Створана дарожная карта па маніторынгу дасягнення мэт развіцця ў Беларусі

Аб распрацоўцы адпаведнага дакумента паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Гэта стратэгічны дакумент, які складаецца з 6 асноўных раздзелаў, што прадугледжваюць стварэнне механізмаў для супрацоўніцтва, прадстаўленне справаздачнасці па паказчыках МУР, нарошчванне патэнцыялу і распаўсюджванне статыстыкі па Мэтах устойлівага развіцця. У найбліжэйшы час дарожная карта будзе размешчана на сайце Белстата.

З 1 студзеня 2016 года Белстат актыўна падключыўся да глабальнай статыстычнай работы — арганізацыі маніторынгу Мэт устойлівага развіцця Беларусі. У цесным супрацоўніцтве з рознымі ведамствамі сфарміравана нацыянальная сістэма паказчыкаў для маніторынгу дасягнення МУР. Гэты пералік уключае 255 паказчыкаў, прызнаных актуальнымі для Беларусі, з іх 131 адпавядае глабальнаму пераліку МУР, яшчэ 94 паказчыкі заменены або дапоўнены ўскоснымі (так званымі проксі).

Выканаўцамі даных па паказчыках МУР вызначаны 26 дзяржаўных органаў і арганізацый, а ключавым з’яўляецца сам Белстат. Іх агульная задача — вызначыць парогавыя значэнні мэтавых паказчыкаў для краіны і распрацоўваць новыя дзяржаўныя праграмы, стратэгіі і планы, актуалізаваць дзеючыя праграмы з улікам глабальных мэт і індыкатараў.

Белстат ушчыльную падышоў да стварэння нацыянальнай платформы па прадстаўленні справаздачнасці па МУР. Яна стане асноўным інструментам для маніторынгу і распаўсюджвання даных аб індыкатарах МУР: будзе забяспечваць збор даных, іх кантроль, захоўванне і абарону інфармацыі, распаўсюджванне даных і метаданых. Нацыянальную платформу запусцяць у канцы 2018 года.

Кожны грамадзянін можа паўдзельнічаць у абмеркаванні пытанняў устойлівага развіцця і ўнесці прапановы па паказчыках нацыянальнага пераліку на сайце Белстата. Для гэтага арганізавана зваротная сувязь.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *