Беларусі і Казахстану неабходна вярнуць узаемны тавараабарот на ўзровень $1 млрд. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, адкрываючы беларуска-казахстанскі бізнес-форум, які праходзіў у Астане ў рамках выставы Made in Belarus. Astana.
“Казахстан для Беларусі з’яўляецца адным з асноўных гандлёвых партнёраў, трэцім па аб’ёме тавараабароту сярод краін СНД. На жаль, у 2016 годзе тавараабарот паміж нашымі краінамі знізіўся да ўзроўню 2015 года на 27%, склаўшы $420 млн. Аднак даныя гандлю таварамі за шэсць месяцаў сведчаць аб тэндэнцыі аднаўлення аб’ёмаў двухбаковага тавараабароту, тэмп росту склаў амаль 180%. Нам неабходна прыкласці сумесныя намаганні па замацаванні гэтай пазітыўнай тэндэнцыі. Арыенцірам з’яўляюцца вынікі 2014 года, калі аб’ём узаемнага гандлю таварамі і паслугамі дасягнуў $1 млрд. Упэўнены, што і гэтая лічба не з’яўляецца мяжой нашых магчымасцей”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што далейшае пашырэнне эканамічных адносін і іх канструктыўнае напаўненне з’яўляюцца найважнейшымі задачамі, якія стаяць перад дзвюма краінамі. “Нягледзячы на цяперашні няпросты час, які перажывае і Еўропа, і Азія, ды і ўвесь свет, мы павінны думаць аб жыцці нашых народаў у заўтрашнім дні. Галоўныя процівагі новым выклікам — фарміраванне ёмістага агульнага рынку і балансу інтарэсаў. Стварэнне сур’ёзных аб’яднальных саюзаў — правільны крок да стабільнага міру. У сувязі з гэтым мы чакаем больш значнай для нашых дзяржаў і народаў аддачы ад дзейнасці ЕАЭС”, — заявіў ён.
Андрэй Кабякоў растлумачыў, што новыя выклікі запатрабавалі прыняцця макра- і мікраэканамічных мер, якія прыносяць станоўчы эфект. У 2017 годзе ў Беларусі адзначаны прырост ВУП, паскораны тэмпы прамысловай вытворчасці, забяспечана дадатнае сальда знешняга гандлю і паслугамі. Запаволенне ўзроўню інфляцыі і стабілізацыя валютнага рынку павысілі давер да беларускай нацыянальнай валюты. Акрамя таго, Беларусь пачала рэалізацыю новай для сябе экспартнай стратэгіі дыверсіфікацыі рынкаў.