Стварэнне ўласных сістэм абароненай сувязі — значны складнік незалежнасці

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб развіцці сістэмы ўрадавай сувязі.

“Я хацеў бы ў развіццё нашай размовы, калі мы наведвалі адпаведныя аб’екты абароненай сувязі, пагаварыць сёння пра далейшыя нашы крокі, у тым ліку пра недахопы. Я тады вам сказаў, што мы сур’ёзна возьмем на кантроль работу КДБ, іншых структур, якія займаюцца распрацоўкай абароненай сувязі, у тым ліку ўрадавай”, — адзначыў на нарадзе кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым напрамку ўжо нямала зроблена: “У прэзідэнта на стале — распрацоўкі стацыянарнай айчыннай сувязі. Усе найвышэйшыя службовыя асобы, члены ўрада маюць нядрэнную стацыянарную сувязь, але самае галоўнае, што мы ў гэтым выпадку абсалютна незалежныя. Мы стварылі свае сістэмы сувязі, свае цэнтры шыфравання інфармацыі, недаступныя для разведак іншых дзяржаў”.

“Зроблена нямала, але далёка не ўсё. Мы сёння робім і тэсціруем некаторыя сістэмы не стацыянарнай, а мабільнай сувязі. У кожнага сёння мабільны тэлефон — узяў, пазваніў — увесь свет ведае, пра што ты гаворыш. Трэба стварыць такую сувязь, але абароненую. Як у народзе кажуць, сакрэтную сувязь. Мы тэсціруем такую сувязь. Ёсць, вядома, шэраг недахопаў. Пра гэта таксама мы сёння шчыра павінны пагава­рыць”, — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт расказаў, што нядаўна даручаў Аператыўна-аналітычнаму цэнтру праверыць, як працуе КДБ у сферы закрытай сувязі, наколькі яна знаходзіцца пад кантролем, наколькі надзейная і недаступная для разведак іншых дзяржаў і чужых асоб. “Я хацеў бы, каб мне пра гэта сёння далажылі, і намеціць далейшыя крокі па развіцці і мабільнай, і стацыянарнай закрытай сувязі”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, развіццё гэтага напрамку не проста атрыманне выніку ў выглядзе канкрэтнага прадукту — добрай сувязі. “Гэта рухае наперад нашу школу шыфравання і стварэння такіх сістэм. Калі мы гэтым займаемся, значыць у нас ёсць класныя спецыялісты і гэтая школа будзе развівацца, — лічыць прэзідэнт. — У нас ёсць добрыя спецыялісты, напрацоўкі, і страціць іх нельга. Тым больш што многія сістэмы, якія мы стварылі, у тым ліку закрытай сувязі, карыстаюцца павагай замежных дзяржаў. Нават мяне кіраўнікі дзяржаў просяць: мы хочам такую, як у Беларусі, надзейную сувязь”.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заявіў, што беларускі бок для некаторых кіраўнікоў дзяржаў ужо стварыў такую ж урадавую сувязь. “Гэта карыстаецца попытам, і гэта немалыя грошы, таму ёсць сэнс у гэтым напрамку працаваць і развіваць нашы сістэмы”, — сказаў ён.

Як паведамлялася, у жніўні гэтага года Аляксандр Лукашэнка наведаў адзін з аб’ектаў урадавай сувязі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Тады было даложана, што ў выніку рэалізацыі дзяржаўных праграм ажыццёўлены пераход ад старога аналагавага да лічбавага абсталявання, забяспечана яго імпартазамяшчэнне шляхам распрацоўкі і ўводу ў эксплуатацыю айчынных узораў тэхнікі і апаратуры шыфравання. Кіраўніку дзяржавы таксама было даложана пра распрацоўку сістэм рухомай урадавай радыёсувязі, прадэман­стравана лінейка сродкаў сувязі і апаратуры шыфравання, у тым ліку абароненай мабільнай тэлефоннай сувязі.