Для дасягнення Мэт устойлівага развіцця (МУР) трэба ў поўнай меры рэалізаваць патэнцыял дзяржавы, грамадства і кожнага чалавека. Такое меркаванне выказала намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Марыяна Шчоткіна на Міжнароднай канферэнцыі “Жаночае прадпрымальніцтва як фактар устойлівага развіцця”.
На думку нацыянальнага каардынатара, дасягненне МУР магчыма ў тым выпадку, калі аб’ядноўваюць свае намаганні ўрад, заканадаўцы, грамадзянская супольнасць, бізнес-супольнасць. “Абавязковая ўмова — партнёрства, салідарнасць”, — упэўнена Марыяна Шчоткіна. Яна дадала, што канферэнцыя якраз і накіравана на тое, каб аб’яднацца для вырашэння надзённых пытанняў, наладзіць больш трывалыя камунікацыйныя сувязі. Галоўнае пытанне, на якое трэба будзе адказаць удзельнікам форуму, — што трэба зрабіць для таго, каб у краіне былі створаны больш камфортныя ўмовы для жаночага прадпрымальніцтва, каб жаночая бізнес-сетка працавала больш эфектыўна, у тым ліку па аказанні ўзаема-дапамогі.
“Кожная рэгіянальная арганізацыя БСЖ стварыла пляцоўку для жаночага бізнесу. Калі мы, жанчыны, хочам развіваць і ўмацоўваць эканоміку, ствараць рабочыя месцы, быць шырэй прадстаўленымі ў сферы прыняцця рашэнняў — трэба стаць больш актыўнымі, працаваць разам”, — упэўнена намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.
Апошнім часам у Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца жаночаму прадпрымальніцтву. Марыяна Шчоткіна, выступаючы перад журналістамі, адзначыла, што ў пытаннях забеспячэння занятасці жанчын, у тым ліку ў прадпрымальніцтве, важная падтрымка дзяржавы. Яна выказала надзею на тое, што па выніках канферэнцыі будуць выпрацаваны рэкамендацыі для магчымых змяненняў у нацыянальным заканадаўстве.
Беларусь адыгрывае лідзіруючую ролю ў пашырэнні ўдзелу жанчын у эканоміцы, заявіў на канферэнцыі намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар.
Закары Тэйлар адзначыў высокі ўзровень адукацыі беларускіх жанчын, іх удзелу ў жыцці грамадства. “Наш праект накіраваны на тое, каб прадаставіць жанчынам фінансавыя рэсурсы, стартавы капітал для арганізацыі ўласнага бізнесу ў Мінску і ў рэгіёнах рэспублікі, — растлумачыў ён. — Ёсць вялікая колькасць крыніц фінансавання гэтага напрамку. Напрыклад, ПРААН працуе з Еўрасаюзам у галіне мясцовага развіцця (праекты на 10 млн еўра), з Расійскай Федэрацыяй па сацыяльным прадпрымальніцтве (на 2 млн долараў)”.
“Ёсць магчымасць скарыстацца даступнымі міжнароднымі рэсурсамі, аб’яднаць іх з унутранымі фінансамі, каб прадаставіць жанчынам танныя рэсурсы для рэалізацыі перспектыўных бізнес-ідэй”, — лічыць Закары Тэйлар. Прычым намаганні павінны быць сканцэнтраваны не столькі на буйным бізнесе, колькі на падтрымцы малога прадпрымальніцтва, у першую чаргу ў рэгіёнах.
Удзельнікі канферэнцыі разгледзелі пытанні дзяржпадтрымкі жаночага прадпрымальніцтва: стымуляванне занятасці і самазанятасці, пашырэнне доступу да фінансавых рэсурсаў. Яшчэ адна важная тэма для абмеркавання — жаночае сацыяльнае прадпрымальніцтва ў кантэксце інклюзіі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На мерапрыемстве быў прадстаўлены нямецкі вопыт у пытаннях кіруючай ролі жанчын у дасягненні Мэт устойлівага развіцця.