Стварэнне платформы нацыянальных індыкатараў з’яўляецца ключавым фактарам дасягнутага поспеху

Поспех Беларусі ў дасягненні мэт устойлівага развіцця ў многім залежыць ад правільнай платформы нацыянальных індыкатараў і ўсебаковага партнёрства. Аб гэтым заявіла Нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Марыяна Шчоткіна.

“Беларусь адзначаецца як ад зін з лідараў у працэсе дасягнення МУР, паколькі ў нас за мінулы год створана сістэма работы. Але асабліва важна, каб гэтыя мэты дасягаліся ўнутры краіны, таму што стратэгічная задача — павышэнне якасці і ўзроўню жыцця людзей. Важна разумець, што адбываецца на ўнутраным контуры, і правільна ацэньваць свой рух наперад”, — сказала Марыяна Шчоткіна.

У работу ўключаны ўсе: парламент, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, партнёрскіх арганізацый, грамадскасць. “Асаблівае значэнне мы надаём партнёрскай групе, куды ўваходзяць прадстаўнікі грамадскасці, дзелавых колаў, бізнесу, тыя, хто зацікаўлены ў рабоце па напрамках МУР. Дарэчы, у групе ўжо вызначаны лідары, якія ўзначальваюць сегменты па галінах эканомікі, экалогіі, сацыяльнай палітыкі. Каб нашы партнёры разумелі сам працэс і тое, якія індыкатары павінны прымяняцца для ацэнкі дасягнення МУР у Беларусі, неабходна пастаяннае ўзаемадзеянне”, — дадала Марыяна Шчоткіна.

Таксама яна адзначыла асаблівую ролю парламента. “Уся нарматыўна-прававая база павінна будавацца з адсочваннем прагрэсу па дасягненні МУР. Мы ўжо ўзнімалі пытанне аб тым, што любы законапраект, які ўносіцца ў парламент, павінен мець раздзел або хаця б радок, у якім гаворыцца пра МУР. І калі прапанаваны дакумент не працуе на прагрэс, трэба яго дапрацоўваць. У такім жа кірунку павінны дзейнічаць і нашы партнёры, грамадзянская супольнасць. Наш дэвіз — нікога не пакінуць убаку”, — адзначыла нацыянальны каардынатар.

На гэтым шляху Беларусі дапамагаюць і міжнародныя партнёры. Дзякуючы фінансаванню ПРА АН з ліпеня 2017 года рэалізуецца праект “Падтрымка дзейнасці Нацыянальнага каардынатара па дасягненні МУР і ўмацаванне ролі парламента ў дасягненні МУР”.

Намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар адзначыў прагрэс Беларусі. “Няма іншай краіны, якая магла б пахваліцца дасягненнем такіх роўных поспехаў па ўсіх напрамках МУР. Часткова гэта стала магчымым дзякуючы фарміраванню сістэмы індыкатараў, паколькі калі нешта нельга вымераць, то немагчыма гэтым кіраваць, немагчыма ўдасканальваць. Стварэнне ў Беларусі платформы нацыянальных індыкатараў з’яўляецца ключавым фактарам дасягнутага поспеху”, — сказаў Закары Тэйлар.