Стварыць уласны адукацыйны брэнд

- 9:20Планёрка ў рэгіёне

Для амаль 6 тысяч навучэнцаў Вілейскага раёна 1 верасня адчыняць дзверы 20 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 19 устаноў дашкольнай адукацыі. Аб дасягненнях сістэмы і планах на будучыню расказаў начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Вілейскага райвыканкама Аляксандр Часлававіч ПУЦЭЙКА.

— Падрыхтоўка да новага навучальнага года ў раёне вялася на працягу апошніх трох месяцаў, — заўважыў Аляксандр Часлававіч. — Зроблена нямала: бягучыя і капітальныя рамонты, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый і спартыўных стадыёнаў, набыты сродкі навучання і вучнёўская мэбля. Пры фінансавай падтрымцы Сусветнага банка ў рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі” завершана першая чарга рэканструкцыі Даўгінаўскай сярэдняй школы. Да пачатку навучальнага года будуць адкрыты футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём на тэрыторыі сярэдняй школы № 1 і баскетбольна-валейбольная пляцоўка са штучным пакрыццём у сярэдняй школе № 5 Вілейкі.

— Раскажыце, калі ласка, пра дасягненні навучэнцаў раёна за апошні час.

— За апошнія 3 гады атрыманы 71 дыплом на абласным этапе і 13 дыпломаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Стабільна высокія вынікі дэманструюць навучэнцы гімназіі № 1 “Логас”, гімназіі № 2, сярэдняй школы № 3 Вілейкі. Па выніках рэспубліканскага конкурсу навуковых края­знаўчых работ навучэнцаў дыпломам I ступені ўзнагароджаны дзесяцікласнік Вілейскай гімназіі № 2 Уладзіслаў Хмарэнка. Яго падрыхтаваў настаўнік беларускай мовы і літаратуры настаўнік-метадыст Віктар Віктаравіч Кажура. Па выніках рэспубліканскага этапу 50-га Міжнароднага маладзёжнага конкурсу сачыненняў эпісталярнага жанру 1-е месца прысу­джана вучню Нарацкай сярэдняй школы Глебу Клімовічу (кіраўнік — Кацярына Сяргееўна Пляско, настаўніца беларускай мовы і літаратуры). Работа Глеба сёлета прадставіла Беларусь на міжнародным этапе конкурсу ў Берне (Швейцарыя). Педагогі Вілейскага раёна таксама ўнеслі свой уклад у распрацоўку адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу краіны.

— Якая інавацыйная і педагагічная дзейнасць ажыццяўляецца ў раёне?

— У 2021/2022 навучальным годзе плануецца рэалізацыя 6 інавацыйных і 7 педагагічных праектаў. Распрацаваны 14 гуманітарных праектаў, якія будуць рэалізаваны пры наяўнасці замежных спонсараў. У мінулым навучальным годзе завяршыўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара” ў Вілейскай гімназіі № 2. Прызнаны паспяховым і прапанаваны да распаўсюджвання педагагічны вопыт ясляў-сада № 11 Вілейкі “Метадычнае суправаджэнне працэсу фарміравання інклюзіўнай культуры ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ва ўмовах рэсурснага цэнтра”.

— Як арганізавана профільнае навучанне і прафесійная падрыхтоўка ў вашым раёне?

— Назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці навучэнцаў, якія вывучаюць асобныя прадметы на павышаным узроўні на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Для навучэнцаў 10—11 класаў у раёне функцыянуюць 1 клас і 5 груп педагагічнай накіраванасці і 2 групы аграрнай накіраванасці. У мінулым навучальным годзе 74 навучэнцы 10 класа і 76 навучэнцаў 11 класа асвойвалі адукацыйную праграму прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” па 8 спецыяльнасцях. Кантынгент навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі фарміруецца ў адпаведнасці з іх запытамі, магчымасцямі ўстаноў адукацыі і з улікам запатрабаванасці ў раёне спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Так, у 2021/2022 навучальным годзе на базе Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа бу­дзе арганізавана прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў па спецыяльнасці “Жывёлавод” (12 чалавек), на базе Вілейскага дзяржаўнага каледжа навучанне будзе весціся па спецыяльнасці “Слесар па рамонце сельскага­спадарчых машын і абсталявання” (22 вучні 10 класа, 15 вучняў 11 класа).

— Якая ўвага ўдзяляецца выхаваўчай рабоце, шматбаковаму развіццю навучэнцаў?

— Адным з сапраўдных цэнтраў выхавання любові да сваёй Айчыны і яе гісторыі з’яўляюцца школьныя музеі. У 14 агульнаадукацыйных уста­новах раёна функцыяну­юць 15 музеяў па 5 профілях, пераважна края­знаўчага кірунку. Наша гордасць — народны края­знаўчы музей “Ільянскія далягляды” і народны літаратурны музей “Вілейшчына літаратурная” Ільянс­кай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця. Аб шматбаковым развіцці вучняў сведчаць іх дасягненні. У фінальным спаборніцтве рэспубліканскай інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “Акцябрацкі квіз” у бягучым годзе каманда сярэдняй школы № 5 Вілейкі заняла 2-е месца. У лютым 2021 года прайшоў фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У каманду Мінскай вобласці ўвайшлі навучэнцы нашага раёна. Штогод значных поспехаў дасягаюць навучэнцы раёна ў рэспублікан­скай спартакіядзе навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт”. Так, у бягучым годзе ў XIX Рэспубліканскай спартакіядзе ў кірунку “Суднамадэль­ны спорт” навучэнцы Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяце­й і мола­дзі ўзнагаро­джаны дыпломамі I, ІІ і ІІІ ступені. У кірунку “Ракетамадэльны спорт” Яўген Міклуш заваяваў дыплом ІІІ ступені. Па выніках спаборніцтваў сярод юнакоў старэйшай узроставай групы Яўген Кузьміч, навучэнец Вілейскай гімназіі № 1 “Логас”, заняў 3-е месца. У рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэн­скай моладзі “ТэхнаІнтэлект” дыплом І ступені заваяваў Аляксандр Шышко, навучэнец Нарацкай сярэдняй школы. У абласным фестывалі-конкурсе “Дзівосны свет дзяцін­ства” калектыў ДЦРД Вілейкі заваяваў прызавыя дыпломы.

— Ці адбываюцца ў сістэме адукацыі Вілейскага раёна брэндавыя мера­прыемствы?

— Працягвае сваю дзейнасць клуб “Сябры Новага тэатра”, створаны ў 2016 го­дзе. Каардынатарам праекта з’яўляецца настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Вілейкі Алеся Аліеўна Валчкова. У яе су­праваджэнні навучэнцы ўстаноў адукацыі не проста наведваюць (4—5 разоў у год) спектаклі Новага драматычнага тэатра Мінска, але і абмяркоўваюць іх у сценах тэатра з майстрамі сцэны. Штогод, пачынаючы з 2007 года, у летнія месяцы праходзіць водная экспедыцыя “Шляхам графа Канстанціна Тышкевіча”. Сёлета экспедыцыя адбылася ў ліпені з удзелам дарослых і дзяцей Вілейскага, Смаргонскага, Мінскага, Навагрудскага раёнаў і Мінска. Узначаліў групу яе нязменны кіраўнік, заўзяты турыст і нястомны энтузіяст Міхаіл Петух, педагог раённага цэнтра дадатковай адукацыі, кіраўнік дзіцячага турыстычнага клуба “Чарапашкі”. Падарожжа было прысвечана 165-годдзю краязнаўча-этнаграфічнай экспедыцыі графа Канстанціна Тышкевіча па рацэ Віліі, па выніках якой была выдадзена кніга “Вілія і яе берагі”. У раёне штогод з 2011 года праходзіць раённы пленэр юных мастакоў, прысвечаны акадэміку, мазаісту, жывапісцу, нашаму земляку Н.Ю.Сілівановічу. Сёлета пленэр прысвячаўся памяці знакамітых людзей Вілейшчыны і 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Надзея ЦЕРАХАВА.