Створана дзяржкамісія па кантролі за ходам уступных іспытаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 сакавіка падпісаў Указ № 121 “Аб арганізацыі ўступнай кампаніі ва ўстановах адукацыі ў 2018 годзе”. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакументам створана дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў бягучым годзе, вызначаны яе паўнамоцтвы.

У склад камісіі ўключаны члены ўрада і Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, работнікі кантралюючых органаў. Старшынёй камісіі назначаны намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко.

Камісія будзе забяспечваць кантроль за падрыхтоўкай і правядзеннем цэнтралізаванага тэсціравання, іншых форм уступных іспытаў, прадастаўленнем абітурыентам роўных магчымасцей пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У яе абавязкі будзе ўваходзіць прыняцце мер па ўстараненні парушэнняў заканадаўства, якое рэгулюе арганізацыю і правядзенне прыёму ў навучальныя ўстановы, асвятленне ўступнай кампаніі ў сродках масавай інфармацыі, а таксама прыём грамадзян па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў.