Стварыць умовы для паспяховай інтэграцыі

- 17:18Рознае, Спецыяльная адукацыя

З 2008 года ў сярэдняй школе № 12 Мінска было арганізавана інтэграванае навучанне і выхаванне дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату па праграме агульнаадукацыйнай школы для такіх дзяцей. Магчымасць для іх вучыцца разам са звычайнымі равеснікамі — гэта магчымасць паспяхова сацыялізавацца і адаптавацца ў грамадстве. Абавязковая ўмова пры гэтым — стварэнне адаптыўнага асяроддзя.

Для навучання такіх дзяцей у нашай школе (іх у нас 20) прадугледжаны ўсе ўмовы, у тым ліку створана безбар’ернае асяроддзе на вуліцы, у калідорах і класах. Спецыяльна абсталяваны падыходы і пад’езды да школы, пандусы, санітарныя пакоі. Працуе ліфт, таму дзецям няцяжка падняцца ў кабінет, спусціцца ў сталовую.

За кожным класам інтэграванага навучання і выхавання, як у пачатковым, так і ў старшым звяне, замацаваны асобны кабінет, абсталяваны сучаснымі магнітнымі дошкамі, на якія (побач з прамым іх выкарыстаннем для пісьма крэйдай) з дапамогай магнітаў прымацоўваюцца наглядныя і тэхнічныя сродкі навучання. У класах створана даступная развіццёвая прастора: спецыяльная аднамесная вучэбная мэбля, спецыяльныя прыстасаванні для навучання (павялічаныя ў памерах ручкі і алоўкі, а таксама спецыяльныя накладкі да іх, якія дазваляюць утрымліваць ручку і маніпуліраваць ёй, лінейкі).
Як правіла, у пачатку навучальнага года вызначаецца ўзровень моўнай падрыхтаванасці кожнага вучня: наколькі багаты яго слоўнікавы запас, якія ў яго асаблівасці ўжывання граматычных сродкаў мовы, як развіта звязнае маўленне, вызначаецца ступень сфарміраванасці навыку пісьма. Гэтыя звесткі з’яўляюцца асновай арганізацыі індывідуальнай карэкцыйнай работы. Настаўнік-дэфектолаг знаёміцца з картай індывідуальнага развіцця дзіцяці, вывучае даныя агляду вузкіх спецыялістаў, заключэнне псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі. З анкеты, якую запаўняць бацькі, педагог даведваецца агульныя звесткі пра дзіця, яго эмацыянальнае развіццё, пра асаблівасці выхавання, узаемаадносіны ў сям’і, схільнасці, інтарэсы. Дадаткова праводзіцца абследаванне па наступных крытэрыях: узровень развіцця агульнай маторыкі; узровень развіцця дробнай маторыкі; захаванасць зрокавага аналізатара; здольнасць да ўзаемадзеяння; сфарміраванасць пазітыўных адносін да школы і вучобы.

З улікам вынікаў псіхолага-педагагічнай дыягностыкі вучняў настаўнік-дэфектолаг для кожнага дзіцяці складае індывідуальны вучэбны план. У старшай школе з такімі дзецьмі працуюць яшчэ і настаўнікі-прадметнікі. Змест кожнай агульнаадукацыйнай дысцыпліны ў інтэграваным класе такі ж, як і ў звычайнай школе. Але, улічваючы асаблівасці рухальных і маўленчых парушэнняў у вучняў, навучанне матэматыцы, рускай і беларускай мовам, адаптыўнай фізічнай культуры, працоўнаму навучанню нязначна адрозніваецца ад навучання звычайных дзяцей. Справа ў тым, што навыкі пісь ма ў дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату фарміруюцца вельмі рэдка. Улічваючы, што ў вучняў неаднолькавы ўзровень здольнасцей, розны тэмп засваення ведаў, адукацыйны працэс з імі арганізуецца на падставе індывідуальнага і дыферэнцыраванага падыходаў, а вучэбная нагрузка рэгулюецца на розных этапах урока ў адпаведнасці з магчымасцямі кожнага дзіцяці. З улікам ступені развіцця маўленчых функцый і дробнай маторыкі дзяцей настаўнікі-дэфектолагі падбіраюць заданні, розныя па аб’ёме і ўзроўні складанасці, якія маюць развіццёвыя і вучэбныя задачы. Адны заданні выконваюцца пісьмова — на картках альбо ў сшытках, з іншымі вучні працуюць на камп’ютары, што значна аблягчае работу.
Асаблівасці развіцця мыслення вучняў патрабуюць прымянення ў навучанні разнастайнага нагляднага матэрыялу — чарцяжоў, схем, малюнкаў. Важная роля пры гэтым адводзіцца фарміраванню геаметрычных уяўленняў. Асаблівая ўвага на занятках удзяляецца прадметна-практычнай дзейнасці дзяцей, якая паглыбляе іх веды аб навакольным свеце, фарміруе ўяўленні аб прасторы і часе, а таксама развівае графічныя навыкі. Пасля 20 хвілін заняткаў на кожным уроку праводзіцца 5-хвілінная фізкультпаўза з уключэннем лячэбна-карэкцыйных мерапрыемстваў.

Прымяненне разнастайных камп’ютарных вучэбных гульняў, камп’ютарных праграм дае магчымасць станоўча ўплываць на эмацыянальны стан дзяцей пры цяжкай для іх рабоце над маўленнем, а выкарыстанне тэкставых рэдактараў выключае стамляльнае перапісванне, ёсць магчымасць хутка і без праблем выправіць дапушчаныя памылкі і закончыць работу. Пры рабоце з клавіятурай развіваецца прасторавая арыенціроўка.
Настаўнік-дэфектолаг цесна супрацоўнічае з настаўнікамі-прадметнікамі. Ён часта прысутнічае на іншых уроках і бачыць, як ідзе працэс навучання дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, пры неабходнасці дае рэкамендацыі настаўнікам-прадметнікам. Менавіта ў нашай школе распрацаваны рэкамендацыі па арганізацыі карэкцыйна-педагагічнай работы на ўроку і дома з вучнямі гэтай катэгорыі. Важную ролю ў стварэнні спрыяльных умоў для адаптацыі дзяцей мае гуртковая дзейнасць, якая накіравана на рэалізацыю інтарэсаў дзяцей і ў той жа час мае карэкцыйны характар: развіццё дробнай маторыкі, звязнага маўлення, фанематычнага слыху, фарміраванне ўстойлівасці зрокавай увагі.
Важна, каб настаўнікі памяталі пра псіхафізічныя асаблівасці такіх дзяцей і ўлічвалі іх пры вызначэнні інтэлектуальных і фізічных нагрузак для вучняў, пры ацэнцы іх дасягненняў, а таксама выкарыстоўвалі спецыяльныя прыёмы навучання, асабліва на пачатковых этапах. Адаптацыя дзяцей у школе адбываецца значна лягчэй, калі пры гэтым задзейнічаны ўсе ўдзельнікі выхаваўча-адукацыйнага працэсу: настаўнікі і выхавальнікі, педагог-псіхолаг і настаўнік-дэфектолаг, медыцынскі персанал і бацькі. Неабходна, каб работа з дзецьмі вялася сістэмна і комплексна.

Важна ў дзіцячым калектыве сфарміраваць атмасферу талерантнасці і эмпатыі. У нашай школе дзеці з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату вучацца толькі ў тых класах, дзе ў вучняў добрая паспяховасць, дысцыпліна і ўзаемаадносіны.
Звычайныя вучні актыўна дапамагаюць сваім сябрам перайсці з аднаго кабінета ў другі ці ў сталовую, скласці ў партфель школьныя прылады, запісаць дамашняе заданне і г.д. У дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату ёсць шмат магчымасцей для ўключэння ў адукацыйны працэс нараўне са здаровымі дзецьмі. Яны вядуць актыўны лад жыцця, прымаюць удзел у розных конкурсах, пішуць артыкулы, вершы, удзельнічаюць у гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, дзе займаюць прызавыя месцы, наведваюць розныя школьныя і пазашкольныя гурткі, басейн, арганізуюць экскурсіі, займаюцца іпатэрапіяй. Усе яны, як і звычайныя дзеці, радуюцца поспехам і перажываюць няўдачы.
Важнае месца ў рабоце з імі належыць бацькам. У час правядзення дзён адкрытых дзвярэй бацькі атрымліваюць індывідуальныя кансультацыі. Яны даведваюцца аб той прававой дапамозе, якую ім можна аказаць, прымаюць удзел у семінарах, знаёмяцца з папкамі асабістых дасягненняў іх дзяцей, а таксама ўзаемадзейнічаюць з іншымі арганізацыямі, якія могуць ім у нечым дапамагчы. Пры падтрымцы руху “Анёлы дабрыні” ў школе штогод праходзіць свята “Дні дабрыні” з удзелам зорак беларускай эстрады і прадстаўнікоў СМІ.

На жаль, працэс навучання і выхавання вучняў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату не абыходзіцца без праблем. Так, адсутнічаюць спецыяльныя праграмы для работы з такімі дзецьмі, мала спецыяльнай літаратуры, а школьныя падручнікі не адаптаваны для іх навучання. Недастаткова спецыяльных прылад і інвентару для работы з вучнямі. У штатным раскладзе адсутнічае пасада медработніка. Памочнік выхавальніка толькі адзін на некалькі вучняў, а з-за цяжкасці парушэнняў дапамога неабходна кожнаму дзіцяці. Няма пераемнасці і паміж навучальнымі ўстановамі. Не ў кожным каледжы могуць прыняць на вучобу нашых дзяцей і стварыць для гэтага неабходныя ўмовы.
Але мы глядзім у будучыню з аптымізмам. У дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату ёсць магчымасць дасягнуць поспехаў у жыцці і выдатных вынікаў. Толькі не трэба адчайвацца, а трэба заўсёды імкнуцца да пастаўленай мэты.

 

Іна ЯЎСЕЙЧЫК,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 12 Мінска.