Стварылі кнігу Памяці

Падрастаючае пакаленне неабходна далучаць да пошукавай і навукова-даследчай работы па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны. Толькі так атрымаецца захаваць у сэрцах моладзі памяць пра гераічны подзвіг салдат Перамогі. Такога меркавання прытрымліваюцца ў Быхаўскім цэнтры турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі.

—У нашай навучальнай установе рэгулярна праводзяцца розныя мерапрыемствы, накіраваныя на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. Арганізуюцца сустрэчы з ветэранамі, тэматычныя канферэнцыі, круглыя сталы, акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторый помнікаў і воінскіх пахаванняў. Актыўны ўдзел навучэнцы прымаюць таксама ў пошукавай і даследчай рабоце ў гэтым кірунку, — расказала метадыст цэнтра А.В.Замяціна.

Паводле яе слоў, сёлета хлопцы і дзяўчаты правялі каласальную работу па стварэнні кнігі Памяці “Несмяротны полк 57-й марской ракетаноснай авіядывізіі”. Доўгі час гэтае злучэнне дыслацыравалася ў заходняй частцы Быхава.

— Дывізія прымала ўдзел у шматлікіх баявых аперацыях, у тым ліку і па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзясяткі экіпажаў марскіх лётчыкаў не вярнуліся з баявых заданняў. Многія з іх загінулі разам са сваімі баявымі машынамі далёка ад берагоў, у марскіх безданях. Нашы навучэнцы вырашылі захаваць імёны марскіх авіятараў 57-й авіядывізіі. Жывыя і загінуўшыя, яны з’яўляюцца прыкладам таго, як трэба любіць Радзіму, адстойваць яе гонар, годнасць і свабоду, — адзначыла Ала Віктараўна.

Пошукавая работа праводзілася на працягу некалькіх месяцаў. Вялікую дапамогу юным пошукавікам аказалі раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” і яе старшыня — гвардыі падпалкоўнік у адстаўцы Віктар Рыгоравіч Прышчэпа.

Навучэнцы-краязнаўцы вывучалі дакументальную літаратуру, архіўныя матэрыялы, інтэрнэт-крыніцы, сустракаліся з ветэранамі дывізіі, членамі іх сем’яў. Найбольш важкі ўклад у стварэнне кнігі Памяці ўнеслі навучэнцы гімназіі Быхава і кіраўнік гімназічнага музея баявой славы 57-й Смаленскай Чырванасцяжнай марской ракетаноснай авіядывізіі В.М.Маржэрына.

— У кнізе Памяці прадстаўлены падрабязныя матэрыялы аб трыццаці Героях Савецкага Саюза — лётчыках злучэння, бюсты якіх устаноўлены на гарадской плошчы Герояў. У кнізе размешчаны фатаграфіі авіятараў-франтавікоў, іх біяграфічныя даныя, копіі розных архіўных дакументаў, узнагародныя лісты герояў паветраных баёў. Ва ўрачыстай атмасферы кніга Памяці была перададзена на захоўванне ў музей баявой славы 57-й марской ракетаноснай авіядывізіі гімназіі Быхава, — паведаміла А.В.Замяціна.

Пошукавая работа працягваецца, кніга Памяці бу­дзе дапоўнена новымі імёнамі. Усе сабраныя матэрыялы будуць актыўна выкарыстоўвацца ў адукацыйным і выхаваўчым працэсе быхаўскіх навучальных устаноў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.