Стварыць базу адносін на будучыню

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з саветнікам Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джонам Болтанам прапанаваў шчыра і па-сяброўску абмеркаваць пытанні беларуска-амерыканскіх адносін.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў бакоў ужо ёсць пэўная гі­сторыя перазагрузкі двухбаковых адносін.

“Я прапанаваў бы абмеркаваць шчыра, нават па-сяброўску, усе пытанні нашых адносін. Няхай яны будуць непрыемнымі для Беларусі, але вы павінны іх абазначыць. Я таксама адкрыта і сумленна абазначу тыя пытанні, якія лічу патрэбным абазначыць перад вамі для далейшага нашага супрацоўніцтва, у тым ліку якія, можа, не вельмі прыемныя будуць для ЗША. Гэта дасць магчымасць стварыць нам тую базу адносін на будучыню, якая павінна быць паміж намі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Нягледзячы на ўсю шуміху, якая адбываецца вакол вашай паездкі, тут шмат станоўчага, асабліва для Беларусі. Станоўчае заключаецца ў тым, і нас ніхто ў гэтым не папракне (і вы, напэўна, ведаеце аб гэтым), што мы пастаянна з моманту пагаршэння нашых адносін з ЗША прапаноўвалі закрыць гэтую нядобрую старонку і пачаць з новага ліста нашы адносіны”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што візіт Джона Болтана ў Беларусь з’яўляецца гістарычным: “Такіх значных высокапастаўленых фігур (з ЗША. — Заўв. БелТА.) у Беларусі не было даўно. І ў гэтым таксама гістарычнасць гэтага візіту”.

Акрамя таго, да цяперашняга візіту ў Беларусі пабывалі многія эксперты і спецыялісты з ЗША. “Я асабіста з імі сустракаўся, вёў размовы на розныя тэмы нашых узаемаадносін. І гэта сведчыць аб тым, што ў нас ёсць некаторая гісторыя перазагрузкі адносін”, — адзначыў беларускі лідар.

Саветнік Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан у сваю чаргу прапанаваў Прэзідэнту Беларусі абмеркаваць пытанні рэгіянальнай бяспекі і двухбаковага супрацоўніцтва, выказаўшы меркаванне, што бакам удасца знайсці агульную мову.

“Лічу, гэта вельмі добрая магчымасць правесці размову па некалькіх вельмі важных тэмах — рэгіянальнай бяспекі, двухбаковага супрацоўніцтва, — сказаў Джон Болтан. — Ёсць некалькі пытанняў, якія вельмі цікавяць ЗША: правы чалавека, нераспаўсюджванне зброі. Я згодны з вамі, што мы павінны быць максімальна адкрытыя па гэтых тэмах. Думаю, мы зможам знайсці агульную мову”.

Джон Болтан таксама адзначыў значныя змяненні, што адбыліся ў адносінах паміж Беларуссю і ЗША, і назваў тэмы, якія хацеў бы абмеркаваць у час свайго візіту. “Гісторыя не стаіць на месцы. Мінула даволі шмат часу з распаду Савецкага Саюза, геапалітычная сітуацыя змянілася. Яна мяняецца нават у час нашай размовы. Таму ёсць рэгіянальныя пытанні, ёсць пытанні, звязаныя з краінамі, якія геаграфічна знаходзяцца далёка адсюль, але яны таксама ўплываюць на сітуацыю тут. Гэта мы таксама хацелі б абмерка­ваць з вамі”, — растлумачыў ён, дадаўшы, што з нецярпеннем чакае магчымасці абмяняцца думкамі па гэтых пытаннях з Прэзідэнтам Беларусі.

Пасля сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы саветнік Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан у размове з журналістамі ахарактарызаваў сустрэчу як вельмі важную.  “У нас была вельмі доўгая дыскусія з Прэзідэнтам Беларусі (прыкладна 2 га­дзіны 15 мінут). Яна ахапіла вельмі шырокія тэмы — палітыку, эканоміку, пытанні бяспекі як у рэгіёне, так і ва ўсім свеце. Гэта была вельмі важная сустрэча. Вядома, мы не прыйшлі да нейкіх канкрэтных рашэнняў на ёй, але было вельмі важна абмеркаваць усе гэтыя пытанні”, — сказаў саветнік Прэзідэнта ЗША.

Джон Болтан адзначыў, што ў Беларусі і ЗША ёсць пэўныя складанасці ў адносінах і адпаведныя пытанні абмяркоўваліся на сустрэчы. Яшчэ адной тэмай для размовы была новая геапалітычная рэаль­насць у рэгіёне і магчымасці сумеснай работы ў гэтых адносінах.

Адказваючы на пытанне БелТА аб тым, ці абмяркоўвалася магчымасць аднаўлення дыпламатычнага прадстаўніцтва паміж Беларуссю і ЗША на ўзроўні паслоў, саветнік амерыканскага прэзідэнта сказаў: “Мы не абмяркоўвалі гэтае пытанне. Як вы ведаеце, у нас былі складаныя моманты ў двухбаковых адносінах, і нам трэба бачыць прагрэс у пэўных сферах для таго, каб у нас быў прагрэс у аднаўленні дыпламатычнага прадстаўніцтва. Я прыехаў сюды без намеру даць адказы на такія пытанні. Але я вельмі ўдзячны прэзідэнту за магчымасць сустрэчы і правядзення вельмі цікавай і важнай дыскусіі”.

Мінск і Вашынгтон супрацоўнічаюць у галінах супадаючых інтарэсаў і па пытаннях бяспекі. Адноўлены дыялог у ваеннай сферы, па лініі аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, прафесійных абменаў. У сакавіку 2019 года амерыканскі бок быў праінфармаваны аб адмене абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў Пасольства ЗША.

Дзейнічаюць міжурадавыя пагадненні ў галіне эканамічнага супрацоўніцтва, садзейнічання банкаўскай дзейнасці і ў іншых сферах. У маі 2019 года падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж Дзяржпагранкамітэтам, ДМК, МУС, Следчым камітэтам і Агенцтвам па барацьбе з наркотыкамі Міністэрства юстыцыі ЗША.

Да 2008 года Злучаныя Штаты заставаліся адным з асноўных эканамічных партнёраў Беларусі. Пасля перыяду скарачэння з 2011 года аб’ёмы гандлю з ЗША стабілізаваліся. Вашынгтон прымяняе абмежавальныя меры тарыфнага характару ў адносінах да некаторых катэгорый беларускага экспарту.

Па выніках 2018 года тавараабарот дасягнуў $711,6 млн (117,6 працэнта да ўзроўню 2017 года), экспарт — $274,4 млн (121,7 працэнта), імпарт — $437,2 млн (115,3 працэнта). Экспарт паслуг у ЗША ў 2018 годзе склаў $712,1 млн, дзе пераважаюць распрацоўкі рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. У студзені — чэрвені 2019 года тавараабарот склаў $478 млн (144,7 працэнта да студзеня — чэрвеня 2018 года), а экспарт паслуг — $438,9 млн (139,1 працэнта).

Па выніках 2018 года з ЗША паступіла інвестыцый на суму $71,8 млн, у тым ліку $54,5 млн прамых.