Стварылі сквер Памяці

Падрастаючае пакаленне павінна ведаць гістарычную праўду пра Вялікую Айчынную вайну і свята берагчы памяць пра герояў-пераможцаў. Такога меркавання прытрымліваецца педагагічны калектыў сярэдняй школы № 7 Магілёва.

— У нашай установе вялікая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. У рамках гэтай работы ўжо некалькі дзесяцігоддзяў дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў гісторыі С.М.Карлінай і С.А.Рыжковай займаюцца пошукавай і даследчай дзейнасцю па вывучэнні гісторыі мікрараёна аўтазавода імя Кірава. За гэты час было сабрана мноства важных гістарычных матэрыялаў. Яны ўвайшлі ў створаны намі летапіс мікрараёна і школы, а таксама паслужылі асновай для ўдзелу ў розных гарадскіх конкурсах праектаў. Але галоўная ініцыятыва была рэалізавана намі нядаўна. Сіламі педагогаў і вучняў, пры актыўнай падтрымцы мясцовых грамадскіх арганізацый на тэрыторыі школы быў створаны сквер Памяці, прысвечаны жыхарам мікрараёна — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, — паведаміў дырэктар сярэдняй школы № 7 А.В.Крамачоў.

Паводле яго слоў, стварэнне сквера стала своеасаблівай данінай павагі мясцовым жыхарам — ветэранам вайны і працы. Рэалізацыя ініцыятывы дазволіла ўвекавечыць памяць гэтых людзей. Сабраныя гістарычныя матэрыялы і ўспаміны зараз не пыляцца на паліцах шаф, а даступны для вывучэння кожнаму.

Сквер уяўляе сабой аформленую тратуарнай пліткай дарожку, уздоўж якой размешчаны стойкі з біяграфічнай інфармацыяй і фатаграфіямі людзей — жыхароў мікразоны, якія былі ўдзельнікамі баявых дзеянняў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У іх ліку — работнікі аўтазавода, а таксама школьныя настаўнікі. Усяго ўстаноўлена восем памятных таблiчак. У канцы сквера ўзведзены металічны макет зямнога шара з белым голубам на ім, як сімвал міру і спакою. Акрамя таго, на тэрыторыі навучэнцы і педагогі кампазіцыйна высадзілі дрэвы і кусты, аформілі клумбы, усталявалі дэкаратыўную агароджу. Кіраўніцтва навучальнай установы пераканана, што стварэнне сквера Памяці — значная і патрэбная справа.

— Тут нашы вучні, іх бацькі, жыхары мікрараёна змогуць яшчэ раз задумацца пра тое, наколькі важна памятаць урокі мінулага, а таксама ўшаноўваць памяць людзей, якія падарылі нам сённяшняе мірнае жыццё, — адзначыў А.В.Крамачоў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.