана Анатольеўна, як будуць павышаць свой прафесійны ўзровень педагогі летам?

— Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры возьмуць удзел у пасяджэнні клуба “Крыштальны журавель”, рэспубліканскім семінары-практыкуме па сістэме актыўнай ацэнкі. Традыцыйным стала штогадовае правядзенне ў ліпені на базе Альхоўскай сярэдняй школы рэспубліканскіх аўтарскіх курсаў для настаўнікаў фізікі М.І.Запрудскім. Актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве прымаюць педагогі і кіраўнікі Альхоўскай сярэдняй школы і Міхалішкаўскай сярэдняй школы.

Будуць арганізаваны павышэнне кваліфікацыі педагогаў на базе Гродзенскага абласнога ІРА, АПА і ўдзел у рабоце семінараў. У планах і падрыхтоўка да фестывалю педагагічнага майстэрства ў жніўні 2018 года па тэме “Сучасная адукацыя: інвестыцыі ў будучыню”.

— Якія праблемы хвалююць вас сёння? І якія задачы ставіце на перспектыву?

— Ужо цяпер вядзецца работа па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, у тым ліку ў трох неабходна правесці капітальны рамонт з рамонтам спартыўнай залы (Гудагайская сярэдняя школа), заменай даху (Варонскі дзіцячы сад — пачатковая школа), уладкаваннем спартыўных і гульнявых пляцовак (сярэдняя школа № 1 Астраўца).

У летні перыяд адкрыецца ўстанова дашкольнай адукацыі на 190 месцаў, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з трыма басейнамі і гарадскі стадыён. У верасні 2018 года пачнуцца работы па будаўніцтве школы на 765 месцаў, дзіцячага сада на 230 месцаў, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Наша задача — зрабіць кожную новую ўстанову непаўторнай, камфортнай і бяспечнай для навучэнцаў.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.