Стварэнне іншамоўнага адукацыйнага асяроддзя для развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў абмеркавалі на семінары

- 11:03Образование

Стварэнне іншамоўнага адукацыйнага асяроддзя для развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў абмеркавалі на рэспубліканскім семінары. Метадычнае мерапрыемства прайшло на базе раённага рэсурснага цэнтра па англійскай мове ў гімназіі Фаніпаля. Яго ініцыятарам выступіла Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася начальнік упраўлення дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі АПА Ала Семяновіч. Мэтавай аўдыторыяй семінара сталі настаўнікі замежнай мовы, яго змест уключаў майстар-класы, дыскусіі, рэфлексію.

Інеса Зубрыліна, начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ, настаўнік-метадыст, кандыдат педагагічных навук, на сваім майстар-класе “Развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў як адна з умоў фарміравання функцыянальнай пісьменнасці” гаварыла пра спецыфіку фарміравання камунікатыўных навыкаў вучняў на розных этапах навучання. Педагогам Інеса Уладзіміраўна  прапана-
вала:

азнаёміцца з рознымі камунікатыўнымі стратэгіямі і спецыфікай іх выкарыстання ў залежнасці ад сітуацыі зносін;

падабраць моўны матэрыял у адпаведнасці з пастаўленай камунікатыўнай задачай;

прааналізаваць метадычны патэнцыял шэрага прыёмаў, якія могуць быць выкарыстаны педагогам у мэтах арганізацыі камунікацыі на вучэбных занятках.

Майстар-клас “Развіццё камунікатыўнай іншамоўнай кампетэнцыі вучняў на ўроках замежнай мовы з дапамогай выкарыстання медыярэсурсаў” настаўніцы нямецкай мовы Зелянкоўскага дзіцячага сада — базавай школы імя Т.С.Марыненка Полацкага раёна Аліны Стэльмачонак прайшоў у форме дэгустацыі. Удзельнікі майстар-класа працавалі ў групах, кожнай з якіх была дадзена магчымасць зра­біць “заказ” з трох аптымальных, на іх погляд, “страў-прыёмаў”, якія спрыя­юць фарміраванню і развіццю камунікатыўнай іншамоўнай кампетэнцыі навучэнцаў.

Педагогі творча падышлі да працэсу і прадукцыйна працавалі з прапанаванымі кейсамі, па чарзе прадстаўляючы вынікі сваёй дзейнасці. У ходзе майстар-класа настаўнікі азнаёміліся з функцыянальнымі лексіка-граматычнымі табліцамі Е.І.Пасава, навучыліся змяшчаць гісторыю ў квадрат (прыём “Квадрат гісторыі”), здзейснілі анлайн-пакупкі (прыём “Кошык пакупак”), прыдумалі “Дызайн для персанажа”, напісаўшы цэлыя гісторыі. Пасля заканчэння “дэгустацыі” настаўнікі прагаласавалі, адзначыўшы знакам якасці і вызначыўшы найбольш упадабаныя прыёмы.

Майстар-клас “Стварэнне эфектыўнага адукацыйнага асяроддзя і арганізацыя камунікатыўнага ўзаемадзеяння на вучэбных занятках па замежнай мове” Ірыны Прызбы, настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Віцебска, дазволіў настаўнікам асво­іць эфектыўныя формы, метады і прыёмы актывізацыі маўленча-разумовай дзейнасці вучняў. У цэнтры ўвагі былі ўзроўні пазнавальнай дзейнасці і этапы развіцця метапрадметных універсальных вучэбных дзеянняў. Значная ўвага была ўдзелена праблеме набыцця вопыту рэфлексіі як сродку фарміравання ключавых кампетэнцый. Настаўнікі змогуць выкарыстоўваць атрыманыя веды ў праектаванні ўласнай адукацыйнай дзейнасці, а таксама навучыцца мадэляваць вучэбныя заняткі, вызначаючы мэты на аснове таксанаміі Блума.

Намеснік дырэктара гімназіі па вучэбна-метадычнай рабоце Людміла Герасенка падзялілася метадычнымі здабыткамі педагогаў сваёй навучальнай установы. З мэтай стварэння ўмоў для аптымізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце “Англійская мова” і павышэння метадычнага майстэрства педагогаў на базе гімназіі быў створаны раённы рэсурсны цэнтр, асноўным напрамкам дзейнасці якога з’яўляецца інфармацыйная, кансультацыйна-метадычная дапамога ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу. Акрамя таго, на базе цэнтра ажыццяўляецца работа з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі на вучэбных занятках і ў пазакласнай дзейнасці, арганізоўваюцца і право­дзяцца  вучэбныя семінары, вэбінары, майстар-класы для педагогаў гімназіі і раёна, ідзе назапашванне і сістэматызацыя дыдактычнага матэрыялу.

Як адзначыла дырэктар гімназіі Галіна Майсейчык, іх навучальная ўстанова — адкрытая, мабільная і запатрабаваная школа з эфектыўнай мадэллю навучання і выхавання. У гімназіі распрацавана, рэалізавана і рэалізоўваецца 15 індывідуальных, групавых, інтэграваных адукацыйных і выхаваўчых праектаў, зусім нядаўна ў іх удзельнічалі 32 педагогі, а сёння ў інавацыйную і эксперыментальную дзейнасць уключаны практычна ўсе настаўнікі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ