Стварыць айчынную школу навучання і выхавання дзяцей з РАС

- 10:49Актуальна, Апошнія запісы

Рэспубліканскі семінар-нарада “Аказанне дапамогі дзецям з расстройствамі аўтыстычнага спектра: стан і перспектывы” прайшоў з удзелам міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі і прадстаўнікоў міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, БелАДДІіМІ.

На базе Мінскага гарадскога ЦКРНіР, сярэдняй школы № 24 Мінска, 4-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі і Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка працавалі дыялогавыя пляцоўкі з удзелам спецыялістаў. Тэмы, якія яны абмяркоўвалі, атрымалі працяг на круглым стале з удзелам міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі.

“Сучасныя падыходы да стварэння сістэмы комплекснай дапамогі дзецям з РАС па­трабуюць больш цеснага ўзаемадзеяння адукацыйнай, сацыяльнай, медыцынскай сістэм, грамадскіх арганізацый і пераемнасці паміж імі пры рабоце з дзецьмі з РАС, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Узнікла неабходнасць развіцця сістэмы дапамогі дзецям з названымі парушэннямі на дзяржаўным узроўні, каб у Беларусі была створана айчынная школа навучання і выхавання дзяцей з РАС, склалася сістэма падрыхтоўкі кадраў”.

“Сістэма адукацыі рэспублікі забяспеч­вае рэалізацыю права кожнага грамадзяніна на адукацыю, незалежна ад наяўнасці ў яго парушэнняў, іх віду і ступені выяўленасці, — расказала начальнік Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Марыя Станіславаўна Кіндзірэнка. — Забяспечаны максімальны (99, 9) працэнт ахопу спецыяльнай адукацыяй або карэкцыйна-педагагічнай дапамогай асоб з АПФР. На 1 сакавіка бягучага года ў краіне налічваецца 2362 дзіцяці з РАС. У апошнія гады намаганні спецыялістаў былі накіраваны на вырашэнне пытанняў ранняга выяўлення і аказання дапамогі дзецям з РАС, стварэнне спецыяльных умоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу, у тым ліку забеспячэння персанальнага суправаджэння навучэнцаў, арганізацыю міжведамаснага ўзаемадзеяння”.

Застаецца і шэраг праблемных пытанняў, у першую чаргу забяспечанасць устаноў адукацыі адпаведнымі кадрамі і іх гатоўнасць да работы з дзецьмі з РАС. Адзначаюцца недастатковае валоданне спецыяльнымі ведамі і навыкамі работы з імі, складанасці пры арганізацыі персанальнага суправаджэння, неабходнасць уліку асаблівых адукацыйных патрэб, абумоўленых характарам парушэнняў пры РАС. Таму патрабуецца метадычнае суправаджэнне педагогаў на базе рэсурсных цэнтраў (у рэгіянальных ЦКРНіР і ІРА), арганізацыя своечасовага праходжання педагогамі павышэння кваліфікацыі, удасканаленне падрыхтоўкі педкадраў у цэлым да работы з дзецьмі з РАС. Ва ўстановах вышэйшай адукацыі ёсць магчымасць ва ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў (установамі адукацыі) прадугледжваць вывучэнне вучэбных дысцыплін, неабходных для фарміравання адпаведных прафесійных кампетэнцый. Разгляд адпаведных тэм павінен прадугледжвацца і пры рэалізацыі адукацыйных праграм перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, павышэння іх кваліфікацыі. Неабходна рыхтаваць навукова-педагагічныя кадры вышэйшай школы, якія займаюцца пытаннямі навучання дзяцей з РАС, пры гэтым развіваць адпаведную падрыхтоўку ў магістратуры, арганізоўваць стажыроўкі. Павінны быць унесены змены ў адукацыйныя стандарты і тыпавыя вучэбныя планы па педспецыяльнасцях вышэйшай адукацыі І ступені, накіраваныя на фарміраванне прафесійных кампетэнцый, якія забяспечваюць якасць адукацыі дзяцей з РАС і іншымі асаблівасцямі ў развіцці. Наступны блок пытанняў — навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыі асоб з РАС. Актуальнае пытанне — унясенне ў вучэбныя планы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі кірункаў карэкцыйных заняткаў і распрацоўка іх зместу для дзяцей з аўтызмам. Важна ствараць спецыяльныя ўмовы для навучэнцаў з РАС. Практычна ва ўсіх установах адукацыі ёсць зоны адпачынку, куткі адзіноты, аформлены індывідуальныя рабочыя месцы для навучэнцаў дадзенай катэгорыі. У адукацыйным працэсе шырока прымяняюцца сродкі альтэрнатыўнай і дадатковай камунікацыі. Але застаецца недастатковым узровень кваліфікацыі педагагічных работнікаў па выкарыстанні гэтых сродкаў. Такім чынам, на сёння распрацаваны праект дарожнай карты стварэння ў Беларусі айчыннай школы навучання і выхавання дзяцей з РАС на 2021—2025 гг., дзе прадстаўлены комплекс мерапрыемстваў па 7 асноўных кірунках: нарматыўнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, навукова-даследчая работа і праектная дзейнасць, адукацыя асоб з РАС, падрыхтоўка педагагічных работнікаў і спецыялістаў, работа з сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей з РАС, сацыяльнае партнёрства, міжведамаснае ўзаемадзеянне.

Рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук нагадаў, што ўніверсітэт з’яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў — удзельніц СНД па падрыхтоўцы, пера­падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. На працягу шэрага гадоў праблематыка навуковых даследаванняў супрацоўнікаў універсітэта і Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ тычылася ў тым ліку пытанняў, звязаных з навучаннем, выхаваннем і стварэннем умоў для дзяцей з РАС, аказаннем ім карэкцыйнай дапамогі. У рамках супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі ў 2019 годзе супрацоўнікамі інстытута выканана даследаванне па распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі. У 2021 годзе плануецца выкананне сумеснага праекта Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), БДПУ імя Максіма Танка і міжраённага цэнтра ранняга ўмяшання (на базе 19-й гарадской дзіцячай паліклінікі) па праблемах дзяцей з РАС. У далейшым, па словах А.І.Жука, актуальнымі будуць даследаванні ў наступных кірунках: арганізацыя кансультацыйнай дапамогі сям’і, якая выхоўвае дзіця з РАС, дыферэнцыяльная дыягностыка РАС, стварэнне інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя для асоб з РАС ранняга, дашкольнага і школьнага ўзросту, у тым ліку структура зместу адаптаванай адукацыйнай праграмы для такіх дзяцей, распрацоўка стратэгіі і тактыкі, выбар карэкцыйнага падыходу пры РАС.

Катэгорыя дзяцей з РАС неаднастайная, іх адукацыйныя маршруты варыятыўныя. Таму да работы па аказанні дапамогі і забеспячэнні іх якаснай адукацыі павінны прыцягвацца і педагогі-псіхолагі, і настаўнікі-дэфектолагі, і педагогі сацыяльныя, і настаўнікі, і выхавальнікі персанальнага або групавога суправаджэння. Усе яны павінны валодаць неабходнымі для гэтага кампетэнцыямі, якасны склад якіх у агульнай структуры прафкампетэнтнасці розных педагагічных работнікаў павінен быць варыятыўным. Варта гаварыц­ь пра 3 кірункі гэтай работы — падрыхтоўку настаўніка-дэфектолага, педагога-псіхолага і педагагічных работнікаў, якія забяспечваюц­ь адукацыйны працэс на ўзроўні дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі (выхавальнікаў і настаўнікаў-прадметнікаў). У цяперашні час ва ўніверсітэце рэалізуюцца стандарты 3-га пакалення і ў змест падрыхтоўкі настаўнікаў-дэфектолагаў на І ступені па спецыяльнасцях “Лагапедыя”, Алігафрэнапедагогіка”, “Сурдапедагогіка”, “Тыфлапедагогіка” ўключаны вучэбныя дысцыпліны, якія раскрываюць асаблівыя адукацыйныя патрэбы дзяцей з РАС, магчымасці іх навучання і аказання ім карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Падрыхтоўка педагогаў-псіхолагаў на І ступені ўключае сёння вучэбную дысцыпліну, у рамках якой вывучаецца спецыяльная псіхалогія. Але гэтага недастаткова. Пры распрацоўцы стандартаў і тыпавых вучэбных  планаў пакалення 3+ па спецыяльнасці “Практычная псіхалогія” ўнесены змяненні і дапаўненні, якія тычацца дзяцей з РАС. Падрыхтоўка на І ступені будучых педагогаў (выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, настаўнікаў усіх ступеней агульнай сярэдняй адукацыі) да работы з дзецьмі з РАС зараз ажыццяўляецца ў рамках вывучэння вучэбнай дысцыпліны “Тэорыя і практыка спецыяльнай адукацыі”. Але ў адукацыйныя стандарты 3+ і праекты тыпавых вучэбных планаў спецыяльнасцей профілю “Педагогіка” ўжо ўключаны 5 вучэбных дысцыплін, якія ўключаюць пытанні інклюзіі. Для магістратуры з 2018 года рэалізуецца адукацыйная праграма па спецыяльнасці “Інклюзіўная адукацыя” з прафілізацыяй “Карэкцыйная педагогіка”. Пры распрацоўцы новых адукацыйных стандартаў і тыпавых вучэбных планаў пакалення 3+ былі ўнесены дапаўненні, якія тычацца дзяцей з РАС. Плануем распачаць распрацоўку новай прафілізацыі па спецыяльнасці “Інклюзіўная адукацыя”, якая тычыцца пытанняў псіхолага-педагагічнай падтрымкі дзяцей з РАС і падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў. БДПУ імя Максіма Танка вядзе вялікую работу па дадатковай адукацыі дарослых па гэтых пытаннях. Важным інструментам у рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі з’яўляецца Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі, створаны ў 2017 годзе пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) на базе Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ.

Сярод задач на будучыню, якія агучыў А.І.Жук, — стварэнне айчыннай школы дапамогі і навучання дзяцей з РАС, распрацоўка варыятыўнага зместу вышэйшай педагагічнай адукацыі з улікам агульнай структуры прафкампетэнцыі ў розных педспецыяльнасцях. Важную ролю пры гэтым можа адыграць прафілізацыя “Псіхолага-педагагічная падтрымка дзяцей з РАС ва ўстанове адукацыі” па спецыяльнасці магістратуры “Інклюзіўная адукацыя”. Актуальным з’яўляецца змяненне падыходаў да вызначэння зместу псіхалагічнай адукацыі. Мэтазгодна распрацаваць прафілізацыю “Спецыяльная псіхалогія” спецыяльнасці “Інклюзіўная адукацыя”. Асаблівую значнасць набывае задача распрацоўкі зместу шматузроўневых праграм павышэння кваліфікацыі па тэме аказання дапамогі і навучання дзяцей з РАС для розных мэтавых груп педагогаў. І, нарэшце, стаіць задача па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі ва ўніверсітэтах і ўстановах дадатковай адукацыі дарослых.

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі — начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Мікалаевіч Лазар расказаў, што, паводле ацэнак экспертаў, да розных форм аўтызму схільна каля 1 працэнта насельніцтва. Распаўсюджанасць РАС складае 1 выпадак на 160 нованароджаных. Колькасць дзяцей з РАС расце, як і паказчыкі першаснай інваліднасці дзяцей з прычыны РАС. У апошнія гады змяніліся падыходы да арганізацыі дапамогі гэтым дзецям з акцэнтам на яе аказанне ў амбулаторных умовах. Дыягназ РАС устанаўліваецца ўрачамі псіхіятрамі-нарколагамі на аснове экспертнай ацэнкі вынікаў паглыбленай дыягностыкі. Чым раней будуць выяўлены адхіленні ў развіцці дзіцяці і яно трапіць да спецыялістаў, тым лепшымі будуць аддаленыя вынікі ў развіцці яго патэнцыяльных магчымасцей, у тым ліку ў сацыялізацыі і адаптацыі ў грамадстве. Пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі функцыянуе 40 цэнтраў ранняга ўмяшання, дзе працуе міждысцыплінарная каманда спецыялістаў. Іх асноўная задача — своечасовае выяўленне парушэнняў развіцця дзіцяці і яго рэабілітацыя шляхам рэалізацыі міждысцыплінарных праграм дапамогі дзецям і іх сем’ям. Гэта патрабуе ўзаемадзеяння і пераемнасці паміж установамі адукацыі і медыцыны, грамадскімі арганізацыямі, супрацоўніцтва ЦКРНіР і цэнтраў ранняга ўмяшання. Міністэрствам аховы здароўя сумесна з міністэрствамі адукацыі і працы і сацыяльнай абароны ў 2020 годзе распрацавана дарожная карта і алгарытм па аказанні комплекснай медыка-псіхолага-педагагічнай дапамогі дзецям ранняга ўзросту з АПФР. Распрацаваны і праходзіць узгадненне праект пастановы Міністэрства аховы здароўя аб парадку правядзення мерапрыемстваў па раннім умяшанні. Карэкцыйная работа з дзецьмі з аўтызмам носіць комплексны характар. Для кожнага такога дзіцяці неабходны індывідуальны падбор медыцынскіх, псіхолага-педагагічных стратэгій. Важным фактарам рэабілітацыі з’яўляецца ўдзел бацькоў і эфектыўнае ўзаемадзеянне спецыялістаў з найбліжэйшым асяроддзем дзіцяці, сямейнае кансультаванне. Сёння няма навукова даказаных звестак пра асноўныя прычыны аўтызму і няма цудадзейнай методыкі па пераадоленні гэтага парушэння. Але своечасовая спецыялізаваная дапамога дазволіць дасягнуць станоўчых вынікаў, бо другасныя праявы парушэння менш устойлівыя і ў большай ступені паддаюцца карэкцыі.

Начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Валер’евіч Такун нагадаў, што людзі з інваліднасцю, якія маюць паказанні да працоўнай дзейнасці, маюць патрэбу ў працы. Калі такога чалавека не атрымліваецца працаўладкаваць на адкрытым рынку працы, то дзяржавай могуць быць прадастаўлены дадатковыя гарантыі занятасці як самому чалавеку з інваліднасцю, так і яго наймальніку. Гэта можа быць браніраванне рабочых месцаў на прадпрыемствах. Для тых, у каго ёсць адукацыя (прафесія), але няма вопыту работы па ёй, дзейнічае праграма “Адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці”. Летась з’явілася новая паслуга — “працаўладкаванне пры супра­ваджэнні”, калі чалавеку з інваліднасцю дапамагае спецыяліст, які ажыццяўляе адвакатаванне яго інтарэсаў перад наймальнікам. Калі ж адукацыі ў чалавека з інваліднасцю няма, гэтае пытанне вырашаецца сумесна з установамі адукацыі. Зараз рыхтуецца закон аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі, у якім з’явіцца новая форма работы з гэтымі людзьмі. Напрыклад, павінен запусціцца механізм кватавання працоўных месцаў, калі кожная арганізацыя павінна будзе прыняць да сябе на работу пэўную колькасць людзей з інваліднасцю. Таксама павінен з’явіцца тэрмін “асістэнт інваліда”, які будзе працавац­ь з ім на ўсіх этапах вырашэння яго жыццёва важных пытанняў.

У рамках адкрытага мікрафона падчас круглага стала быў прадстаўлены праект дапамогі дзецям з аўтызмам па фарміраванні ў іх ключавых кампетэнцый з выкарыстаннем патэнцыялу бацькоў, раскрыта роля грамадскіх арганізацый і ЦКРНіР (як каардынатара міжведамаснага ўзаемадзеяння) у развіцці сістэмы аказання комплекснай дапамогі дзецям з РАС.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.